Пяты дзень: цярпенне і крыж.

 Малітва:

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, наведай вернікаў сваіх,

Напоўні ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой.

Названы Суцяшыцелем, Ты — найвышэйшы Бога дар,

Жыцця крыніца і любоў, і узмацненне нашых душ.

Ты спасылаеш сем дароў, бо маеш сілу ад Айца.

Праз Сына абяцаны нам, Ты мноствам моваў прамаўляў.

Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум нашыя,

І сэрцы нам аздараві, і нашы цноты узмацняй.

Ты злога духа адгані і супакоем адары,

Заўсёды за сабой вядзі і прабачэнне грэшным дай.

Дай праз Цябе Айца пазнаць і шлях да Сына пакажы.

Ты — Дух любові іх дваіх, верым Табе ва ўсе часы.

Богу Айцу хвала заўжды і Сыну ўваскрэсламу.

Суцяшыцелю, Табе хвала на вечныя вякі. Амэн.

 

a) Мы ўцякаем ад цярпення, ад усяго, што нас абмяжоўвае, што нам супярэчыць. Мы ўвесь час наракаем. Мы хочам укладваць сваё жыццё з перспектывы максімальнага дабрабыту і выгады, без ценю ўтаймавання плоці. Мы не загартаваныя намаганнямі, таму што пазбягаем найменашага высілку.

b) Езус пажадаў нарадзіцца ў стаенцы, ляжаць уяслях, цяжка працаваць, памерці на крыжы, ніколі не жаліўся. Ён сказаў: "Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною" (Мц 16,24).

c) Што я думаю пра цярпенне? Ці гляджу на яго як на ўзнагароду? Узнагароду за мае грахі і грахі іншых грэшнікаў? Як на магчымасць стаць падобным да Езуса Хрыста? Ці заўсёды я імкнуся пазбягаць цярпення? А калі яно прыйдзе, ці магу прыняць яго спакойна, цярпліва без наракання? Ці маю духа веры, гэта значыць магу ахвотна выкарыстаць нагоду, каб хоць трошкі прымусіць сябе да чагосьці, чаго я не люблю, або таго, што мне цяжка зрабіць? Ці можна жыць па-хрысціянску без дабраахвотнай ахвяры? Ці я разважаю над Мукай Пана Езуса? Ці стараюся зразумець, што можна радавацца, калі церпіш для Хрыста? 

d) Марыя, з любові да нас Ты сталася Балеснай Маці; зрабі так, каб разам з Табой я далучыўся да цярпення Ўкрыжаванага Хрыста. Адлюструй у маёй душы сляды Яго ранаў.

 

Чытанне:

Ян 19, 1-7. 16-18. 25-30: "Тады ён выдаў ім Езуса на ўкрыжаванне. І ўзялі Езуса. Тады Пілат узяў Езуса і аддаў на бічаванне. А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч. І падыходзілі да Яго, і казалі: «Вітай, кароль Юдэйскі!» І білі Яго па твары. А Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: «Вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў ім ніякай віны». І выйшаў Езус у цярновым вянку і пурпуровым плашчы.  І сказаў ім Пілат: «Вось чалавек!»  Калі ўбачылі Яго першасвятары і прыслужнікі, закрычалі: «Укрыжуй, укрыжуй!»  Сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны».  Юдэі адказалі яму: «Мы маем Закон, і паводле Закону Ён павінен памерці, бо ўчыніў сябе Сынам Божым».  І, несучы свой крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску — Галгота. Там укрыжавалі Яго, а з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса. Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе. Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: «Прагну». Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на ісоп губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў. Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І схіліўшы галаву, аддаў духа.

 

Т. Кэмпійскі “Следам за Хрыстом: кн. II, раздз. ХІІ "Аб валадарным шляху Крыжа святога":

1. Шмат каму здаецца цяжкою гутарка гэта: пакінь самога сябе, вазьмі крыж і наследуй Хрыста (Лк 9, 23). Аднак шмат цяжэй будзе пачуць гэтае апошняе слова: ідзіце ад мяне, праклятыя, у вагонь вечны (Мц 25, 41). Тыя, якія цяпер ахвотна слухаюць і наследуюць слова крыжа, тады ня будуць палохацца пачуць вечны прысуд. Гэты знак крыжа будзе на небе, калі судзіць прыйдзе (Мц 24, 30). Тады ўсе слугі крыжа, якія ў гэтым жыцці наследавалі ўкрыжаванага, з вялікім даверам падыдуць да Хрыста-Суддзі.

2. Дык чаму ж палохацца ўзяць крыж, які вядзе ў валадарства? У крыжы – збаўленне, у крыжы – жыццё, у крыжы – бяспека ад ворагаў, у крыжы – крыніца нябеснае асалоды, у крыжы – магутнасць, у крыжы – вяселле духа, у крыжы – завяршэнне цноты, у крыжы – дасканаласць святасці. Няма нідзе збаўлення душы, ані надзеі вечнага жыцця, апрача як ў крыжы. Дык бяры крыж свой, ідзі следам за Хрыстом і ўвойдзеш у вечнае жыццё. Папярэдзіў Ён цябе, нясучы крыж свой і памёр за цябе на крыжы, каб і ты нёс свой крыж і каб ты імкнуўся памерці на крыжы. Бо, калі з Хрыстом памрэш, будзеш з Хрыстом жыць (2Цім 11, 12). Калі будзеш Яму сябрам у муках, будзеш і ў славе (Рым 6, 8).

3. Вось жа ў крыжы падваліны ўсяго і ўсё залежнае ад таго, каб памёрці ў сабе самым, і няма іншага шляху да жыцця і да сапраўднага ўнутранага супакою – апрача шляху крыжа святога ды штодзённага ўмярцвення. Ідзі, дзе хочаш, шукай, чаго хочаш – нідзе ня знойдзеш дастайнейшага і бяспрэчнейшага шляху, як шлях крыжа святога. Распарадкавай і ўкладай усё паводле таго, як хочаш, і як бачыш, і нічога ня знойдзеш, дзеля чаго ты не цярпеў бы з добрай ці злой волі – усюды і заўсёды крыж знойдзеш. Бо, калі не целам, дык душой цярпець будзеш.

4. Часам нацерпішся ад бліжніх, а што горош – часта сам сабе цяжарам будзеш. І нідзе ня знойдзеш ані лекаў, ані палёгкі, ня здолееш звольніцца ад турботаў сваіх, але пакуль хоча Бога – мусіш трываць. Хоча Бог, каб навучыўся ты трываць у цярпеннях без пацехі, каб Яму зусім спакарыўся, ды каб цярпенні зрабілі цябе пакарнейшым. Ніхто так не адчувае ў сэрцы сваім мукі Хрыста, як той, што сам нешта падобнае адцярпеў. Крыж заўсёды гатоў і ўсюды чакае цябе. Не патрапіш ты схавацца, дзе б ты не ўцякаў, бо дзе ты ня ішоў бы – усюды самога сябе панясеш і ўсюды самога сябе знойдзеш. Глянь высока, глянь нізка, усярэдзіну і звонку – скрозь знойдзеш крыж; і таму неабходны ўсюды сцерп, калі хочаш мець супакой, ды калі хочаш заслужыць на вечную карону.

5. Калі ахвотна будзеш крыж несці, тады і ён цябе будзе несці і прывядзе цябе да пажаданай мэты, гэта туды, дзе будзе канчатак цярпення, аднак ня ў гэтым жыцці.