Пятнаццаты дзень: мой погляд на жыццё.

Малітва:

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, наведай вернікаў сваіх,

Напоўні ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой.

Названы Суцяшыцелем, Ты — найвышэйшы Бога дар,

Жыцця крыніца і любоў, і узмацненне нашых душ.

Ты спасылаеш сем дароў, бо маеш сілу ад Айца.

Праз Сына абяцаны нам, Ты мноствам моваў прамаўляў.

Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум нашыя,

І сэрцы нам аздараві, і нашы цноты узмацняй.

Ты злога духа адгані і супакоем адары,

Заўсёды за сабой вядзі і прабачэнне грэшным дай.

Дай праз Цябе Айца пазнаць і шлях да Сына пакажы.

Ты — Дух любові іх дваіх, верым Табе ва ўсе часы.

Богу Айцу хвала заўжды і Сыну ўваскрэсламу.

Суцяшыцелю, Табе хвала на вечныя вякі. Амэн.

 

a) Ці выпадкова тое, што я ў дадзены момант той, хто я ёсць? Напэўна не. Мая сям’я, асяроддзе, акалічнасці жыцця, мае заняткі, адным словам, маё жыццё было прадбачана Божай Любоўю.

b) Пан Езус таксама, як і я, апынуўся перад абліччам свайго прызначэння. Ён сказаў: "Вось іду выконваць Тваю волю" (Габр 10, 9). І даў цалкавітую згоду распараджацца сваім жыццём.

c) Ці я рэагую на кіраванне Божага Провіду? Ці я незадаволены, узбунтаваны, ці гатовы прыняць волю Божую такой, якая яна ёсць? Ці стараюся ў змяняючыхся акалічнасцях майго жыцця ўбачыць праяўленне волі Божай? Ці бачу ў іх дабрыню і любоў да мяне? Ці стараюся растлумачць гэта іншым асобам, якія толькі наракаюць? Ці я сапраўды веру ў прадбачлівую апеку Божага Айцоўства нада мной? Ці сведчу аб гэтым? Ці дастаткова давяраю Богу ў выпрабаваннях і цяжкасцях? Ці маю пачуццё абавязку? Ці гатовы на любую ахвяру, каб быць верным сваім абавязкам, каб сумленна іх выконваць, таму што Бог даручае мне гэтую працу і магчымасць яе выканаць? Ці я перакананы ў вялікай вартасці добра выкананай працы? Яе людзкой вартасці, а таксама асвячальнай – Божай? Ці я ўсведамляю, што ўсё, што мяне адрывае ад майго абавязку стану, які з’яўляецца Божай воляй, напэўна выбівае мяне з каляіны і вядзе да няшчасця?

d)  Найвярнейшая Панна, будзь пры мне кожную хвіліну і дапамагай мне старанна выконваць мае абавязкі, гэта значыць выконваць Божую волю адносна мяне.

 

Чытанне:

Ян 13, 1-10: Перад святам Пасхі Езус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх. І падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта, каб выдаць Яго, Езус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя і што Ён выйшаў ад Бога і да Бога ідзе, устаў з-за стала, скінуў верхнюю вопратку і, узяўшы палатно, падперазаўся. Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням, і выціраць палатном, якім быў падперазаны. Падышоў да Сымона Пятра. Той сказаў Яму: «Пане, Ты хочаш абмыць мне ногі?» Езус адказаў яму: «Тое, што Я раблю, Ты цяпер не разумееш, але зразумееш пасля». Сказаў Яму Пётр: «Не, не абмыеш ніколі маіх ног!» Езус адказаў яму: «Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною». Сымон Пётр кажа Яму: «Пане, не толькі ногі, але і рукі, і галаву!» Сказаў яму Езус: «Абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты. І вы чыстыя, але не ўсе».

 

Т. Кэмпійскі “Следам за Хрыстом: кн. III, раздз. XVII “Усе нашы клопаты Богу даручыць трэба”:

1. Езус Хрысту: Сыне, дазволь рабіць мне з табою, што захачу: Я ведаю, што патрэбна табе. Ты думаеш па-чалавечаму ды судзіш паводле таго, куды цябе клоніць нахіл твой.

2. Вучань: Праўду, Пане, Ты кажаш. Большы дагляд Твой нада мною, чымся ўсё, што я мог бы сабе выклапатаць. Слаба стаіць той, хто не даручыў Табе ўсіх сваіх клопатаў. Пане, няхай бы толькі воля мая шчырая і праўдзівая ў Табе супачыла, а рабі, што хочаш са мною. Бо ж толькі дабром будзе тое, што зробіш Ты мне. Калі захочаш пакінуць мяне ў цемры – будзь бласлаўлёны, калі захочаш, каб быў я ў святле – будзь ізноў бласлаўлёны. Калі захочаш мяне пацешыць – будзь бласлаўлёны, калі і ў клопаты кінеш мяне – будзь аднолькава заўсёды бласлаўлёны.

3. Езус Хрыстус: Гэткім, сыне, трэба быць, калі хочаш ісці за Мною. Трэба, каб быў ты такім ахвотным цярпець, як і радавацца. Аднолькава трэба любіць бяду і галечу, як і багацці з дастаткамі.

   4. Вучань: Пане, ахвотна стрываю ўсё, што трапіцца мне, дзякаваць буду Табе. Сцеражы мяне ад кожнага граху – а я ня буду палохацца смерці і пекла. Абы толькі не адкінуў мяне Ты на векі, ды ня выкасаваў з кнігі жыцця, а турботы, якія даў бы Ты мне, ня былі б мне шкоднымі.