Трэці дзень: спадзяванне толькі на людзкое дзеянне.

    Малітва:

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, наведай вернікаў сваіх,

Напоўні ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой.

Названы Суцяшыцелем, Ты — найвышэйшы Бога дар,

Жыцця крыніца і любоў, і узмацненне нашых душ.

Ты спасылаеш сем дароў, бо маеш сілу ад Айца.

Праз Сына абяцаны нам, Ты мноствам моваў прамаўляў.

Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум нашыя,

І сэрцы нам аздараві, і нашы цноты узмацняй.

Ты злога духа адгані і супакоем адары,

Заўсёды за сабой вядзі і прабачэнне грэшным дай.

Дай праз Цябе Айца пазнаць і шлях да Сына пакажы.

Ты — Дух любові іх дваіх, верым Табе ва ўсе часы.

Богу Айцу хвала заўжды і Сыну ўваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе хвала на вечныя вякі. Амэн. 


a) Шмат людзей цэніць толькі вонкавую дзейнасць, плённасць працы прыпісвае толькі людзкім сродкам. Калі яны моляцца, то вельмі гучна, калі займаюцца апостальствам, то натужваюцца да нэровывых дзеянняў; яны лічаць, што гэта адзіны спосаб здабывання душаў для Бога.

b) Хрыстос не робіць залежным свайго апостальства ані ад багацця, ані ад людзкіх здольнасцяў. Публічнае жыццё Ён распачаў засяроджанасцю ў пустыні. Праз гэта Ён вучыць нас вялікай мудрасці: ...без Мяне (гэта значыць без Маёй дапамогі) вы нічога не можаце зрабіць (Ян 15, 5). Ён дзейнічаў "поўны Духа Святога" (Лк 4, 1).

c) Ці я шукаю ўласнага поспеху, удачы, асабістага ўплыву? Ці разлічваю толькі людзкія сродкі, або ўсё ж такі на Божую ласку? Ці даручаю Богу, як Даўцы ласкаў, тых людзей, з якімі працую? Ці малюся перад тым, як нешта распачаць, падумаць, сказаць? Ці стрымліваю гарачку дзейнасці? Ці вяртаю душы спакой, калі заўважаю, што я ўзбударажаны? Ці падчас якой-небудзь дейнасці прашу парады ў Бога? Ці прагну, каб мяне так, як Хрыста, ва ўсім вёў Святы Дух? Ці я наіўна перакананы ў тым, што мой спосаб мыслення лепшы, а мае дзеянні неабходныя?

d) Марыя, Ты была правадніцай і дапаможніцай Апосталаў. Зрабі так, каб я зразумеў, што мае дзеянні тады будуць плённымі для збаўлення людзей, калі я буду прасіць аб ласцы і дапамозе Божай. 

 

Чытанне:

Ян 15, 5: “Я — вінаградная лаза, вы — галіны.  Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць”.

 

Т. Кэмпійскі “Следам за Хрыстом”: кн. III, раздз. II “Праўда ў душы нашай гаворыць бяз слоў”:

1. “Гавары, о Госпадзе, бо слухае слуга твой” (1 Карал. 3, 9). “Я слуга твой, дай мне разуменне, каб уцяміў я свядоцтвы твае” (Пс 118, 15). “Схілі сэрца маё да слоў вуснаў Тваіх; няхай плыве, як раса, гутарка Твая” (Пс 118, 36). Казалі калісь сыны Ізраэля Майсею: “Гавары ты да нас і будзем слухаць; няхай Госпад не гаворыць да нас, каб мы не паўміралі” (Вых 20, 19). Ня гэтак, о Госпадзе, ня гэтак я малюся, а хутчэй з Самуэлем Пророкам пакорна і з усіх сіл прашу: “Гавары, о Госпадзе, бо слухае слуга Твой!” Няхай не гавора да мяне ані Майсей, ані хто з Прарокаў, але ты сам гавары да мяне, Госпадзе Божа, Ты, што натхніў і асвяціў усіх прарокаў, бо Ты сам бяз іх можаш мяне дасканальна навучыць; яны ж без Цябе нічога не патрапяць.

2. Гудзяць іхнія словы, але духа не даюць. Дужа прыгожа яны гавораць, аднак сэрца не захопліваюць, калі Ты маўчыш. Яны словы паказваюць, але Ты іх змест адчыняеш. Таёмнасці яны апавядаюць, але Ты даеш іх зразуменне. Выдаюць яны загады, але Ты дапамагаеш здейсніці іх. Яны паказваюць шлях, але Ты даеш дужасць ісці па ім. Яны вонкава толькі дзейнічаюць, а Ты вучыш і сэрца саграваеш. Яны паліваюць, але Ты даеш плод. Яны гаманяць словамі, але Ты даеш слуху ўцямак.

3. Дык няхай не гаворыць да мяне Майсей, але Ты, Госпадзе Божа мой, Праўда вечная, гавары да мяне, каб не памёр я ды бяз карысці не застаўся, калі толькі звонку будуць мяне вучыць, а ў душы ня буду сагрэты агнём любові Тваёй. Няхай ня будзе мне прысудам слова, якое пачуў я, але ня здзейсніў, спазнаў, але не палюбіў, уверыў, але ня споўніў. “Дык гавары, Госпадзе, бо слухае слуга твой, бо словы жыцця вечнага маеш” (Ян 6, 68). Гавары да мяне, каб хаця крыху ўзрадавалася душа мая і каб паправілася ўсё жыццё маё. Гавары да мяне дзеля хвалы і славы Тваёй ды годнасці вечнае.