Чацвёрты дзень: мудрасць Крыжа.

Малітва да Святога Духа

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, 
Наведай вернікаў сваіх,
 
Напоўні ласкай з вышыні
 
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
 
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
 
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў, 
Бо маеш сілу ад Айца. 
Праз Сына абяцаны нам, 
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці 
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві, 
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані 
І супакоем адары, 
Заўсёды за сабой вядзі 
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць 
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх, 
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу. 
Суцяшыцелю, Табе 
Хвала на вечныя вякі. Амэн. 

Біблійнае чытанне: Мк 8, 31-33  

Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець»
* «Укрыжавалі з ім двух злачынцаў» 

31 Ён пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. 32 І казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. 33 Але Ён, павярнуўшыся і паглядзеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, кажучы: «Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае». 

Або іншае Біблійнае чытанне: Mц 27, 36-44 

36 І, седзячы, пільнавалі Яго там. 37 А над галавой Ягонай змясцілі надпіс з віной: «Гэта Езус, кароль Юдэйскі». 38 Тады ўкрыжавалі з ім двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку. 39 Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі 40 і кажучы: «Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш,  уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа!» 41 Таксама і  першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі: 42 «Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. Ён — кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, і мы паверым у Яго. 43 Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго, бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”». 44 Таксама і злачынцы, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго.    

 Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Любоў Спрадвечнай Мудрасці 169 

Ключавыя словы і фразы для разважання
* «Уцелаўлёная Мудрасць палюбіла Крыж»
* «Яна атрымала яго ва ўлонні Сваёй Маці»
* «Мой Божа, Мой Ойча, Я выбраў гэты Крыж»  

[169] Уцелаўлёная Мудрасць палюбіла Крыж яшчэ з дзяцінства... Яна яшчэ не прыйшла ў гэты свет, а ўжо атрымала яго ва ўлонні Сваёй Маці, з рук Спрадвечнага Айца, і склала яго ў Сваім Сэрцы, каб ён там панаваў, кажучы: «Мой Божа, Мой Ойча, я выбраў гэты Крыж яшчэ ў Тваім улонні», Я выбіраю яго ізноў ва ўлонні Маёй Маці; Я люблю яго з усёй маёй моцы і кладу яго ў Сваім Сэрцы, каб ён быў Маім абраннікам і настаўнікам. 

   Практыкаванне: у сваёй сённяшняй малітве папрасі Бога, праз заступніцтва Марыі, даць табе любоў да Крыжа. 

   На заканчэнне: малітва святога ружанца.