Малітва да Святога Духа
Прыйдзі, Стварыцель
Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Біблійнае чытанне: 1 Ян 1, 1-4
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Я
быў з самага пачатку, калі Ты ствараў свет»
* «Нашыя
рукі дакрануліся да Слова Жыцця»
* «Езус аб’явіўся Яну, каб узмацніць яго веру,
і ён сам пра гэта сведчыць»
* «Езус
уцелавіўся»
1 Тое, што было ад пачатку, што мы чулі пра Слова жыцця,
што бачылі на свае вочы, на
што глядзелі і
да чаго дакраналіся
нашыя рукі, — 2
бо жыццё аб’явілася, і
мы бачылі, і
сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам, — 3 тое,
што мы бачылі і чулі, абвяшчаем і вам, каб і вы мелі еднасць з намі. А нашая
еднасць ёсць з Айцом і Сынам Ягоным, Езусам
Хрыстом. 4 Гэта пішам
мы, каб радасць
нашая была поўнай.
Або іншае чытанне: Казанне Папы Францішка 12 кастрычніка 2013 года
Бог з’яўляецца «Богам блізкім» да свайго народу. Гэта блізкасць, якая дасягае сваёй вяршыні ва Ўцелаўленні. Ён Бог, які выходзіць насустрач свайму народу… Мы нічога не ведаем пра «рэвалюцыю пяшчоты», якая стала прычынай Уцелаўлення Слова.
Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы 248
Ключавыя словы і фразы для разважання
* «Першая
таямніца Езуса Хрыста - Уцелаўленне»
* «Менавіта
ва ўлонні Марыі Ён найбольш укрыты»
*
«Гэтая таямніца змяшчае ў сабе ўсе іншыя таямніцы»
[248] Час не дазваляе мне затрымлівацца тут, каб растлумачыць цудоўнасць і веліч таямніцы Езуса, які жыве і валадарыць у Марыі, ці, іншымі словамі, Уцелаўлення Слова. Таму я задаволюся тым, што скажу ў трох словах, што менавіта ў гэтым першая таямніца Езуса Хрыста, найбольш укрытага, найбольш узвышанага і найменш вядомага. Менавіта ў гэтай таямніцы Езус ва ўлонні Марыі, называны святымі «aula sacramentorum», святыняй Божых таямніцаў, абраў сабе ўсіх святых. Менавіта ў гэтай таямніцы Ён здзейсніў усе таямніцы Свайго жыцця, даўшы на гэта згоду: «Jesus ingrediens mundum dicit: Ecce venio ut faciam, voluntatem tuam». («Прыходзячы ў свет, Езус казаў: «Вось, іду здзейсніць Тваю волю, Божа» пар. Габр 10,7). Таму гэтая таямніца змяшчае ў сабе ўсе іншыя таямніцы, іх ласкі і волю да іх выканання. Нарэшце, гэтая таямніца — гэта трон міласэрнасці, вялікадушнасці і хвалы Божай. Трон міласэрнасці для нас таму, што да Езуса можна наблізіцца і размаўляць з Ім і бачыць Яго толькі праз Марыю і Яе заступніцтва. Езус заўсёды выслухоўвае Сваю дарагую Маці і праз Яе заўсёды ўдзяляе ласкі і міласэрнасць бедным грэшнікам: «Adeamus ergo cum fiducia ad thronum gratiæ». Гэта трон Яго шчодрасці да Марыі, бо гэты новы Адам жыў у гэтым сапраўдным зямным раі, Ён учыніў там столькі таямнічых цудаў, што ані анёлы, ані людзі не могуць іх зразумець. Таму святыя называюць Марыю Раскошай Бога, Magnificentia Dei, так як Бог быў цудоўным толькі ў Марыі, «Solummodo ibi magnificus (est) Dominus». Гэта таксама Трон Яго хвалы дзеля Айца, таму што менавіта ў Марыі Езус Хрыстус дасканала згасіў гнеў Свайго Айца, раззлаванага на людзей, Ён дасканала аднавіў хвалу, якую зруйнаваў грэх, і праз ахвяру Сваёй волі і Самога Сябе прынёс Айцу больш хвалы, чым усе іншыя ахвяры старога закону. І нарэшце — праз Марыю Езус прынёс Айцу бязмежную хвалу, якой Ён ніколі не атрымоўваў ані ад аднаго чалавека.
Практыкаванне: на працягу ўсяго дня я буду памятаць пра прысутнасць Езуса.