Сямнаццаты дзень: дух правадырства.

 Малітва:

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, наведай вернікаў сваіх,

Напоўні ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой.

Названы Суцяшыцелем, Ты — найвышэйшы Бога дар,

Жыцця крыніца і любоў, і узмацненне нашых душ.

Ты спасылаеш сем дароў, бо маеш сілу ад Айца.

Праз Сына абяцаны нам, Ты мноствам моваў прамаўляў.

Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум нашыя,

І сэрцы нам аздараві, і нашы цноты узмацняй.

Ты злога духа адгані і супакоем адары,

Заўсёды за сабой вядзі і прабачэнне грэшным дай.

Дай праз Цябе Айца пазнаць і шлях да Сына пакажы.

Ты — Дух любові іх дваіх, верым Табе ва ўсе часы.

Богу Айцу хвала заўжды і Сыну ўваскрэсламу.

Суцяшыцелю, Табе хвала на вечныя вякі. Амэн.

 

a) Калі моцны характар робіць мяне здольным па-сапраўднаму ўплываць на маё асяроддзе, гэта сапраўднае багацце, за якое я буду адказваць перад Богам. Ці не хацеў Ён запаліць ува мне апостальскі ідэал?

b) "Калі хочаш" (Мц 19, 21) – кажа мне Езус. Калі хочаш стаць падобным да Мяне, быць правадыром, як Я, прыцягваць усіх да Мяне? Але памятай, што сапраўдным правадыром Я быў толькі на Крыжы.

c) Які будзе мой адказ на гэты заклік? Ці я разумею, што атрыманыя дары абавязваюць мяне да таго, каб іх выкарыстаць? Ці я яшчэ сумняваюся ў тым, каб даць адказ? Чаму? Калі я адмоўна адказаў на пытанне Езуса, ці была гэта баязлівасць, ці страх перад высілкам, ці любоў да сябе, ці боязь немінучых прыніжэнняў? А можа гэта лянота, бо я так люблю супакой? А можа фальшывая пакора: "я ня варты". Ці я разумею, што без глыбокага ўнутранага жыцця няма апостальства? Ці сапраўды разумею, што быць правадыром не азначае загадваць, гэта азначае служыць іншым, усім – па прыкладзе Езуса? Ці я гатовы так, як Ён, ісці на Кальварыю, гэта значыць прыняць усе прыніжэнні і цярпенні, каб толькі прыцягнуць да Яго душы?

d) Марыя, дай мне сілы заўсёды з гатоўнасцю адказваць “так” на кожны заклік майго Правадыра. Так, як Ты, ніколі не ўцякаць ад ласкі закліку і кожнага Яго загаду.

 

Чытанне:

Ян 1, 35-51: "На другі дзень зноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных і, убачыўшы Езуса, які ішоў, сказаў: «Вось Баранак Божы». І пачулі двое вучняў яго, што ён казаў, і пайшлі за Езусам. А Езус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа: «Чаго шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Раббі (што азначае “настаўнік”), дзе жывеш?» Ён кажа ім: «Ідзіце і ўбачыце». Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў той дзень. Было каля дзесятай гадзіны. Адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. Знайшоўшы спачатку брата свайго Сымона, сказаў яму: «Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста)». І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас» (што азначае “Пётр”, “скала”). На другі дзень хацеў Езус пайсці ў Галілею; і, знайшоўшы Філіпа, сказаў яму: «Ідзі за Мною». Філіп быў з Бэтсаіды, з горада Андрэя і Пятра. Філіп знайшоў Натанаэля і сказаў яму: «Мы знайшлі таго, пра каго пісалі Майсей у Законе і прарокі, Езуса, сына Юзафа, з Назарэта». Але Натанаэль сказаў яму: «Ці можа быць штосьці добрае з Назарэта?» Філіп адказаў яму: «Ідзі і паглядзі». Езус, убачыўшы Натанаэля, які ішоў да Яго, кажа пра яго: «Вось сапраўдны ізраэльцянін, у якім няма падману». Натанаэль адказаў Яму: «Адкуль Ты ведаеш мяне?» Езус адказаў яму: «Перш чым Філіп паклікаў цябе, Я бачыў цябе, калі ты быў пад смакоўніцаю». Адказаў Яму Натанаэль: «Раббі, Ты Сын Божы! Ты Кароль Ізраэля!» Езус сказаў яму ў адказ: «Ты верыш, бо Я сказаў табе, што бачыў цябе пад смакоўніцаю? Убачыш больш за гэта». І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба раскрытае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага».

