Дзевяты дзень: людзкое суджэнне.

 Малітва:

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, наведай вернікаў сваіх,

Напоўні ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой.

Названы Суцяшыцелем, Ты — найвышэйшы Бога дар,

Жыцця крыніца і любоў, і узмацненне нашых душ.

Ты спасылаеш сем дароў, бо маеш сілу ад Айца.

Праз Сына абяцаны нам, Ты мноствам моваў прамаўляў.

Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум нашыя,

І сэрцы нам аздараві, і нашы цноты узмацняй.

Ты злога духа адгані і супакоем адары,

Заўсёды за сабой вядзі і прабачэнне грэшным дай.

Дай праз Цябе Айца пазнаць і шлях да Сына пакажы.

Ты — Дух любові іх дваіх, верым Табе ва ўсе часы.

Богу Айцу хвала заўжды і Сыну ўваскрэсламу.

Суцяшыцелю, Табе хвала на вечныя вякі. Амэн.

 

a) Мы часта як бы спаралізаваныя з-за таго, што людзі думаюць пра нас. Мы баімся думкі нашых калег, знаёмых; з-за аднаго слова, руху, іранічнай усмешкі мы адмаўляемся ад сваіх перакананняў.

b) Езус не баяўся фарысеяў, а тым больш іх крытыкі ці пагрозаў. Ён абараніў Магдалену ад укаменавання. Сказаў нам: "А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах" (Мц 10, 33). Апосталам Ён прадказаў пераследванне, але ўзмоцніў іх, запэўніваючы: "У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет" (Ян 16, 33).

c) Як я адношуся да людзкога суджэння? Ці кіруюся толькі гэтым у маіх паводзінах? Ці павожду сябе ў духу хрысціянскіх прынцыпаў, нягледзячы на тое, што пра мяне скажуць людзі? Ці галоўным матывам маіх паводзінаў заўсёды з'яўляецца мой абавязак, воля Божая – ці можа страх перад калегам, яго злоснай усмешкай? Ці я пазбягаю выконваць свае абавязкі, рэлігійныя практыкаванні ат страху перад высмейваннем? Ці я сапраўды ганаруся Езусам Хрыстом, сваёй верай, сваім Хростам? Ці я не саромеюся сведчыць, што я з'яўляюся хрысціянінам?

d) Панна Верная, Ты не баялася ісці за Езусам падчас Яго Пакуты, калі ўсе Ім пагарджалі і здзекваліся над Ім. Удзялі мне Сваю любоў да Яго, любоў, якая мацнейшая за смерць.

 

Чытанне:

Мц 10, 19-35: "Калі ж будуць выдаваць вас, не турбуйцеся, як або што сказаць, бо дадзена будзе вам у тую гадзіну, што сказаць. Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас. Брат выдасць брата на смерць, і бацька дзіця; і паўстануць дзеці супраць бацькоў, і заб’юць іх. І ўсе будуць ненавідзець вас за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены. Калі вас будуць пераследаваць у гэтым горадзе, пераходзьце ў другі. Сапраўды кажу вам, што не пройдзеце гарадоў Ізраэля, як прыйдзе Сын Чалавечы. Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго. Вучню дастаткова быць як настаўнік ягоны, а слугу — як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзэбулам, то тым больш так назавуць хатніх яго. Не бойцеся іх, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і патаемнага, што б не стала вядомым. Што кажу вам у цемры, гаварыце пры святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах. Не бойцеся тых, хто забівае цела, душы ж не могуць забіць; а больш бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у геене. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за ас? I ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага. У вас жа і валасы на галаве палічаны.  Таму не бойцеся: вы вартыя больш за мноства вераб’ёў. Так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах. А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах. Не думайце, што Я прыйшоў прынесці спакой на зямлю. Не спакой прыйшоў Я прынесці, а меч. Бо Я прыйшоў паставіць чалавека супраць бацькі ягонага, і дачку супраць маці яе, і нявестку супраць свекрыві яе."

 

Т. Кэмпійскі “Следам за Хрыстом: кн. III, раздз. XXXVI "Аб марнасці судоў людзкіх":

1. Сыне, прытуліся сэрцам назаўсёды к Госпаду і судоў людзкіх ня бойся, калі сумленне кажа табе, што ты бязвінны і пабожны. Добра табе і шчаслівы ты, калі гэтак церпіш; ня цяжка будзе табе цярпець, калі на Бога больш, чым на сябе спадзяешся. Многія шмат гавораць і таму мала трэба ім верыць. Ды і немагчыма іх здаволіць. Хаця Святы Павел імкнуўся ўсім быць мілым у Госпадзе і ўсё рабіў для ўсіх, аднак зусім не глядзеў на тое, што людзьмі быў суджаны.

2. Рабіў даволі, бо рабіў усё, што толькі магчыма дзеля паляпшэння і збаўлення людзкога, аднак ня здолеў запабегчы, каб часам яго не абсудзілі або не зневажалі. І таму ўсё ён паручыў Богу, які ўсё ведае, а толькі цярплівасцю ды пакораю бараніўся ад благіх языкоў, што сколькі хацелі выдумвалі на яго розную брахню ды ўсялякую няпраўду. Праўда, падчас нешта адказваў ён, каб ня вышла з ягонае маўчанкі людзям слабейшым згаршэння.

3. Хто ж ты такі, каб трэба было баяцца табе смяротнага чалавека? Сёння ёсць ён, а заўтра яго ня будзе. Бога бойся, а таго, што людзі грозяць, палохацца ня будзеш. Хто табе штосьці зробіць словамі або лаянкаю? Больш сабе блага наробіць, чым табе; і хто б ён ня быў, не ўцячэ ад Божага суду. Ты мей Бога перад вачыма, ды не пачынай сварыцца. А калі здаецца табе, што вось цяперака нехта крыўдзіць цябе ды сорам ад яго церпіш зусім бязвінна, ня злуйся дзеля гэтага, каб цераз нецярплівасць не паменшыць кароны славы твае. А хутчэй да мяне падымі ў Неба вочы свае, бо я магу цябе выбавіць з усіх ганьбаў ды здзекаў, каб аддаць кожнаму паводле дзеяў ягоных.