Дваццаць шосты дзень: мая Валадарка.

 Малітва:

Вітай, Зорка мора, Маці Хрыста-Бога,
Панна найчысцейша, верным дапамога.
     Ты, што прывітана словам Габрыэля,
     Умацуй нас ў веры, усім спашлі надзею.
Вызваль з путаў грэху, аддалі нядолю
I напоўні сэрцы нашы супакоем.
     I прасі, о Панна, Ты за нас Езуса,
     Каб мы захаваны былі ад спакусаў.
Маці ласкі Божай, будзь для нас узорам -
Вызваленым з грэху, дай жыць у пакоры.
     Памажы, Марыя, нам знайсці дарогу,
     Што вядзе да Неба, да яднання з Богам. 

a) Ты Валадарка ўсіх сэрцаў на зямлі. Адны называюць Цябе Маці, другія Прытулкам, але ніхто з тых, хто Цябе пазнаў, не можа супрацівіцца каралеўскай дабрыні і чуласці Твайго Сэрца.  

b) Я б хацеў быць Тваёй уласнасцю; хацеў бы быць, як кажа св. айец Кольбэ, Тваёй рэччу і начыннем.

c) Каралева Беларусі, на працягу тысяч гадоў Твае святыні з’яўляюцца гонарам нашых гарадоў, а Твае каплічкі асвятляюць нашы дарогі. Ці не прыцягваеш Ты шматлікія натоўпы да сталіцы Тваёй Любові ў Будславе. Ці не раздаеш Сваю любоў у столькіх санктуарыях, якія слывуць цудамі? Каралева свету, усе Анёлы і Святыя праслаўляюць Тваю хвалу. Ты Каралева Божага Сэрца: Бог Айцец, Сын Божы і Дух Святы аздобілі Цябе найвялікшымі дарамі. Табе Бог ні ў чым не адмаўляе.

d) Мая Валадарка, я хачу быць цалкам для Тваёй любові. Для Цябе мае штодзённыя намаганні, праца і ахвяры. Я хачу зрабіць так, каб людзі Цябе яшчэ больш любілі, аддавалі Табе сваё жыццё. Выкарыстай мяне, каб яшчэ большай была хвала Твая і Твайго Сына ў маім сэрцы, у маёй Айчыне і на ўсёй зялмі.

 

Чытанне:

Ап 12, 1-17: “І знак вялікі з’явіўся на небе: жанчына, апранутая  ў  сонца,  і  месяц  пад нагамі  яе,  а  над яе галавою вянок з дванаццаці зорак. Яна была цяжарная і крычала ад болю і родавых пакутаў. І з’явіўся другі знак на небе: вось вялікі вогненны цмок з сямю галовамі і дзесяццю рагамі, а над  галавой яго сем дыядэм. Хвост ягоны змятае траціну зорак нябесных і кідае іх на зямлю. Цмок стаў перад жанчынаю, якая павінна была нарадзіць, каб пажэрці дзіця, як толькі народзіць. І нарадзіла яна сына, мужчыну, які будзе пасвіць усе народы жалезным кіем. І дзіцё было забрана ад яе да Бога  і да Ягонага трона.  А жанчына  ўцякла ў пустыню, дзе  ёй  было  падрыхтавана  месца  Богам,  каб  яе кармілі там тысячудзвесце шэсцьдзесят дзён. І ўзнялася вайна на небе: Міхал і анёлы ягоныя ваявалі з цмокам. І цмок ваяваў, і ягоныя анёлы. Але не перамаглі, і ўжо не знайшлося месца для іх на небе. І скінуты быў цмок вялікі, змей старадаўні, называны д’яблам і сатаною, што зводзіць увесь свет. Ён скінуты быў на зямлю, і з ім разам скінуты анёлы ягоныя. І пачуў я голас моцны, які казаў з неба: «Цяпер настала збаўленне і сіла, і валадаранне Бога нашага, і ўлада Памазаніка Ягонага, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які дзень і ноч абвінавачваў іх перад Богам нашым. Яны перамаглі яго дзякуючы крыві Баранка і дзякуючы слову сведчання свайго; і не палюбілі жыцця свайго аж да смерці. Таму радуйцеся, нябёсы і ўсе, хто насяляе іх. Гора зямлі і мору, бо сышоў д’ябал да вас у вялікім гневе, ведаючы, што кароткі час яго!» А калі цмок  убачыў,  што  ён  скінуты  на  зямлю,  пачаў  пераследаваць жанчыну,  якая  нарадзіла  мужчыну. І былі дадзены жанчыне два вялікія арліныя крылы, каб яна ляцела ў пустыню на месца сваё, дзе яе будуць карміць час, і часы, і палову часу  здалёк ад цмока. І пусціў змей з вуснаў сваіх за жанчынай ваду, быццам раку, каб яе панесла рака.  Але зямля дапамагла жанчыне, і адкрыла зямля вусны свае, і паглынула раку, якую выпусціў цмок з вуснаў сваіх. Тады раззлаваўся цмок на жанчыну і распачаў вайну з астатнімі яе нашчадкамі, якія захоўваюць запаведзі Бога і маюць сведчанне Езуса.” 


