Дваццаты дзень: чыстасць.

ТРЭЦІ ПЕРЫЯД:
Марыя ў маім жыцці. 

Падчас трэцяга перыяду працы над сабой я лепш пазнаю, кім для мяне з’яўляецца Марыя. Езус мне кажа: “Вось Маці Твая” (Ян 19, 27) і прагне, каб, як святы Ян, я ўзяў Яе да сябе. Ён прагне, каб чыстасць Яго Беззаганнай Маці стала маёй чыстасцю. Яе пакорная мудрасць – маёй мудрасцю. Яе любоў да Бога і людзей – маёй любоўю. Яе духоўная сіла – маёй сілай. Яе вернасць – маёй вернасцю. Каб я мог, як св. Людвік, сказаць: "Я цалкам аддаюся Табе, Марыя, і прымаю за адзінае маё дабро". 

Малітва:

Вітай, Зорка мора, Маці Хрыста-Бога,
Панна найчысцейша, верным дапамога.
    Ты, што прывітана словам Габрыэля,
    Умацуй нас ў веры, усім спашлі надзею.
Вызваль з путаў грэху, аддалі нядолю
I напоўні сэрцы нашы супакоем.
     I прасі, о Панна, Ты за нас Езуса,
     Каб мы захаваны былі ад спакусаў.
Маці ласкі Божай, будзь для нас узорам -
Вызваленым з грэху, дай жыць у пакоры.
     Памажы, Марыя, нам знайсці дарогу,
     Што вядзе да Неба, да яднання з Богам. 

a) Прадставім сабе, што мы ў Лурдзе, у гроце побач з Бэрнадэтай і разам з ёй бачым “прыгожую Спадарыню”, якая глядзіць на нас і ўсміхаецца нам.

b) "Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць." (Мц 5, 8). Беззаганная Маці глядзіць на мяне. Яна бачыць ува мне Бога.  

c) Маці Божая, Ты ўжо аглядаеш Бога без заслоны, але, калі Ты была на зямлі, так як я, то ўжо тады бачыла ў сабе Божае дзеянне. Ты не прыпісвала Сабе нічога з таго, што было ў Табе Божым дзеяннем. І гэта было крыніцай Тваёй пакоры, гэта значыць сапраўднай мудрасці: Ты знайшла праўду ў Сабе. Ты бачыла таксама Бога ў кожным чалавеку, як цяпер бачыш Яго ўва мне. Ты праслаўляеш ува мне вобраз Божы, падабенства да Бога і любоў Бога, святыняй Якога я з’яўляюся. У Табе ёсць беззаганная любоў, якая не адчувае агіды да нас, бедных грэшнікаў. Ты ахопліваеш любоўю ўсе стварэнні і праслаўляеш планы Божага Провіду, які кіруе мной, людзьмі і светам.

d) Прыцягвай мяне, Беззаганная Маці, з кожным днём усё бліжэй да Сябе і навучы мяне бачыць Бога ва ўсім. Дапамажы мне лепш распазнаваць Яго ў сабе, у кожным бліжнім і ва ўсіх абставінах майго жыцця. Дапамажы мне змагацца за чыстае сэрца, якое бачыць не толькі сябе і сваю прыемнасць, выгаду або карысць. Дапамажы мне аддаць сябе Богу цалкам і без ніякіх “але”.

 

Чытанне:

Лк 1, 46-55: "І сказала Марыя: «Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу, бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі. І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні. Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, а імя Яго святое. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне над тымі, хто Яго баіцца. Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам. Скінуў магутных з трона і ўзвысіў пакорных. Дабром галодных насыціў, а багатых ні з чым адправіў. Прыняў свайго слугу Ізраэля, памятаючы пра сваю міласэрнасць, як абяцаў бацькам нашым — Абрагаму і яго патомству навекі».


Св. Л. дэ Манфор “Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы Марыі” 1-7:

[1]  Менавіта праз Найсвяцейшую Дзеву Езус Хрыстус прыйшоў у свет, і менавіта праз Яе Ён павінен у ім валадарыць.