 

Т. Кэмпійскі “Следам за Хрыстом: кн.  III, раздз. VII “Аб хаванні ласкі пад стражай пакоры”:

 1. Карысней будзе табе і бяспечней, сынку, калі будзеш хаваць ласку пабожнасці, ды ня будзеш пышніцца ёй, ані шмат аб ёй гаварыць, ані зашмат на яе спадзявацца і калі будзеш сам сабою пагарджаць ды думаць, што нягодны ты яе. Няслед зашмат спадзявацца на гэты добры настрой, бо ён хутка можа перамяніцца зусім на супрочны. Калі цябе ласка адведвае, думай тады – які ты няшчасны ды бяздольны бяз ласкі. Поступ у жыцці духоўным ня ў тым хаваецца, каб цешыцца прысутнасцю ласкі, а ў тым, каб з пакораю, з самавырачэннем і цярпілва стрываць яе нястачу; так, каб і тады не астыў ты ў малітвах і не пакладаў рабіць нічога з заўсёдных пабожных практык ды абавязкаў. Але яшчэ рабі ахвотней усё, што патрапіш і ведаеш, ды пры ўсякай сухасці ці трывозе духа, якую пачуеш – ня кідай абавязкаў сваіх.

2. Шмат такіх, што калі толькі пачне ім нешчаслівіцца, адразу робяцца нецярплівымі. Не заўсёды чалавек валодае шляхам сваім (Яр 10, 23), але да Бога належыцца даць і пацешыць, калі хоча, колькі хоча і каго хоча – як Яму будзе ўспадобу і ня больш. Некаторыя былі гэткімі неасцярожнымі, што маючы ласку пабожнасці, самі сябе змарнавалі, бо хацелі больш рабіць, чымся маглі, ня памятаючы на нядужасць сілаў сваіх, а ў захопленасці кіраваліся больш сэрцам, чымся судом розуму. А таму, што імкнуліся рабіць больш, чымся хацеў Бог, - хутка згубілі ласку Ягоную. І тыя, што ў Небе вілі свае гнёзды, апынуліся няшчаснымі ды бяздольнымі, каб спакораныя і абяднеўшыя навучыліся не лятаць на сваіх крылах, а каб заўсёды на Мяне спадзяваліся.Тыя, што толькі пачынаюць і мала дазнаныя на шляху Бога – лёгка падманваюцца ды заблукаць могуць, калі ня будуць карыстацца радаю напрактыкаваных людзей.

3. А калі больш захочуць трымацца думкі сваёй, чымся верыць спрактыкаваным людзям – дужа небяспечны будзе іх канец, калі ня кінуць упорыстасці сваёй. Тыя, што лічаць сябе разумнымі, мала калі з пакорай згодзяцца, каб іншыя імі кіравалі. Лепш менш ведаць і быць менш разумным, але пакорным – чымся валодаць скарбамі ведаў з марнаю самахвалою. Лепш табе, калі менш маеш, чымся меў бы больш, але гэтым пышніўся б. Ня досыць асцярожна робіць той, хто цалкам пачынае весяліцца, забываючыся на папярэднюю сваю бяду і на чысты страх Божы, - страх згубіць ласку, якую Бог даў. Ня досыць разумна робіць і той, хто парою небяспек і турботаў упадае ў роспач – менш як трэба, маючы давер да Мяне.

4. Хто падманваецца парою супакою і лічыць, што ён ужо ў надта вялікай бяспецы – часта парою змагання будзе спалоханым ды надта баязлівым. Калі б ты здолеў трываць у сабе заўсёды пакорым ды маленькім і адначасна кіраваць і валодаць розумам сваім – ня трапіў бы ты так хутка ў небяспеку ды грэх. Добрая гэтая думка: каб тады, калі маеш духа пабожнасці – разважаў ты, што будзеш рабіць, калі згасне ў будучыне перад табою гэтае святло. Калі ж гэта трапіцца, дык памятай, што назад святло можа вярнуцца, якое адабраў Я на нейкі час дзеля славы Маёй, а дзеля тваёй перасцярогі.

5. Карыснейшая часта такая спроба, чымся каб заўсёды ўсё табе ішло паводле волі тваёй. Бо ж не паводле таго цэняць заслугі, ці хто часта мае відзежы ці пацехі, або ці надта добра ведае св. Пісанне, ці вышэйшую ступень займае ў гонарах. Але паводле таго, ці глыбокая і сапраўдная ў ім пакора, ды ці поўны ён любові Бога; ці на сябе глядзіць быццам на нішто і ці сапраўды пагарджае сабою ды ці больш цешыцца – калі іншыя яго спакараюць ды пагарджаюць ім, ці калі яго хваляць і паважаюць.