Заканчэнне

Святы Людвік дэ Манфор прапаведваў «Падрыхтоўку да Валадарства Езуса Хрыста»  (СН 227-233), каб «уфармаваць Апосталаў апошніх часоў», як ён сам пра гэта кажа ў першай частцы свайго твору (СН 50-59): «Яны будуць маленькімі ў вачах гэтага свету і ніжэйшымі, пагарджанымі і пераследаванымі, як пята адносна ўсіх іншых частак цела. Затое яны будуць мець вялікую ласку Божую, якой Марыя шчодра іх абдорыць, яны будуць вялікімі і святымі ў вачах Бога, вышэйшымі за ўсіх іншых у сваім жывым запале. Яны будуць настолькі моцна абапірацца на дапамогу Божую, што ў сваёй пакоры разам з Марыяй раздушаць галаву шатана і наблізяць трыюмф Езуса Хрыста.»

Новая Евангелізацыя ў сучасным Касцёле, якую хацелі бачыць Бенэдыкт XVI і папа Францішак, вядзе нас да сапраўднай святасці ў школе Марыі  (Lumen  Gentium,  Дакументы Другога Ватыканскага Сабору II, раздз. 5 і 8). Таму, давайце будзем апосталамі апошніх часоў, заклікаючы «Каралеву нашых сэрцаў» (Pierre-Marie Dessus de Cérou, Dr en théologie mariale).

 

«Яны будуць наследаваць Марыю з Назарэту, прымаючы ў Эўхарыстыі Сына Найвышэйшага Бога. Дзеля гэтага яны павінны практыкаваць гэтую форму ўшанавання падчас Святой Камуніі»  (СН 257-273).  Менавіта ў гэтым заключаецца нашае жыццё ў еднасці з Богам у Езусе Хрысце. На гэтым шляху дапамогуць практыкаванні, да якіх яны павінны вяртацца кожны раз, калі прымаюць Святую Камунію.

Перад Святой Камуніяй

[266] 1. Стань перад Богам у глыбокай пакоры. 2. Адрачыся ад сваёй сапсаванай натуры, схільнасцяў, якімі б добрымі яны ні здаваліся твайму самалюбству. 3. Аднаві сваё прысвячэнне наступнымі словамі: «Tuus totus ego sum, et omnia mea tua sunt» («Я ўвесь Твой, мая дарагая Гаспадыня, разам з усім, што маю»). 4. Прасі гэтую добрую Маці даць табе Сваё Сэрца, каб атрымаць у Ім Яе Сына з той самай гатовасцю. Скажы Ёй, што хвала Яе Сына патрабуе чыстага сэрца, каб Яго прыняць, бо такое забруджанае сэрца, як тваё, можа быць перашкодай для Яго хвалы. Але, калі Яна жадае жыць у табе, каб прыняць там Свайго Сына, то можа гэта зрабіць уладай, якую мае над усімі сэрцамі. І тады Яе Сын будзе прыняты ў тваім сэрцы без заганы і пагрозы быць зняважаным. «Deus in medio ejus  non commovebitur». Скажы Ёй з даверам, што ўсіх дабротаў, што ты аддаў Ёй, замала, каб Яе ўшанаваць, але праз Святую Камунію ты хочаш зрабіць Ёй той самы падарунак, што і Спрадвечны Айцец. А Яна праз гэта будзе ўшанаваная больш, чым калі б ты даў Ёй усе даброты свету. Езус жа, што любіць Яе непаўторнай любоўю, далей жадае знаходзіць у Ёй Сваё ўпадабанне і адпачынак. І хоць твая душа бруднейшая і бяднейшая, чым стайня, Езус увойдзе ў Яе без перашкодаў, бо там ужо будзе Марыя. Прасі ў Марыі даць табе Сваё Сэрца гэтымі пяшчотнымі словамі: «Accipio te in mea omnia. Praebe mihi cor tuum, o Maria!» («Прымаю Цябе за ўсё сваё дабро. Дай мне Сваё Сэрца, Марыя!»)

Падчас Святой Камуніі

   [267] 2. Гатовы прыняць Езуса Хрыста, памаліся «Ойча наш», потым скажы тры разы: «Domine,  non sum dignus» («Госпадзе, я ня варты»). Першы раз кажы Спрадвечнаму Айцу, што з-за сваіх дрэнных думак і няўдзячнасці да такога добрага Айца ты ня годны прыняць Яго адзінага Сына. Але вось Марыя, Яго служабніца. «Ecce ancilla Domini». Яна дае табе давер і адмысловую надзею перад абліччам Яго Велічы. «Quoniam singulariter in spe constituisti me».

