25.10.20

Малы шлях - шлях да Езуса праз Марыю.

 Галоўная мэта гэтай публікацыі ў тым, каб дапамагчы асобам, якія рыхтуюцца да акту прысвячэння Езусу праз Марыю па методыцы святога Людвіка-Марыі Грыньёна дэ Манфора.

Дзякуючы пададзеным тэкстам ты можаш свабодна крочыць гэтым шляхам з дапамогай Біблійных чытанняў і твораў дэ Манфора. Гэта дасць магчымасць пазбегнуць нуднай неабходнасці шукаць патрэбныя тэксты ў розных крыніцах.

На кожны дзень у цябе будзе чытанне з Бібліі і чытанне св. Людвіка дэ Манфора. Ты можаш таксама працягнуць сваю малітву з дапамогй іншых чытанняў, якія табе падыходзяць. Гэтыя разважанні і штодзённыя малітвы, крок за крокам, павядуць цябе да 34 дня, таго важнага дня, які ты выбраў для прысвячэння. У гэтай кнізе няма дадатковых каментароў, тваё крочанне, паўтару яшчэ раз, гэта асабістае крочанне як вынік твайго асабістага заангажавання. 

Добра таксама ведаць таго, хто падараваў нам “Таямніцу Марыі”, “Трактат аб сапраўдным ушанаванні да Найсвяцейшай Дзевы”  і “Любоў Спрадвечнай Мудрасці” (больш можна прачытаць таксама, перайшоўшы па спасылцы https://ludvik-de-manfor.blogspot.com/). Людвік Грыньён нарадзіўся ў Брэтані, у Манфоры, у 1673 годзе. Памёр у 1716 годзе ва ўзросце 43 гадоў, вычарпаны апостальскай працай і хваробай.

У 2016 годзе споўнілася 300 гадоў з дня яго смерці. Ушанаванне Марыі прывяло яго да святасці. Можа таксама прывесці і нас. Гэта «Малы шлях Манфора», які можна таксама назваць  «Малым марыйным шляхам Манфора».

Уфармаваны Францускай Школай кардынала Берулія, ён распачаў практыку ўшанавання Марыі з таго, што дадаў імя МАРЫЯ да Людвіка і назву Манфор да свайго прозвішча, каб пазначыць пабожнасць, якую павінен мець кожны хрысціянін: трымаць абяцанні святога хросту; адсюль і назва мясцовасці, дзе яго ахрысцілі: Манфор-сюр-Мэу.

Ёсць шмат вялікіх святых, якія ўчынілі акт прысвячэння Езусу праз Марыю, такія, як напрыклад, айцец Максіміліян Кольбэ, Марта Робін, Фрэнк Даф і Эдэль Куін, святы Ян Павел II, які быў кананізаваны напярэдадні свята святога Людвіка-Марыі Грыньёна дэ Манфора, 27 красавіка 2014 г.

Шматлікія рухі выбралі шлях марыйнай духоўнасці Манфора, напрыклад, Легіён Марыі, Цэнтры міласэрнасці і шматлікія мужчынскія і жаночыя кангрэгацыі.

Сёння марыйны аспект з’яўляецца часткай усіх рэлігійных супольнасцяў, нават, калі іх заснавальнікі кіруюцца іншай духоўнасцю: убогасць у Францысканцаў, Крыж у Езуітаў і Кармелітаў, Езус міласэрны ў Уршулянак святой Фаўстыны, Марыя ў Дамініканскай сям’і. Яна таксама існуе ў новых сучасных супольнасцях, такіх як Супольнасць Святога Яна, нэа-катэхумэнальныя супольнасці, Факаляры, Брацтва Нотр-Дам дэ Франс, 18 супольнасцяў, заснаваных блаславёным Ганаратам Казьміньскім, малыя сёстры і браты Баранка, і г.д.

Тады, чаму не я? Чаму я таксама не магу ісці за прыкладам св. Яна Паўла II, які адважыўся на падарожжа ў Францыю ў 1996 годзе, каб прыехаць і стаць на калені перад магілай святога Людвіка-Марыі.

Трэба таксама звярнуць увагу на тое, што гаворка ідзе не пра прысвячэнне Марыі, але пра прысвячэнне сябе самога Езусу праз Марыю. Мы згубілі сапраўдную назву “Трактату” Манфора. У нумары 227: «у першай частцы гэтай падрыхтоўкі на надыходу Валадарства Езуса Хрыста», Манфор настойлівае, каб сказаць, што гаворка ідзе менавіта пра падрыхтоўку да надыходу Валадарства Езуса Хрыста. Езус прасіў нас быць дасканалымі, як і Яго Айцец дасканалы. Тое, што нам прапаноўвае Манфор, гэта адзін са шляхоў да святасці, які вядзе да Езуса, але праз Марыю. Гэта спосаб, каб лепш жыць у еднасці з Богам. Ён запрашае нас пазнаць Езуса Хрыста, Спрадвечную і Ўцелаўлёную Мудрасць (назва яго першага твору, напісанага ў 1703 годзе).

