На працягу 33 дзён будуць пададзеныя тэксты, каб дапамагчы ў разважаннях і малітве паводле метаду Lectio divina (чытаць і разважаць над ключавымі словамі або важнымі фразамі). Кожны можа іх камплектаваць згодна са сваім становішчам, паводле свайго густу, а таксама часам, які ён можа прысвяціць малітве кожнага дня. Большасць спасылак падрыхтаваная такім чынам, каб пазбегнуць няўважлівасці ў малітве.
12 ДЗЁН, КАБ
ПАЗБАВІЦЦА АД ДУХА
ГЭТАГА СВЕТУ
- распазнаць, якія ўва мне ёсць азнакі духа гэтага свету;
- з пакорай прасіць Езуса і Марыю дапамагчы мне ад іх пазбавіцца.
ПЕРШЫ
ДЗЕНЬ:
Не
ісці за духам гэтага свету.
Малітва да Святога Духа
Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы,Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «не дастасоўвайцеся да гэтага веку»
* «Радуйцеся і весяліцеся!»
* «Радуйцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая
ў нябёсах!»
1. Прашу вас, браты, праз літасць Божую: аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу як разумнае служэнне вашае. 2. І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае.
Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Таямніца Марыі 3
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Душа, воля Божая аб табе ў тым, каб ты была святой.»
* «Стань святой!»
3.
Душа, жывы вобраз Бога, адкуплены найкаштоўнейшай Крывёю Езуса Хрыста, воля
Божая аб табе ў тым, каб ты была святой, як Ён, у гэтым жыцці і слаўнай, як Ён,
у іншым.
Набыццё
святасці Божай - гэта тваё бясспрэчнае пакліканне; менавіта ў гэтым кірунку ўсе
твае думкі, словы і ўчынкі, пакуты і рухі твайго жыцця павінны імкнуцца; у
іншым выпадку ты будзеш супраціўляцца Богу, не выконваючы тое, дзеля чаго Ён
цябе стварыў і захоўвае цяпер.
O! Які цудоўны твор! Пыл пераменены ў святло, бруд у чысціню, грэх у святасць, стварэнне ў Творцу і чалавек у Бога! O цудоўны твор! Я паўтараю гэта, але твор складаны сам па сабе і немагчымы для адной чалавечай натуры; толькі Бог праз сваю ласку, незлічоную і непараўнальную, можа здзейсніць гэта; і стварэнне ўсяго сусвету не ідзе ў параўнанне з гэтым шэдэўрам.