[2] Марыя была вельмі ўкрытая ў сваім жыцці: таму Дух Святы і Касцёл называюць Яе Alma Mater: Маці ўкрытая і таямнічая. Яе пакора была настолькі глыбокай, што ў Яе жыцці не было больш моцнага і сталага жадання за тое, каб схавацца ад сябе і ўсіх стварэнняў, каб ведаў Яе толькі Бог.

[3]  Бог, каб выканаць Яе просьбы схаваць Яе, зрабіць убогай і пакорнай, якія Яна да Яго ўзносіла, з задавальненнем схаваў ад чалавечага вока Яе зачацце, нараджэнне, жыццё, таямніцы ўваскрашэння і ўнебаўзяцця. Нават Яе бацькі не ведалі Яе; анёлы часта пыталіся адзін аднаго: «Quae est ista? Хто яна?» Таму што Бог хаваў Яе ад іх; а калі адкрываў ім штосьці з гэтай таямніцы, то хаваў ад іх Яе яшчэ глыбей.

[4]  Бог Айцец згадзіўся на тое, каб у сваім жыцці Яна не ўчыніла ніводнага вялікага цуду, хоць і даў Ёй магутнасць. Бог Сын згадзіўся на тое, што Яна амаль не прамаўляла, хоць Ён і надзяліў Яе сваёю мудрасцю. Бог Дух Святы згадзіўся на тое, што Апосталы і Евангелісты казалі пра Яе вельмі мала і роўна столькі, колькі было патрэбна, каб іншыя пазналі Езуса, хоць Яна і была Яго вернай Сужонкай.

[5] Марыя — гэта найцудоўнейшае стварэнне Найвышэйшага, якое ведае і якім валодае толькі Ён. Марыя — гэта годная Маці Сына, Якую Ён захацеў упакoрыць і хаваць на працягу Яе жыцця і, каб падкрэсліць Яе пакору, назваў Яе жанчынай, mulier, як чужую, нягледзячы на тое, што ў Сваім Сэрцы Ён шанаваў і любіў Яе больш за ўсіх анёлаў і людзей. Марыя — гэта замкнёная крыніца і верная Сужонка Духа Святога, ўвайсці да якой можа толькі Ён. Марыя — гэта святыня і адпачынак Святой Тройцы, дзе Бог валадарыць самым найцудоўнейшым і боскім спосабам, як ні ў якім іншым месцы сусвету, не выключаючы нават месца Свайго прабывання, якое ўзвышаецца над Хэрувімамі і Сэрафімамі. І ніводнае, нават самае чыстае, стварэнне не мае доступу да гэтай Святыні без асаблівага прывілею.

[6]   Я кажу разам са святымі: Марыя — гэта зямны рай новага Адама, дзе Ён уцелавіўся са справай Духа Святога, каб учыніць там неспасцігальныя цуды. Гэта вялікі і цудоўны свет Бога, дзе знаходзяцца хараство і невымоўныя скарбы. Гэта цуд Найвышэйшага, у якім Ён схаваў, як у Сваім улонні, Свайго адзінага Сына, а ў Ім усё самае цудоўнае і каштоўнае. О, колькі ж вялікіх і таямнічых спраў учыніў усемагутны Бог у гэтым стварэнні, як Яна Сама кажа гэта, нягледзячы на Сваю вялікую пакору: Fecit mihi magna qui potens est. Свет гэтага не ведае, бо ён да гэтага няздольны і гэтага няварты.

[7] Святыя сказалі шмат найцудоўнейшых словаў пра гэты святы горад Божы; і, як яны кажуць, ніколі не былі настолькі красомоўнымі і не мелі такога задавальнення, як у тыя моманты, калі казалі пра Яе. Пасля гэтага яны кажуць, што нельга ўхапіць узнёсласць Яе заслугаў, якія Яна ўзнесла да трону Боскасці; нельга змерыць велічыню Яе любові, што большая за зямлю; нельга зразумець веліч Яе ўлады, якую Яна мае нават над самім Богам; і, урэшце, нельга вызначыць бязмежную глыбіню Яе пакоры і ўсіх Яе цнотаў і ласкаў. O неспасцігальная вышыня! O невыказная шырыня! O невымерная веліч! O непрасякальная глыбіня!