 

ДЛЯ КАГО ПРЫЗНАЧАНА ПРЫСВЯЧЭННЕ
ЕЗУСУ ХРЫСТУ ПРАЗ МАРЫЮ?

 

У нумары 26 (СУ), Манфор кажа, што ён звяртаецца хутчэй «да простых людзей, чым да вучоных і ганарлівых асобаў». На самай справе гэтае прысвячэнне прызначана для кожнага, хто імкнецца да святасці і шукае больш глыбокай сустрэчы з Хрыстом, але праз Марыю:

* таму што я чуў пра гэтае ўшанаванне Марыі і прысвячэнне Езусу праз Марыю паводле Манфора,

* таму што я хачу атрымаць новы духоўны досвед і я хачу даведацца, пра што ідзе гаворка,

* таму што шмат розных людзей і святых прысвяцілі сябе Марыі, 

 * таму што мне патрэбная падтрымка ў малітве і я хачу выйсці з рутыны,

*  таму што я адчуваю, што мяне прываблівае Марыя і марыйная духоўнасць,

тады гэтая кніга 33 дзён падрыхтоўкі да Прысвячэнне менавіта дзеля мяне.

Прысвячэнне прызначана таксама для ўсіх хрысціянаў, для кожнага ахрышчанага, для святароў, манахаў і свецкіх. Яно не выключае іншых асабістых набажэнстваў і ты можаш працягваць іх практыкаваць. Напрыклад, цалкам магчыма для францысканца, адданага духоўнасці святога Францыска, практыкаваць ушанаванне Марыі. Наш Папа Францішак, вельмі марыйны, мы гэта ведаем.

На самай справе, марыйная духоўнасць – гэта аднаўленне абяцанняў святога хросту (я іх аднаўляю, выракаюся сатаны і цалкам аддаюся… праз рукі Марыі). 

 

ЦІ ТРЭБА АДЧУВАЦЬ СЯБЕ
ПАКЛІКАНЫМ?

 

Можна не адчуваць асаблівай прываблівасці да гэтага практыкавання. Не ўсе набажэнствы эмайцыйныя, штодзённая малітва часта праходзіць без асаблівых пачуццяў.

Можна адчуць сябе пакліканым падчас чытання гэтых твораў. Падобным чынам, калі нехта мае звычай маліцца Ружанец або чытаць іншыя малітвы да Марыі. Можна адчуць сябе пакліканым праз патрэбу больш узмоцненай малітвы, больш індывідуальнай, молячыся да Духа Святога, да Маці Божай Каралевы Мудрасці, перад абразамі Святой Дзевы ў нашых санктуарыях, наслядуючы прыклад святых  Касцёла.

А таму, ці Бог мяне сапраўды кліча?  Што гэта за прыгода? Што цяпер рабіць? Мяне заахвочвае да гэтага мой духоўны кіраўнік або спаведнік, якому я пра гэта расказаў. Мой сябра, мая сяброўка праспавядае мне пра гэта.

Прысвячэнне – гэта ПАРАДА, не абавязак. Гэта не Божае або касцёльнае прыказанне.

Прысвячэнне – гэта асабісты ўдзел, нават, калі да яго рухтуюцца ў групе.  АСАБІСТЫ ЎДЗЕЛ. Ніхто не можа зрабіць гэтага замест мяне. А я бяру на сябе абавязак перад Богам, як падчас абяцанняў святога хросту. 

 

ЯК ПАДРЫХТАВАЦЦА?

 

Кожны рухтуецца да прысвячэння самастойна або ў групе пасля прыняцця асабістага рашэння.

Метад, прапанаваны Манфорам, добра зразумелы, пра яго таксама шмат напісана ў розных кнігах. У гэтым таксама мэта дадзенай публікацыі, якая прапаноўвае кароткія штодзённыя разважанні і малітвы, іх пры неабходнасці можна замяніць. Наша малітва залежыць ад часу, які маем, аднак трэба быць верным штодзённым разважанням і малітвам (не адкладаць іх на заўтра, калі сёння не атрымліваецца).

Трэба распачаць падрыхтоўку перад якой-нібудзь важнай датай, якую мы абярэм, каб прачытаць акт прысвячэння Езусу праз Марыю: гэта можа быць марыйная дата, манфартанская дата, літургічная дата або іншая важная дата ў нашым жыцці.

 

У ЧЫМ ЗАКЛЮЧАЕЦЦА ЗЗ-ДЗЁННАЯ ПАДРЫХТОЎКА?

