Першы дзень: мысленне, нязгоднае з Евангеллем.

 ПЕРШЫ ПЕРЫЯД:
Адмаўленне ад мыслення і паводзінаў,
нязгодных з Евангеллем.
Вырачэнне духа гэтага свету.

 

Самавыхаваўчая праца першых дванаццаці дзён заключаецца ў тым, каб адкрыць у сабе і адмовіцца ад мыслення і паводзінаў, нязгодных з Евангеллем. Прынцыпы, якія пярэчаць Евангеллю, не вучаць граху адкрыта, але адносяцца да яго як да нечага абыякавага і не маючага ніякіх наступстваў. На працягу гэтых дзён асаблівым чынам змагаемся з нашым самалюбствам,  стараемся быць добрымі да кожнага чалавека. 

 

1. Мысленне, нязгоднае з Евангеллем.

 

Малітва:

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, наведай вернікаў сваіх,

Напоўні ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой.

Названы Суцяшыцелем, Ты — найвышэйшы Бога дар,

Жыцця крыніца і любоў, і узмацненне нашых душ.

Ты спасылаеш сем дароў, бо маеш сілу ад Айца.

Праз Сына абяцаны нам, Ты мноствам моваў прамаўляў.

Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум нашыя,

І сэрцы нам аздараві, і нашы цноты узмацняй.

Ты злога духа адгані і супакоем адары,

Заўсёды за сабой вядзі і прабачэнне грэшным дай.

Дай праз Цябе Айца пазнаць і шлях да Сына пакажы.

Ты — Дух любові іх дваіх, верым Табе ва ўсе часы.

Богу Айцу хвала заўжды і Сыну ўваскрэсламу.

Суцяшыцелю, Табе хвала на вечныя вякі. Амэн.

 

a) Мысленне і паводзіны, якія вельмі адрозніваюцца ад евангельскага духа любові, Святое Пісанне называе “мудрасцю свету”.

b) Каб пазнаць мудрасць Бога, думку Божую ў сутнасці і вартасці нашага жыцця, трэба добра пазнаць Евангелле. У ім Хрыстос прамаўляе да нас і дзейнічае для нас. Словамі і прыкладамі жыцця вучыць нас, выхоўвае і вядзе. 

c)  Ці ёсць у мяне Евангелле? Ці часта я яго чытаю? Ці чытаю з верай і любоўю, з прагненнем пазнаць Езуса? З прагненнем зачэрпнуць парады для фармавання майго жыцця на Яго падабенства?

d) Марыя, Маці мая, навучы мяне чытаць і перажываць Евангелле з такім настроем, з якім Ты перажывала кожную хвіліну жыцця Твайго Сына. Дай мне моц стаць падобным, як Ты, да Езуса Хрыста.

 

Чытанне:

Ян 6, 69: "Мы паверылі і спазналі, што Ты – Хрыстос, Сын Бога Жывога”.

 

Т. Кэмпійскі “Следам за Хрыстом”: кн. I, раздз. III “Аб навуцы праўды”:

1. Шчаслівы, каго вучыць сама Праўда, не знакамі і не словамі, што мінаюць, а так, як ёсць, сама праз сябе. Нашая думка і нашае пачуццё часта нас падманваюць і мала бачаць. Пашто  хітрыя доследы ад таемных і незразумелых рэчах, калі нас ня будуць вінаваціць на судзе за тое, што ня ведалі? Дужа нямудра, што закінуўшы карыснае і неабходнае, ганяемся за цікаўным і шкодным; вочы маем ды ня бачым.

2. Што нам да ўсялякіх родаў і гатункаў? Да каго прамаўляе вечнае Слова, той вольны ад многіх размыслаў. З аднаго Слова ўсё і адно кажа: “З гэтага ёсць Пачатак, што і да нас гаворыць” (Ян 8, 25).

Без яго ніхто добра ані разумее, ані асудзіць, як трэба. Каму ўжо ёсць у вадным і хто ўсё да аднаго зводзіць і ўсё ў вадным бачыць – той не зварухнецца ў сэрцы і спакойна будзе прабываць у Богу.

О Боская Праўда! Дазволь, няхай я буду адно з Табою ў вечнай любові. Прыкра мне часта многа чытаць і слухаць, бо ў Табе ўсё, чаго хачу і пажадаю. Няхай замаўчаць усе творы перад воблікам Тваім – Та адзін гавары да мяне”

3. Чым болей мае хто ў сабе еднасці і духова прасцейшы, тым большыя і вышэйшыя рэчы лёгка зразумее, бо святло зразумення з гары атрымае. Чысты, просты і сталы дух не расцярушваецца сярод многіх спраў, бо ўсё робіць дзеля хвалы Боскае і стараецца быць спакойным і вольным ад усякага асабістага клопату.

Бо што ж найбольш цябе спыньвае і муча, як не надмернае пажаданне твайго сэрца? Добры ды пабожны чалавек пачаткова ў самым сабе размяркуе тыя справы, якія рабіць збіраецца.

І не пацягнуць яны яго да пажаданняў нягоднага нахілу, але датарнуе ён іх да суду свайго здаровага розуму. І чыя ж барацьба цяжэйшая, як не таго, хто імкнецца перамагчы самога сябе! І гэта павінна быць нашым жаданнем: - змагацца з самым сабой, кожны дзень рабіцца дужэйшым над сабою і хоць крыху стацца лепшым.

4. Усякая дасканаласць у гэтым жыцці мае ў сабе якуюсь недасканаласць і таму ўсе доследы нашыя не абходзяцца бяз цені. Пакорная свядомасць сябе больш пэўны шлях да Бога, чым найглыбейшыя доследы навуковыя. Ня трэба ганіць ані навукі, ані якога-небудзь звычайнага пазнання аб рэчах, якія самі па сабе ёсць добрыя, бо яны ад Бога, аднак лепш заўсёды – чыстае сумленне ды цнотнае жыццё. Таму, аднак, што многія імкнуцца больш ведаць, як добра жыць – часта блудзяць і мала або зусім не прыносяць карысці.

5. О, каб людзі столькі ўжывалі стараннасці дзеля выкарэньвання дрэнных звычак і гадавання цнотаў, сколькі яе ўжываюць дзеля зусім пустых пытанняў, - не было б столькі зла і згаршэння ў народзе і такой расслабленасці ў дамох законных. Бо сапраўды, калі прыйдзе судны дзень, ня будуць пытацца, як добра мы казалі, але ці пабожна жылі.

Скажы мне – дзе цяпер усе тыя валадары і вучоныя, якіх ты добра знаў, калі яны жылі і квітнелі ў навуках? Ужо іхнія месцы займаюць іншыя і ня ведаю, ці хто падумае аб іх. Калі жылі, дык выглядала, што яны нешта значаць, а цяпер маўчаць ужо аб іх.

6. О, як хутка мінае слава свету! Калі б іхняе жыццё было дастасавана да іх мудрасці, тады іх труды і навукі былі б ім карысныя. Як многа гіне дзеля пустой навукі на свеце, калі мала стараюцца аб службе Богу! І таму, што больш жадаюць быць вялікімі, чымся пакорнымі – “расцярушваюцца ў думках сваіх” (Рым 1, 21).

Сапраўды вялікі, хто мае любоў вялікую. Сапраўды вялікі, хто сябе малым лічыць, а ўсю славу свету за нішто мае. Сапраўды разумны, хто ўсё “прыземнае за смецце ўважае, каб выслужыць сабе Хрыста” (Флп 3, 8).

А сапраўды вучоны, хто спаўняе волю Бога, а сваёй волі выракаецца.