Малітва:
Вітай, Зорка мора, Маці Хрыста-Бога,
Панна найчысцейша, верным дапамога.
Ты, што прывітана словам Габрыэля,
Умацуй нас ў веры, усім спашлі надзею.
Вызваль з путаў грэху, аддалі нядолю
I напоўні сэрцы нашы супакоем.
I прасі, о Панна, Ты за нас Езуса,
Каб мы захаваны былі ад спакусаў.
Маці ласкі Божай, будзь для нас узорам -
Вызваленым з грэху, дай жыць у пакоры.
Памажы, Марыя, нам знайсці дарогу,
Што вядзе да Неба, да яднання з Богам.
a) Хрыстос
з любові да мяне хоча, каб я ўва ўсім быў залежным ад Маці Божай, як Ён, калі
быў Дзіцяткам у Яе ўлонні.
b) Я
хачу ўсё жыццё быць верным Хрысту, Яго Евангеллю, Яго Крыжу, Яго Касцёлу, Яго
намеснікам на зямлі, таму я хачу кожную хвіліну быць паслухмяным, аддадзеным і
“замкнутым” у волі Маці Божай.
c) Марыя,
у Табе бязмежная любоў, гэта значыць святасць. Я дабраахвотна аддаю Табе ўсяго
сябе. Нягледзячы на маю нявернасць, я прашу Цябе, каб Ты прыняла мяне і
напоўніла Сваёй любоўю. Езус будзе глядзець на мяне праз Тваю пакору,
паслухмянаць, гарачую любоў. Не дазволь, каб праз грэх я адарваўся ад Цябе.
d) Залаты
Доме, напоўнены Богам, я аддаюся Табе на заўсёды, хаваюся ў Табе, каб знайсці
ўсё. Я хачу ўдзельнічаць у Тваёй нязменнай вернасці Богу. Я буду такім
паслухмяным Табе, што Ты зможаш з цалкавітай вольнасцю дзейнічаць, маліцца,
цярпець і любіць ува мне. Рабі са мной усё, што Табе падабаецца – дзеля большай
хвалы Бога.
Чытанне:
Мц
24, 45-51:
"Хто ж верны і разумны слуга, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі
даваць ім спажытак у адпаведны час? Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны,
калі прыйдзе, застане, што ён так робіць. Сапраўды кажу вам, што над усёй
маёмасцю сваёй паставіць яго. Калі ж гэты благі слуга скажа ў сэрцы сваім: “Не
спяшаецца гаспадар мой”, і пачне біць сяброў сваіх,
есці і піць з п’яніцамі, то гаспадар слугі гэтага прыйдзе ў дзень, калі ён не
чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. І адлучыць яго, і вызначыць яму долю
разам з крывадушнікамі. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
Св. Л. дэ Манфор “Трактат аб сапраўдным ушанаванні
Найсвяцейшай Дзевы Марыі” 132-133:
[132] Хтосьці можа сказаць, што гэтае ўшанаванне, дзякуючы якому мы аддаем сябе
нашаму Госпаду праз Найсвяцейшую Дзеву, а таксама вартасць усіх нашых добрых
учынкаў, малітваў, утаймаванняў плоці і ахвяраў, робіць дзеля нас немагчымым
дапамагаць душам нашых сваякоў, сяброў і дабрадзеяў.
Я адкажу ім так. Па-першае,
немагчыма, каб нашыя сябры, сваякі і дабрадзеі пакутвалі ад таго, што мы
аддаліся і прысвяцілі сябе бяз рэшты служэнню нашаму Госпаду і Яго святой Маці.
Гэта было б зневажаннем магутнасці і дабрыні Езуса і Марыі, якія найлепшым
чынам змогуць дапамагчы нашым сваякам, сябрам і дарбрадзеям, карыстаючы з
нашага духоўнага набытку ці іншым шляхам.
Па-другое, гэтае практыкаванне
не перашкаджае маліцца за іншых, жывых ці памерлых, хоць размеркаванне нашых
добрых учынкаў залежыць ад жаданняў Найсвяцейшай Дзевы. Таму, наадварот, нам
трэба маліцца да Яе з яшчэ большым даверам. Напрыклад, калі багатая асоба ўсё
аддала свайму вялікаму князю, каб больш яго ўшанаваць, то будзе з яшчэ большым
даверам прасіць гэтага князя ахвяраваць нешта аднаму са сваіх сяброў. А для
князя, у сваю чаргу, будзе вялікай радасцю засведчыць сваю ўдзячнасць да таго,
хто пазбыўся ўсяго, каб абдараваць яго, і зрабіўся ўбогім, каб ушанаваць яго.
Тое самае можна сказаць і пра нашага Госпада і Святую Дзеву. Яны заўсёды будуць
вельмі шчодрымі, каб аддзячыць.
[133] Хтосьці, напэўна, скажа:
“Калі я аддаю Найсвяцейшай Дзеве ўсю вартасць маіх учынкаў, каб Яна магла даць
іх таму, каму пажадае, то мне давядзецца доўга пакутваць у чысцы”.
Такое сцвярджэнне паходзіць з
самалюбства і няведання вялікадушнасці Бога і Яго святой Маці і знішчае само
сябе. Гарачая і шчодрая душа, больш зацікаўленая інтарэсамі Бога, чым сваімі
ўласнымі, аддае Богу ўсю сябе дарэшты, так, што ўжо больш нічога даць не можа, non plus ultra, і дыхае
толькі хвалой і валадарствам Езуса Хрыста праз Яго святую Маці і цалкам
ахвяруецца, каб яго набыць, таму, кажу я, ці ж гэтая шчодрая і вялікадушная
душа можа быць больш пакараная ў іншым жыцці за тое, што была больш
вялікадушнай і бескарыслівай за іншыя душы? Наадварот. Менавіта да гэтай душы, як мы
далей убачым, наш Госпад і Яго святая Маці вельмі вялікадушныя ў гэтым жыцці і
ў іншым, у парадку натуры, ласкі і хвалы.