Трыццаты дзень: старэйшы Брат.

  Малітва св. Аўгустына:

Езу Хрысце... Мудрасць мая, Прастата мая, Супакой мой… Чаму я любіў і прагнуў нечага па-за Табой? Чаму думкамі я не быў заўсёды з Табой? Досыць ужо гэтага чакання. Няхай з гэтай хвіліны кожнае маё прагненне імкнецца да Цябе, няхае спяшаецца, няхай рупліва шукае і знаходзіць Цябе. Найсаладзейшы Езу, будзь любоўю, раскошай і захапленнем кожнага чалавека, прысвечанага Тваёй хвале. Будзь усім для майго сэрца. Няхай маё сэрца будзе алтаром, на якім гарыць жывы агонь Тваёй любові. Спальвай мяне няспынна і бяз рэшты, каб у хвіліну смерці не было ўва мне нічога апрача любові. Амэн.

 

a) Бог Айцец прагне, каб людзі станавіліся падобнымі да вобразу Яго Сына, каб Ён быў першародным сярод шматлікіх братоў (пар. Быц 8, 29).

b) Божа, Ты ведаеш мяне ад стварэння свету. З самага пачатку Ты хочаш, каб я стаўся падобным да Твайго Боскага Сына. Хрост зрабіў кожнага з нас малодшым братам і сястрой Езуса, Яго сваякамі. Мяне яднае сямейнае радство з Богам. Ужо не толькі згодна з законам, як усынаўлёнае дзіця, але па-сапраўднаму і рэчаісна, бо я жыву тым самым жыццём, што Бог. Тваё жыццё, Божа, ёсць ува мне. Праз свайго Брата Хрыста я з’яўляюся сынам (дачкой) Божым. Прамянеючае ў Хрысце Божае жыццё пачынае таксама і ўва мне праменяваць праз добрыя ўчынкі, праз дабрыню і любоў да людзей.  

c) Ты ўключыў мяне ў Сваё жыццё, Сыне Айца, мой Браце. Ты абмыў мяне Сваёй Крывёю. Я, можна сказаць, апрануты ў Цябе. Гэта Ты адкрываеш мне доступ да Твайго Айца. Айцец бачыць мяне ў Табе і прымае мяне як Свайго Сына. Пакрыты Тваёй ласкай, я належу да вялікай Божай Сям’і, да Касцёла. Я самым рэчаісным спосабам злучаны з усімі людзьмі, маімі братамі і сёстрамі, таму што ў іх, як і ўва мне, ёсць тое самае жыццё.Тваё жыццё, Хрысце, Тваё жыццё ўва мне, так як кожнае жыццё падпарадкоўваецца закону ўзрастання і развіцця. Калі я стараюся быць верным Твайму закону, тады кожнага дня павялічваецца маё падабенства да Цябе, ува мне развіваецца Твая дабрыня, чыстасць, пакора, любоў, гэта значыць Твае рысы.  

d) Марыя, у Табе Бог стаўся маім Братам і даў мне Цябе за Маці, каб Ты мяне фармавала на Яго вобраз і падабенства. Аддаюся Табе бяз рэшты, каб Ты наблізіла мяне да Твайго Сына.

 

Чытанне:

Ян 15, 1-17: “Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое  Я  сказаў  вам.  Заставайцеся  ўва  Мне,  а  Я  ў  вас.  Як  галінка  не  можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне,  а  Я  ў  ім,  той  прыносіць  багаты  плён,  бо  без  Мяне  нічога  не  можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яны згараюць. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае  ў  вас  будуць,  прасіце,  чаго  захочаце,  і  станецца  вам.  Гэтым  будзе ўслаўлены Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі. Як  Мяне  палюбіў  Айцец,  так  і  Я  палюбіў  вас.  Заставайцеся  ў  Маёй  любові. Калі  будзеце  захоўваць  Мае  запаведзі,  застанецеся  ў  любові  Маёй,  як  і  Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. Гэта Я сказаў вам,

каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай. Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры  Мае,  калі  робіце  тое,  што  Я  наказваю  вам. Я  ўжо  не  называю  вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў вас сябрамі, бо  ўсё,  што  чуў  ад  Айца  Майго,  Я  сказаў  вам.  Не  вы  Мяне  выбралі,  але  Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

 

Т. Кэмпіскі “Следам за Хрыстом”: кн. 1, раздз IV “Аб развазе ў дзеянні”:

1. Ня трэба верыць кожнаму слову ці натхненню, але асцярожна і разважна размяркоўваць паводле Бога. Ды нажаль, мы так слабыя, што часта аб іншых лягчэй думаем і кажам блага, чымся добра. Але дасканальныя людзі ня лёгка вераць кожнаму, хто гавора, бо ведаюць слабасць чалавека, які хіліцца да благога і грашыць словамі.

2. Вялікая мудрасць – не спяшацца лішне ў дзеянні і ня трымацца ўпорыста сваіх думак. Яшчэ адна прыкмета гэтай мудрасці – ня верыць усяму, што гаворыцца і не спяшацца другім расказваць таго, што толькі пачуў ці ў што нават паверыў. Пытайся чалавека разумнага і сумленнага і лепш вучыцца ад лепшага, чымся кіравацца сваімі здагадкамі. Добрае жыццё робіць чалавека разумным паводле Бога і дасведчаным у многіх справах. Чым больш чалавек пакорны і паслухмяны Богу, тым ён ува ўсім будзе разумнейшы і спакайнейшы.