Другі дзень: Марыя – самы страшны вораг дэмана.

 Малітва да Святога Духа

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, 
Наведай вернікаў сваіх, 
Напоўні ласкай з вышыні 
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем, 
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў, 
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў, 
Бо маеш сілу ад Айца. 
Праз Сына абяцаны нам, 
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці 
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві, 
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані 
І супакоем адары, 
Заўсёды за сабой вядзі 
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць 
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх, 
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу. 
Суцяшыцелю, Табе 
Хвала на вечныя вякі. Амэн.

Біблійнае чытанне: Быц 3, 11-16 

Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Змей звёў мяне, і я з’ела»
* «Пакладу варожасць між табой і жанчынай»
* «Яна раструшчыць галаву тваю» 

11 Бог сказаў: "…хіба што з дрэва, з якога Я забараніў табе есці, ты ўсё ж такі еў?" 12 І сказаў чалавек: “Жанчына, якую Ты даў мне, сама дала мне з дрэва, і я еў”. 13 Дык сказаў Бог жанчыне: “Што ты гэта зрабіла?” Яна сказала: “Змей звёў мяне, і я з’ела”. 14 Тады кажа Госпад Бог змею: “За тое, што зрабіў гэта, пракляты будзеш між усіх жывёлаў і ўсіх звяроў палявых! На жываце сваім поўзаць будзеш і будзеш пыл есці ва ўсе дні жыцця свайго. 15 Пакладу варожасць між табой і жанчынай, і нашчадкамі тваімі і яе нашчадкам; ён сатрэ галаву тваю, а ты будзеш джаліць пяту яго». 16 Жанчыне сказаў: “Памножу мучэнні твае ў родах тваіх: у пакутах будзеш нараджаць дзяцей, і да мужа твайго пажада твая, ён жа будзе панаваць над табою. 

Або іншае чытанне: Апостальскі Ліст Яна Паўла II “Rosarium Virginis Mariae” 43 

Суплікацыя да Каралевы Святога Ружанца: «O, блаславёны Ружанец Марыі, салодкі ланцуг, які звязваеш нас з Богам, повязь любові, якая яднаеш з анёламі; вежа збаўлення ад напасцяў пекла; бяспечны порт у агульным караблекрушэні! Мы ўжо ніколі не пакінем цябе. Будзеш нам суцяшэннем у хвіліну смерці. Табе – апошні пацалунак жыцця, якое згасае. І апошнім акцэнтам нашых вуснаў будзе Тваё салодкае імя, о Каралева Ружанца з Пампеі, о Маці наша дарагая, о Прытулак грэшнікаў, Суцяшальніца засмучаных. Будзь усюды блаславёная, сёння і заўсёды, на зямлі і ў небе”. (Ян Павел II, 16/10/2002) 

Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы 52 

Ключавыя словы і фразы для разважання:
«Найбольшы вораг, якога Бог стварыў супраць д’ябла, — гэта Марыя»
«Бог даў Марыі вельмі вялікую моц супраць дэманаў » 

[52] Адзін толькі раз Бог паклаў непрыміральную варожасць, якая будзе цягнуцца і павялічвацца ажно да самага канца. Гэта варожасць паміж Марыяй, Яго годнай Маці, і шатанам, паміж дзецьмі і слугамі Святой Дзевы і слугамі і паплечнікамі Люцыфера. Найбольшы вораг, якога Бог стварыў супраць д’ябла, — гэта Марыя, Яго святая Маці. Ужо ў зямным раі, хоць Яна была яшчэ толькі ў Яго намерах, Ён удыхнуў у Яе столькі нянавісці да гэтага праклятага ворага, столькі майстэрства, каб распазнаць злыя намеры гэтага пякельнага змея, столькі моцы, каб перамагчы, растаптаць і раздушыць гэтага  пыхлівага бязбожніка, што ён баіцца Яе не толькі больш за ўсіх анёлаў і людзей, але нават больш, чым самога Бога. Але не таму, што гнеў, нянавісць і моц Божая меншыя, чым у Найсвяцейшай Дзевы. Гэта не так, бо дасканаласць Марыі абмежаваная. Але таму, што бязмежна пыхлівы шатан найбольш баіцца быць пераможаным і ўкараным маленькай і пакорлівай служабніцай Божай. Яе пакорлівасць прыніжае яго больш, чым Божая моц. А яшчэ таму, што Бог даў Марыі настолькі вялікую моц супраць дэманаў, што яны, як самі вымушаныя гэта прызнаваць вуснамі апантаных, аднаго Яе ўздыхання ў абарону душы баяцца больш за малітвы ўсіх святых, разам і адной Яе пагрозы супраць іх — больш за ўсе іншыя пакуты. 

Пытанне: якую спакусу табе цяжэй за ўсё перамагчы?

На заканчэнне: малітва святога ружанца.