Малітва да Святога Духа
Прыйдзі, Стварыцель
Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Біблійнае чытанне: Флп 2, 5-11
Ключавыя словы і фразы для разважання:
*
«Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе»
* «Ён,
прыпадобніўшыся да людзей»
5 Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе. 6 Ён, будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам, 7 але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы як чалавек, 8 прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай. 9 Таму Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усялякае імя, 10 каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных, 11 і каб кожны язык вызнаваў, што Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца.
Або іншае Біблійнае чытанне: Ян 15, 15-17
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Я
назваў вас сябрамі»
* «Гэта
Я вас выбраў»
* «Любіце
адзін аднаго»
15 Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў вас сябрамі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. 16 Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. 17 Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы 261, 262, 265
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Найсвяцейшая
Дзева — гэта сапраўдны зямны рай новага Адама, у якім Ён знайшоў упадабанне»
*
«Гэта святое месца, створанае з дзявоцкай беззаганнай глебы, у якой быў уфармаваны
і ўскормлены новы Адам»
*
«Менавіта ў гэтым зямным раі сапраўднае дрэва жыцця нарадзіла Езуса Хрыста»
* «Марыя
– гэта ўсходняя брама»
* «Гэта
Святыня Боскасці, Адпачынак Найсвяцейшай Тройцы, Трон Божы, Горад Божы, Алтар
Божы, Святыня Божая»
[261] 3. Трэба ўсё
рабіць у Марыі.
Каб добра зразумець гэтае практыкаванне, трэба ведаць,
што: 1) Найсвяцейшая Дзева — гэта сапраўдны зямны рай новага Адама, а ранейшы
зямны рай быў толькі яго вобразам. У гэтым зямным раі ёсць
усе багацці, уся прыгажосць, рэдкая і невыказная слодыч, якую там пакінуў новы
Адам, Езус Хрыстус. Менавіта ў гэтым раі Ён знайшоў Сваё ўпадабанне і на
працягу дзевяці месяцаў чыніў цуды і ўстанавіў свае багацці з сапраўднай Боскай
шчодрасцю. Гэта святое месца, створанае з дзявоцкай беззаганнай глебы, якой быў
уфармаваны і ўскормлены новы Адам, без ніводнай плямы і заганы, праз дзеянне
Духа Святога. Менавіта ў гэтым зямным раі сапраўднае дрэва жыцця нарадзіла
Езуса Хрыста, плод жыцця, і дрэва пазнання дабра і зла дала святло свету. Ёсць
у гэтым боскім месцы дрэвы, пасаджаныя рукой Божай і палітыя Яго Боскай расой.
Гэтыя дрэвы прыносілі і штодня прыносяць плёны з Божым смакам. Ёсць там кветнікі, аздобленыя рознымі
прыгожымі кветкамі цнотаў, а іх водар ап’яняе нават анёлаў. Ёсць у гэтым месцы
зялёныя лугі надзеі, нязломныя вежы моцы, прыгожыя дамы даверу. І толькі Дух
Святы можа дазволіць спазнаць праўду, схаваную за матэрыяльнымі рэчамі. Паветра
тут чыстае і не забруджанае; тут цягнецца прыгожы дзень святасці чалавецтва, і
няма ночы, а таксама прыгожы дзень Боскасці без хмараў; там бясконца гарыць
полымя любові, у якім жалеза перамяняецца ў золата; ёсць таксама рака пакоры,
што б’е з-пад зямлі і, раздзялячыся на чатыры часткі, амывае ўсё навокал: гэта
сімвал чатырох кардынальных цнотаў.
[262] [2)] Дух Святы вуснамі святых
Айцоў называе таксама Святую Дзеву: а) Усходняй Брамай, праз якую ўваходзіць у
свет і выходзіць вялікі Святар Езус Хрыстус; першы раз Ён увайшоў праз Яе і
такім самым шляхам прыйдзе другі; б) Святыняй Боскасці, Адпачынкам Найсвяцейшай
Тройцы, Тронам Божым, Горадам Божым, Алтаром Божым, Святыняй Божай, Святлом
Божым. Усе параўнанні і праслаўленні вельмі праўдзівыя што да розных цудаў і
ласкаў, што Найвышэйшы ўчыніў у Марыі. O, якое багацце! O, якая хвала! O, якое задавальненне! O, якое шчасце — мець магчымасць увайсці і прабываць у Марыі, дзе Найвышэйшы
стварыў Сабе Трон найвышэйшай хвалы!
[265] 4. Нарэшце, трэба ўсё рабіць дзеля Марыі. Цалкам аддаўшыся Яе служэнню, трэба ўсё рабіць дзеля Яе, як нявольнік і слуга. Не таму, што Яна — канчатковая мэта нашага служэння, бо гэта толькі Езус Хрыстус, але Яна — нашая найбліжэйшая мэта, таямнічае поле дзейнасці Яе Сына і лёгкі шлях, каб ісці да Яго. Таму добры слуга і нявольнік не павінен сядзець склаўшы рукі. Трэба, аднак, абапіраючыся на Яе апеку, брацца і рабіць вялікія справы дзеля гэтай велічнай Гаспадыні. Трэба бараніць Яе годнасць, калі Яе зневажаюць; бараніць Яе хвалу, калі на Яе нападаюць; калі магчыма, усіх заахвочваць да служэння Ёй і да гэтага сапраўднага і магутнага практыкавання; трэба выступаць супраць тых, што злоўжываюць формамі набажэнстваў да Яе, каб абразіць Яе Сына, і адначасова распаўсюджваць гэтае сапраўднае ўшанаванне. А як узнагароду за гэтыя маленькія паслугі жадаць толькі гонару належаць гэтай любай Князёўне і шчасце быць цалкам з’яднаным праз Яе з Езусам, Яе Сынам, неразрыўнай повяззю, цяпер і назаўсёды.
Хвала
Езусу ў Марыі! Хвала
Марыі ў Езусе!
Хвала
Богу Адзінаму!
Практыкаванне: Заўтра, або ў іншы дзень, які ты абраў, прачытай свой акт ПРЫСВЯЧЭННЯ ЕЗУСУ ПРАЗ МАРЫЮ паводле святога Людвіка-Марыі дэ Манфора. Зрабі цвёрдую пастанову быць яму верным, каб кожнага дня ўзрастаць у святасці: «Будзьце дасканалымі, як і Айцец ваш нябесны дасканалы» (Mt 5,48)
********