Св. Л. дэ Манфор “Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы Марыі” 28. 76; ЛСМ 221-221:

[28] Марыя загадвае ў небе анёлам і святым. Як узнагароду за Яе глыбокую пакору Бог даў Ёй уладу і заданне запоўніць святымі пустыя пасады  анёлаў, што адышлі, што ўпалі праз сваю пыху. Такая воля Найвышэйшага, што ўзвялічвае пакорных. Ён жадае, каб Неба, зямля і пекла безумоўна падпарадкоўваліся загадам пакорнай Марыі, якую Ён учыніў Валадаркай неба і зямлі, Галавой Яго войска, Скарбніцай, што захоўвае Яго скарбы, Размеркавальніцай Яго ласкаў, Майстрам Яго вялікіх цудаў, Заступніцай роду чалавечага, Пасрэдніцай паміж чалавекам і Богам, Пагрозай ворагаў Бога і вернай Спадарожніцай Яго велічы і трыюмфу.

[76] Тым больш, што, як я ўжо сказаў, Святая Дзева — Каралева і Валадарка неба і зямлі: «Ecce imperio Dei omnia subjiciuntur et Virgo; ecce imperio Virginis omnia subjiciuntur et Deus: Уладзе Бога падпарадкоўваецца ўсё, нават Дзева; уладзе Дзевы падпарадкоўваецца ўсё, нават Бог», — кажуць святы Ансэльм, святы Бернард, святы Бернардын, святы Банавэнтура. Ці ў Святой Дзевы не столькі падданых і нявольнікаў, колькі людзей на зямлі? Ці не справядліва тое, што пры такой колькасці нявольнікаў з прымусу ёсць столькі нявольнікаў любові, што па добрай волі выбіраюць Марыю сваёй гаспадыняй і ахвяруюцца Ёй у якасці нявольнікаў? Як жа так? Людзі і дэманы маюць дабраахвотных нявольнікаў, а Марыя — не? Як жа так? Гэта гонар для Караля — Яго Спадарожніца будзе мець нявольнікаў і будзе мець поўнае права над іх жыццём і смерцю. Таму што гонар і ўлада аднаго — гэта гонар і ўлада другога. Таму з упэўненасцю можна сказаць, што Наш Госпад — найлепшы з усіх сыноў — даў Сваёй Святой Маці ўдзел у Сваёй уладзе. Ці ж можа Ён у такім разе не дазволіць Ёй мець Сваіх нявольнікаў? Ці Ён шануе і любіць Сваю Маці менш, чым Артаксэркс Эстэр і Саламон Вірсавію? Хто асмеліцца сказаць гэта ці нават падумаць?

[221] Таму, каб, у нейкім сэнсе, быць больш мудрым, чым Саламон, трэба аддаць у рукі Марыі ўсё, што мы маем, а таксама скарб над скарбамі Езуса Хрыста, каб Яна дзеля нас Яго сцерагла.  Мы вельмі крохкія судзіны; не складайма у іх гэты каштоўны скарб і гэтую нябесную манну. У нас зашмат ворагаў, зандта спрытных і дасведчаных; не давярайма нашай асцярожнасці і нашай моцы. У нас вельмі шмат згубнага досведу ўласнай нясталасці і натуральнай легкадумнасці; не давярайма сваёй мудрасці і дбайнасці.

[222] Mарыя мудрая: складайма ўсё ў Яе рукі; Яна зможа добра распарадзіцца намі і ўсім, што нам належыць дзеля большай хвалы Божай.  

Марыя міласэрная: Яна любіць нас, як сваіх дзяцей і слугаў; ахвяруйма Ёй усе, і мы нічога не страцім; Яна зробіць так, што ўсё будзе нам на карысць. 

Марыя шчодрая: Яна вяртае больш,  чым Ёй даюць; аддайма Ёй усё, што мы маем, бяз рэшты; мы атрымаем тысячакроць больш, як кажуць, адной рукой Яна бярэ, дзьвума аддае. 

Марыя магутная: нішто не можа выкрасці тое, што аддадзена ў Яе рукі; аддайма сябе ў Яе рукі; Яна абароніць нас  і дапаможа перамагчы ўсіх нашых ворагаў. 

Марыя верная: Яна не дазволіць, каб заблукала або згубілася тое, што Ёй аддаюць. Яна Дзева, у найвышэйшай ступені верная Богу і людзям. Яна верна зберагла і захавала ўсё, што Бог Ёй даверыў, не згубіўшы найменшай часткі; і таксама цяпер Яна кожны дзень беражэ, з асаблівым клопатам, тых, хто цалкам аддаўся Яе заступніцтву і апякунству. 

Таму ўсё даручым Яе вернасці;  прычэпімся да Яе, як стаўпа, які нельга зваліць, як да якара, які нельга адчапіць, або хутчэй, як да гары Сіён, якую нельга пахіснуць.

Якія б сляпыя, якія б слабыя і нясталыя мы не былі па сваёй натуры, і якія б шматлікія і злосныя не былі нашыя ворагі, мы не памылімся, ніколі не заблукаем і ніколі не будзем мець няшчася згубіць ласку Божую і бязмежны скарб Спрадвечнай Мудрасці.