Малітва да Святога Духа
Прыйдзі, Стварыцель
Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Біблійнае чытанне: Лк 18, 9-14
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Хто ўзвышае сябе, прыніжаны
будзе»
* «Хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны»
* «Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага»
* «Быць, як малое дзіця»
9 Расказаў таксама прыпавесць і некаторым упэўненым у сваёй праведнасці, якія пагарджалі іншымі: 10 «Два чалавекі зайшлі ў святыню памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік. 11 Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі, рабаўнікі, несправядлівыя, распуснікі або як гэты мытнік. 12 Пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю”. 13 А мытнік, стоячы воддаль, не адважваўся нават падняць вачэй да неба, але, б’ючы сябе ў грудзі, казаў: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага”. 14 Кажу вам, што менавіта гэты пайшоў да дому свайго апраўданы, а не той, бо кожны, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны».
Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Таямніца Mарыі 36
Ключавыя словы і фразы для разважання
* «Я ня годны»
* «Нам патрэбная Марыя, Яго святая Маці»
* «Пасрэдніца перад Ім, нашым Пасрэднікам»
[36] 2) Ісці да Езуса праз Марыю - гэта сапраўднае ўшанаванне Езуса Хрыста, бо такім чынам мы падкрэсліваем, што не годныя самастойна наблізіцца да Яго бясконцай святасці па прычыне нашых грахоў, і нам патрэбная Марыя, Яго святая Маці, каб быць нашай заступніцай і пасрэдніцай перад Ім, нашым Пасрэднікам. Гэта адначасова наблізіцца да Яго як да нашага пасрэдніка і брата і ўпакорыцца перад Ім як перад нашым Богам і суддзёй - адным словам, гэта азначае практыкаваць пакору, якая заўсёды захапляе Сэрца Бога.