Малітва да Святога Духа
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Біблійнае чытанне: Рым 7, 21-25
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Няшчасны я чалавек!»
* «Хто вызваліць мяне ад
гэтага цела смерці?»
* «Розумам служу Закону Божаму, а целам – закону граху!»
21 Тады я адкрываю закон, што, калі хачу рабіць дабро, ляжыць перада мною зло. 22 Паводле духоўнага чалавека, знаходжу задавальненне ў Законе Божым, 23 але ў членах маіх бачу іншы закон, што змагаецца з законам розуму майго і робіць мяне нявольнікам закону граху, які ў членах маіх. 24 Няшчасны я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага цела смерці? 25 Дзякую Богу праз Езуса Хрыста, нашага Пана! Значыць я сам розумам служу Закону Божаму, а целам – закону граху.
Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы 87
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* Нашая слабасць
* Нашая крохкасць
* Нашая душа слабая
* А нашае цела???
[87] Пятая праўда. З-за нашай слабасці і крохкасці нам
вельмі цяжка захаваць ласкі і скарбы, дадзеныя Богам:
1. Таму што мы захоўваем гэты скарб, даражэйшы за неба і зямлю, у крохкіх судзінах: Habemus thesaurum istum in vasis fictilibus, нашых тленных целах, слабых і няздольных захаваць сталасць душах, якія турбуюцца з-за найменшых дробязяў.
Пытанне:
колькі разоў на працягу жыцця ты забываўся дзякаваць
Богу? Узгадай некалькі сітуацый і падзякуй за іх Богу.
На заканчэнне: малітва святога ружанца.