Шосты дзень: жыццёвая спрытнасць.

 Малітва:

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, наведай вернікаў сваіх,

Напоўні ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой.

Названы Суцяшыцелем, Ты — найвышэйшы Бога дар,

Жыцця крыніца і любоў, і узмацненне нашых душ.

Ты спасылаеш сем дароў, бо маеш сілу ад Айца.

Праз Сына абяцаны нам, Ты мноствам моваў прамаўляў.

Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум нашыя,

І сэрцы нам аздараві, і нашы цноты узмацняй.

Ты злога духа адгані і супакоем адары,

Заўсёды за сабой вядзі і прабачэнне грэшным дай.

Дай праз Цябе Айца пазнаць і шлях да Сына пакажы.

Ты — Дух любові іх дваіх, верым Табе ва ўсе часы.

Богу Айцу хвала заўжды і Сыну ўваскрэсламу.

Суцяшыцелю, Табе хвала на вечныя вякі. Амэн.

 

a) Гэты свет цэніць людзей упэўненых у сабе, якія могуць выкруціцца з кожнага клопату, не выбіраючы сродкаў, якія могуць падманваць, спрытна выйсці з кожнай непрыемнай сітуацыі, якія ўсяму, што робяць, надаюць прыгожы выгляд і ўмела затушоўваюць свае памылкі і промахі.

b) Хрыстос не меў такога мыслення. Ён змагаўся з хлуснёй фарысеяў. Казаў так: "Будзьце разважлівыя, як змеі, і простыя, як галубы" (Мц 10,16). Ён хацеў, каб Яго вучні ставаліся падобнымі да малых дзяцей, чыстых і простых, без падману.

c) А што я ў сабе цаню? – праўдзівасць ці хітрасць, якая забяспечвае мне часовы поспех? Ці ў глыбіні сэрца я не адчуваю зайздрасці да тых, каму гэта ўдаецца? Ці я не захапляюся гэтымі людзьмі? Што я выбіраю: цалкавітае паражэнне ці найкаштоўнейшую хлусню? Ці згаджаюся на прыніжэнне, каб толькі не хлусіць? Ці імкнуся быць праўдзівым у глыбіні свайго сэрца, у сваім мысленні? Ці можна мне давяраць, верыць таму, што я раблю, што гавару?

d)  Беззаганная Маці, праўдзівасць Тваёй душы захапляе Бога. Удзялі мне ласку, каб маё сэрца было, як сэрца дзіцяці: чыстае і праўдзівае.

 

Чытанне:

Мц 6, 14-34: "Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам. А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых.  Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не людзям, але Айцу твайму, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе.  Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё. Светачам цела ёсць вока. Калі ж вока тваё чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае. Калі ж вока тваё дрэннае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае.  Калі ж святло, якое ў табе, з’яўляецца цемрай, то якая ж цемра! Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне. Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела – за вопратку?  Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя за іх? І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць? І аб вопратцы навошта турбуецеся?  Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя?  Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?”  або: “Што піць?”  або: “У што апрануцца?”  Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Айцец Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату. 

 

Т. Кэмпійскі “Следам за Хрыстом: кн. II раздз. IV "Аб чыстай думцы і простым намеры":

1. На двух крыллях лунае чалавек над зямлёю – на прастадушнасці і чыстасці. Прастадушнасць павінна быць у намерах, чыстасць у пачуццях. Прастадушнасць імкнецца да Бога, чыстасць находзіць Яго і цешыцца. Ніякая справа ня будзе цяжкою, калі будзеш свабодным у душы ад грэшных нахілаў. Калі нічога іншага ня будзеш старацца шукаць, як волі Божай і карысці бліжняга, унутранай свабоды дазнаеш пад дастаткам. Калі б сэрца тваё было простае – тады ўсенькія стварэнні былі б табе люстрам жыцця і кнігаю святое навукі. Няма стварэння такога маленькага і марнага, якое не выказвала б дабраты Бога.

   2. Калі б ты ў душы быў добры і чысты, тады добра ўсё без перашкод бачыў бы і разумеў. Чыстае сэрца прабівае неба і пекла. Якім хто ёсць у душы, так судзіць і аб вонкавым. Калі ёсць на свеце радасць якая, дык мае яе чалавек чыстага сэрца. І калі дзе ёсць турбота і злыбеда, дык найлепш ведае гэта благое сумленне. Як пакладзенае ў вагонь жалеза губляе іржу і чыстым робіцца, – гэтак і чалавек, калі сэрцам да Бога звернецца – губляе сваю недалужнасць і становіцца новым чалавекам.