Дванаццаты дзень: культ матэрыяльных рэчаў.

 Малітва:

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, наведай вернікаў сваіх,

Напоўні ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой.

Названы Суцяшыцелем, Ты — найвышэйшы Бога дар,

Жыцця крыніца і любоў, і узмацненне нашых душ.

Ты спасылаеш сем дароў, бо маеш сілу ад Айца.

Праз Сына абяцаны нам, Ты мноствам моваў прамаўляў.

Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум нашыя,

І сэрцы нам аздараві, і нашы цноты узмацняй.

Ты злога духа адгані і супакоем адары,

Заўсёды за сабой вядзі і прабачэнне грэшным дай.

Дай праз Цябе Айца пазнаць і шлях да Сына пакажы.

Ты — Дух любові іх дваіх, верым Табе ва ўсе часы.

Богу Айцу хвала заўжды і Сыну ўваскрэсламу.

Суцяшыцелю, Табе хвала на вечныя вякі. Амэн.

 

а) Рэкорды ў кожнай галіне – вось, што прываблівае людзей. Важныя грошы і поспех. Хто думае пра здароўе і жыцё сваёй душы?

b) Хрыстос меў іншую герархію каштоўнасцяў. "Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам" (Мц 6, 33). "Не можаце служыць Богу і мамоне" (Лк 16, 13). Божыя міліянеры – гэта рэкардсмены любові да бліжняга і асабістай ахвяры.

c) Што я стаўлю на першае месца: маё цела ці душу? Ці не перабольшваю ў клопаце аб сваім целе, можа нават шкодзячы сваёй душы? Што я цаню больш: свае ўнутраныя даброты (ласку, цноту...) або вонкавыя даброты (грошы, знешні выгляд...)? Ці з'яўляюся нявольнікам сваіх матэрыяльных клопатаў? Ці магу надаць грашам іх сапраўдную вартасць? Ці гатовы я лепш прыняць матэрыяльную страту і фізічнае цярпенне, чым учыніць грэх? Згаджаючыся на матэрыяльныя страты і цярпенні, ці змагу я з гэтага выцягнуць духоўную карысць?

d) Марыя, Ты перш за ўсё прагнула Божага Валадарства, гэта значыць панавання волі Божай у Сваім Сэрцы і ў сэрцах усіх людзей. Навучы мяне ставіць на першае месца тое, што мае сапраўдную вартасць, тое, чаму Хрыстос навучае ў Евангеллі.

 

Чытанне:

Мц 6, 24-34: "Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне. Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела – за вопратку? Паглядзіце на птушак  нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць,  ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя за іх? І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць? І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя? Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці?”  або: “Што піць?” або: “У што апрануцца?” Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Айцец Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.

 

Т. Кэмпійскі “Следам за Хрыстом: кн. III, раздз. LIII "Ласка Божая не сыходзіць на тых, каму да спадобы зямныя рэчы":

1. Сыне, вялікая цана ласкі маёй і ня годзіцца яна з пабочнымі справамі ды з пацехамі зямнымі. І таму адкінуць трэба ўсе запыны ласкі, калі хочаш карыстацца яе прысутнасцю. Шукай зацішнага куточка, няхай будзе табе мілаю самота, ня шукай з нікім гутарак, а хутчэй да Бога пабожна маліся, каб даў Ён табе пакутнае сэрца ды чыстае сумленне. Няхай свет будзе табе нічым, а служба Богу няхай будзе табе справай найважнейшай. Бо немагчыма адначасна мне служаць і мець спадобу ў рэчах хутка мінаючых. Ад знаёмых і мілых сэрцу ды ад усякага клопату ад дачаснасці няхай будзе дух твой вольны. Багаслаўлёны Апостал Пётра кажа, што верным слугам Хрыста трымацца трэба на свеце, як вандроўнікам і пілігрымам.

2. О, з якою ж вераю паміраць будзе той, каго свет нічым ня звязвае. Нядужы розум аднак ня ўцяміць, як можна мець сэрца так аддзеленае ад усяго, а чалавек цялесны не спазнае свабоды ўнутранага чалавека. Аднак, калі хто сапраўды хоча быць духовым, трэба яму зрачыся і далёкіх, і блізкіх, і нікога больш не сцерагчыся, як сябе самога. Калі сябе зусім пераможаш, усім іншым лёгка завалодаеш. Найвялікшая перамога – гэта перамагчы сябе самога. Бо, калі хто сабою гэтак завалодаў, што пачуццёвасць розуму, а розум ува ўсім мне паслухмяны – той сапраўды пераможца сябе і пан над усянюткім светам.

3. Калі імкнешся трапіць гэтак высока, трэба мужна пачаць і сякеру да карэнняў прылажыць, каб вырваць ды выкінуць далёка скрытае, грэшнае самалюбства і нахіл да асабістага і пачуццёвага дабра. Ад таго, што чалавек грэшна самога сябе любіць, залежыць амаль усё тое, што перамагчы і выкараніць трэба; дык гэтую загану, гэтае галоўнае зло перамогшы і падбіўшы, настане ў душы вялікі супакой і цішыня заўсёдная. Але мала ёсць такіх, каторыя стараюцца цалкам высвабадзіцца ад сваіх нахілаў і памерці самым сабе, і таму людзі звычайна бываюць расцярушаны ў сабе самых ды ня патрапяць падняцца над сябе духам. А таму, хто імкнецца верна Мяне наследаваць, трэба абавязкова, каб усе благія ды грэшныя ўчуцці свае замарыў ды не любіў нікога зашмат зямной любоўю.