Малітва да Святога Духа
Прыйдзі, Стварыцель
Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Біблійнае чытанне: Гал 5, 16-21
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Што паходзіць ад цела?»
* «Распуста, нячыстасць, разбэшчанасць, ідалапаклонства,
чарадзейства»
* «Варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, нязгоды,
ерасі»
* «Нянавісць, п’янства, непрыстойнасць»
16 Я кажу: паступайце паводле духа і жаданняў цела не выконвайце. 17 Бо жаданні цела супярэчаць духу, а дух супярэчыць целу, бо яны супрацьстаяць адно аднаму, каб вы не маглі рабіць таго, што хацелі б. 18 Калі кіруе вамі дух, то вы не пад Законам. 19 Учынкі ж цела вядомыя, а гэта: распуста, нячыстасць, разбэшчанасць, 20 ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, нязгоды, ерасі, 21 нянавісць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага. Кажу вам зноў, як і казаў, што тыя, хто гэта робіць, не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божага.
Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Любоў Спрадвечнай Мудрасці 81
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Цялесная мудрасць – гэта
любоў да прыемнасцяў»
* «Людзі гэтага свету шукаюць
толькі задавальнення сваіх жаданняў»
* «Яны думаюць толькі пра тое,
каб добра і смачна есці і піць»
* «Яны думаюць толькі пра тое,
каб весяліцца і добра праводзіць свой час»
* «Яны не любяць пакутных
практыкаванняў»
[81] Цялесная
мудрасць – гэта любоў да прыемнасцяў. Менавіта гэтую мудрасць вызнаюць разумныя
гэтага свету, таму што яны шукаюць толькі задавальнення сваіх жаданняў; прагнуць
мець добрыя высокія пасады; адкідваюць усё, што магло б хоць трохі ўтаймаваць
або быць непрыемным для цела, як напрыклад, пасты, самадысцыпліну і г.д; яны
думаюць толькі пра тое, каб добра і смачна есці, піць, гуляць, весяліцца і
прыемна праводзіць свой час; яны хочуць
спаць на мяккіх ложках, праводзіць час у забавах і прыемных банкетах з
прыгожымі жанчынамі.
Пасля таго, як яны атрымаюць усе задавальненні, які змаглі атрымаць ад гэтага свету, яны шукаюць найменш строгага спаведніка (так яны называюць нядбайных спаведнікаў, якія не выконваюць сваіх абавязкаў), каб танна атрымаць ад яго спакой у іх лёгкім і распусным жыцці, а таксама адпушчэнне іх грахоў. Я кажу: танна, таму што гэтыя мудрацы паводле цела жадаюць звычайна ў якасці пакуты толькі некалькі кароткіх малітваў або якую-небудзь ахвярку, ненавідзячы ўсё тое, што можа абцяжарыць іх цела.