Малітва да Святога Духа
Прыйдзі, Стварыцель
Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Біблійнае чытанне: Рым 7, 4-6
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Памерлі для Закону»
* «Мы вызваліліся ад Закону,
каб служыць у новым духу»
* «Мы былі вызваленыя ад
смерці праз Хрыста»
4 Гэтак і вы, браты мае, памерлі для Закону праз цела Хрыста, каб належаць другому, які ўстаў з мёртвых, каб прыносіць плод Богу. 5 Бо, калі мы былі ў целе, тады страсці грахоўныя праз Закон дзейнічалі ў членах нашых, каб даваць плод смерці. 6 Цяпер жа, памерлыя для Закону, якім былі звязаны, мы вызваліліся ад яго, каб служыць у новым духу, а не паводле старой літары.
Або іншае чытанне: Папа Францішак, Рым, 4 кастрычніка 2013 г., свята св. Францішка Асізскага.
Ён паклікаў вызваліцца ад “вельмі вялікай небяспекі, якая пагражае кожнай асобе ў Касцёле: гэта небяспека святовасці». Для папы агаленне не з’яўляецца факультатыўным: хрысціянін павінен «ісці шляхам Хрыста, які сам крочыў шляхам агалення... упакорыўся... ажно да крыжа». Для хрысціяніна «няма іншага шляху». Ён перасцерагаў ад спакусы «зрабіць хрысціянства больш чалавечным, без крыжа, без Езуса, без агалення»: тыя, што гэта зробяць, стануць «хрысціянамі з цукерні, як прыгожы пірог...» Хрысціянін павінен пазбавіцца ад «самага вялікага граху»: «ідалапаклонства». На самай справе ён не можа «жыць з духам гэтага свету. Святовасць вядзе да марнасці, да высакамернасці, да пыхі. А гэта ідал, не Бог». Гэтае агаленне датычыцца ўсіх: «Калі ў медыях кажуць пра Касцёл, з’яўляецца ўражанне, што Касцёл гэта святары, манахі, біскупы, кардыналы і папа. Але Касцёл – гэта ўсе мы». Таму ўсе пакліканыя «вызваліцца ад гэтай святовасці», якая «супярэчыць духу блаславенстваў, духу Езуса Хрыста. Святовасць нясе зло.
Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы 68
Ключавыя словы і фразы для разважання
* «Езус купіў нас вельмі дорага»
* «Смерць на Крыжы: якое знеслаўленне, якая жудасная пакута…»
* «Коштам Сваёй Крыві»
* «Мы належалі д’яблу, але
Хрыстус вызваліў нас на Крыжы»
[68] Другая праўда. Трэба зрабіць выснову, зыходзячы з таго, кім для нас з’яўляецца Езус, што мы, як кажа Апостал, не належым сабе, але цалкам належым Яму, як Яго супольнікі і нявольнікі, якіх Ён купіў вельмі дорага, коштам Сваёй Крыві. Перад хростам мы належалі д’яблу, як яго нявольнікі. Але хрост зрабіў нас сапраўднымі нявольнікамі Езуса Хрыста[1], якія павінны жыць, працаваць і памерці толькі каб прынесці плён дзеля Бога-Чалавека. Мы павінны зрабіць усё, каб праславіць Яго ў нашым целе і дазволіць валадарыць у нашых душах, таму што мы заваяваныя Ім, мы — Яго народ і спадчына. І таму Дух Святы нас параўноўвае: 1) з дрэвамі, пасаджанымі каля водаў ласкі, на полі Касцёла, якія павінны даць плод у свой час; 2) з галінкамі вінаграднай лазы, якой з’яўляецца Езус Хрыстус, што павінны прыносіць добры плён; 3) з авечкамі, добрым пастырам якіх з’яўляецца Езус Хрыстус і якія павінны памнажацца і даваць малако; 4) з урадлівай зямлёй, якую апрацоўвае Бог і ураджай якой памнажаецца ў трыццаць, шэсцьдзесят і сто разоў. Езус Хрыстус праклінае сухое фігавае дрэва і асуджае нягоднага слугу, што схаваў свой талент. Усё гэта пацвярджае, што Езус Хрыстус хоча, каб мы, слабыя людзі, прыносілі плады, гэта значыць, нашыя добрыя справы, бо яны Яго поўная ўласнасць: Creati in operibus bonis in Christo Jesu: “Мы Яго справа, створаныя ў Езусе Хрысце дзеля добрых справаў” (пар. Эф 2, 10). Гэтыя словы Бібліі паказваюць, што Езус Хрыстус — адзіная мэта ўсіх нашых добрых справаў, і мы павінны служыць Яму не толькі як залежныя слугі, але таксама як нявольнікі любові.
Пытанне: ці мае правіны пануюць нада мной? З якім грахом мне найбольш трэба змагацца?[1]
Біблійнае пацверджанне гэтай праўды, якую так цяжка прыняць сучаснаму чалавеку,
які хоча быць незалежным нават ад Бога, можна знайсці ў прарока Ісаі. У гэтым
кантэксце можна зразумець гэта так: “Так кажа Госпад, Твой Творца, Якубе: О
Ізраэль, не бойся, бо Я адкупіў цябе, паклікаў цябе па імені, ты мне належыш”
(пар. Іс 43, 1-12).