   [268] Потым кажы Езусу: «Domine, non sum dignus» («Госпадзе, я ня варты»). Кажы, што ты ня годны прыняць Яго з-за сваіх марных і дрэнных словаў і нявернасці ў служэнні Яму. Але, нягледзячы на гэта, ты моліш Яго злітавацца над табой, бо жадаеш увесці Яго ў пакой Яго і тваёй Маці і не перастанеш Яго прасіць, пакуль Ён не паселіцца ў тваёй душы. «Tenui eum, nec dimittam, donec introducam illum in domum matris meae, et in cubiculum genitricis meae» (Cant 3, 4). («Я схапіла яго і не адпушчу, пакуль не прывяду да дому маёй маці, да пакою той, што нарадзіла мяне»). Прасі Яго ўзняцца і прыйсці да месца адпачынку і да каўчэга свайго асвячэння. «Surge, Domine, in requiem tuam, tu et arca sanctificationis tuae» («Прыйдзі, Госпадзе, да месца свайго адпачынку, Ты і Твой каўчэг, поўныя хвалы) (пар. Пс 132, 8). Скажы Яму, што не будзеш ускладаць надзеі ў сваіх заслугах, моцы і падрыхтоўцы, як Эсаў, але толькі ў Марыі, Яго дарагой Маці, як маленькі Якуб пад аховай Рэбэкі. Грэшнік і Эсаў, якім ты з’яўляешся, адважся Яго прасіць дазволіць наблізіцца да Яго святасці, падтрыманы і аздоблены цнотамі Яго Святой Маці.

   [269] Скажы Духу Святому: «Domine, non sum dignus», — што ты ня годны атрымаць найвышэйшае стварэнне Яго Любові з-за холаду і несправядлівасці ва ўчынках і непаслухмянасці Яго натхненням. Але ўвесь свой давер ты пакладаеш у Марыі, Яго вернай Абранніцы. Скажы таксама разам са святым Бернардам: «Haec maxima mea fiducia; haec tota ratio spei meae» («Марыя — уся мая надзея»). Ты можаш таксама маліць Яго яшчэ раз сысці на Марыю,  Сваю неразрыўную Абранніцу, бо Яе ўлонне гэтак сама чыстае і Сэрца гэтак сама палымнее любоўю, як і раней. І без Яго сыходу ў тваю душу ані Езус, ані Марыя не змогуць быць у ёй уфармаваныя і не знойдуць там годнага прытулку.

Пасля Святой Камуніі

   [270] Пасля Святой Камуніі, унутрана засяроджаны, з заплюшчанымі вачыма, прывядзі Езуса Хрыста ў Сэрца Марыі. Аддай Яго Маці, якая прыме Яго з любоўю, з годнасцю схавае, з глыбокай пакорай ушануе, дасканала будзе любіць, чула Яго абдыме і ў духу і праўдзе зробіць Яму шмат паслугаў, якія застануцца невядомыя нашаму цёмнаму розуму.

   [271] Можаш таксама ў глыбокай пакоры сэрца трываць у прысутнасці Езуса, што жыве ў Марыі. Будзь як нявольнік перад дзвярыма палацу Караля, дзе Кароль размаўляе з Каралевай. І паколькі, размаўляючы паміж сабой, яны цябе не патрабуюць, духам узнясіся да неба і агарні ўсю зямлю, прасі стварэнні дзякаваць, усхваляць і любіць Езуса і Марыю за цябе: «Venite, adoremus, venite» («Прыйдзіце, паклонімся»; пар. Пс 94, 6).

   [272] Або сам прасі ў Езуса, у еднасці з Марыяй, надыходу Яго валадарства на зямлі праз Яго святую Маці. Ці лепш, прасі Божай мудрасці, ці Божай любові, ці прабачэння грахоў, ці нейкай іншай ласкі, але заўсёды праз Марыю і ў Марыі, пакорна кажучы: «Ne respicias, Domine, peccata mea» («Госпадзе, не зважай на грахі мае»). «Sed oculi tui videant aequitates Mariæ» («Але няхай Твае вочы бачаць ува мне толькі цноты і заслугі Марыі»). А згадваючы пра свае грахі дадай: «Inimicus homo hoc fecit» («Гэта я ўчыніў гэты грэх, я, што найвялікшы вораг сам сабе»). Або: «Ab homine iniquo et doloso erue me» («Ён павінен узрастаць, а я памяншацца. Або: «Te oportet crescere, me autem minui» («Мой Езу, узрастай у маёй душы, а я буду памяншацца»). Марыя, трэба, каб Ты ўзрастала ўва мне, а я ўсё памяншаўся. «Crescite et multiplicamini». O Езусе і Марыя, узрастайце ўва мне і ў маіх бліжніх.

   [273] Існуе безліч думак, якія натхняе Дух Святы. Ён натхніць іх і табе, калі ты будзеш засяроджаны, утаймаваны і верны гэтаму вялікаму і велічнаму практыкаванню, якому я толькі што цябе навучыў. Памятай, аднак, што, чым больш ты дазволіш дзейнічаць Марыі падчас Святой Камуніі, тым больш Езус атрымае хвалы. Чым большую ты будзеш мець пакору, тым больш дазволіш Марыі дзейнічаць для Езуса, а Езусу ў Марыі. І будзеш слухаць іх з супакоем і ў цішыні, не жадаючы ўбачыць, скаштаваць і адчуць. Бо справядлівы заўсёды жыве верай, а асабліва падчас Святой Камуніі, якая з’яўляецца актам веры. «Justus meus ex fide vivit».