 

СУ 227: Першае практыкаванне. Тыя, што захочуць увайсці ў дух гэтай асаблівай формы ўшанавання, якое не з’яўляецца брацтвам, хоць гэта і пажадана, пасля, як я ўжо казаў у першай частцы «Падрыхтоўкі да надыходу Валадарства Езуса Хрыста», дванаццаці дзён, выкарыстаных на тое, каб ачысціцца ад духа гэтага свету, супярэчнага духу Езуса Хрыста, трэба распачаць наступныя тры тыдні, каб напоўніцца Езусам Хрыстом праз Найсвяцейшую Дзеву. Вось у якім парадку трэба гэта рабіць:

   [228] На працягу першага тыдня яны будуць маліцца і выконваць свае пабожныя справы ў інтэнцыі таго, каб выпрасіць пазнанне сябе саміх і жаль за грахі. Усё гэта трэба рабіць у духу пакоры. Дзеля гэтага яны могуць, калі хтосьці жадае, разважаць над тым, што я сказаў пра наш сапсаваны ўнутраны свет, і гэтыя шэсць дзён глядзець на сябе як на смаўжоў, слімакоў, жабаў, свіней, змеяў і казлоў. Або разважаць над словамі святога Бернарда: «Cogita quid fueris, semen putridum; quid sis vas stercorum; quid futurus sis, esca verminum» («Чым я быў — сапсаваным насеннем, чым я ёсць — судзінай, поўнай бруду, чым я буду — спажывай чарвей»). У гэты перыяд яны будуць прасіць наступнымі словамі нашага Госпада і Духа Святога асвяціць іх: «Domine, ut videam» («Госпадзе, зрабі, каб я ўбачыў»). Будуць штодзённа маліцца гімн «Veni, Sancte Spiritus» і Літанію да Духа Святога з малітвай з першай часткі гэтага твору. Кожны дзень яны будуць прыбягаць да Святой Дзевы і прасіць Яе аб вялікай ласцы, што павінна быць падставай для ўсіх іншых ласкаў. І таму кожны дзень яны будуць маліцца «Ave maris Stella» і Літанію да Маці Божай.

   [229] На працягу другога тыдня яны будуць ахвяраваць усе свае малітвы і штодзённыя добрыя справы, каб пазнаць Найсвяцейшую Дзеву. Яны будуць прасіць гэтага ў Духа Святога. Яны могуць чытаць і разважаць над тым, што пра гэта ўжо было сказана. Як і ў першы тыдзень, яны будуць маліцца ў гэтай інтэнцыі Літанію да Духа Святога і «Ave maris Stella», а таксама штодзённы ружанец (можна адну частку).

   [230]  На працягу трэцяга тыдня яны будуць імкнуцца пазнаць Езуса Хрыста. Яны могуць чытаць і разважаць над тым, што мы пра гэта ўжо сказалі, і маліцца малітвай святога Аўгустына, што была змешчаная на пачатку другога раздзела.  З гэтым святым яны могуць паўтараць сотні разоў на дзень: «Noverim te» («Госпадзе, дапамажы мне пазнаць Цябе) або «Domine, ut videam» («Госпадзе, зрабі так, каб я ўбачыў, кім Ты ёсць!») Як і раней, яны будуць маліцца Літанію да Духа Святога, «Ave maris Stella» і дададуць Літанію да імя Езуса.

   [231] Напрыканцы гэтых трох тыдняў яны паспавядаюцца, прыступяць да Святой Камуніі з інтэнцыяй аддаць сябе Езусу Хрысту ў якасці нявольніка праз рукі Марыі. Пасля Камуніі прачытаюць акт ахвяравання, які знойдуць ніжэй. Трэба таксама напісаць яго на паперы, калі ён не надрукаваны, і падпісаць у той самы дзень.

   [232] Было б вельмі добра, каб у гэты дзень яны прынеслі якую-небудзь ахвяру Езусу Хрысту і Яго святой Маці за сваю нявернасць абяцанням святога хросту ў мінулым або каб засведчыць сваю залежнасць ад Езуса і Марыі. Гэтая ахвяра павінна адпавядаць пабожнасці і магчымасцям кожнага. Гэта можа быць пост, утаймаванне плоці, грашовая ахвяра, свечка. Нават калі хтосьці дасць самую найменшую рэч, але са шчырым сэрцам, Езусу гэтага будзе досыць, бо Ён глядзіць толькі на добрую волю.

   [233] Кожны год у той самы дзень яны будуць аднаўляць гэтае прысвячэнне, выконваючы тыя самыя практыкаванні на працягу трох тыдняў.

Яны могуць яго аднаўляць таксама кожны месяц і кожны дзень вось гэтай кароткай формулай: «Tuus totus ego sum,  et omnia mea tua sunt» («Я ўвесь Твой, і ўсё, што я маю, належыць Табе, о мой любы Езу, праз Марыю, Тваю святую Маці»).   



[1] Гэтае прадказанне здзейснілася даслоўна. На працягу ўсяго XVIII стагоддзя паслядоўнікі св. Людовіка пакутвалі ад нападаў янсэністаў з-за стараннасці ў распаўсюджванні гэтага ўшанавання, а каштоўны рукапіс гэтага твору быў схаваны з-за падзеяў францускай рэвалюцыі. Яго знайшлі толькі ў 1842 годзе ў куфары сярод іншых старых кнігаў. Праз год яго ўпершыню апублікавалі.