Чацвёрты дзень: Марыя самая дасканалая з усіх стварэнняў.

Малітва да Святога Духа

 Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, 
Наведай вернікаў сваіх, 
Напоўні ласкай з вышыні 
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем, 
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў, 
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў, 
Бо маеш сілу ад Айца. 
Праз Сына абяцаны нам, 
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці 
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві, 
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані 
І супакоем адары, 
Заўсёды за сабой вядзі 
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць 
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх, 
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу. 
Суцяшыцелю, Табе 
Хвала на вечныя вякі. Амэн. 

Біблійнае чытанне: Лк 2, 12-19  

Ключавыя словы і фразы для разважання
* «Марыя такая самая Маці, які і ўсе іншыя»
* «Яны знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях» 

 12 І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае  і пакладзенае ў яслях». 13 Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: 14 «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі». 15 Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан». 16 І пайшлі яны, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях. 17 А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця.  18 Усе, хто  чуў,  дзівіліся  таму,  што  расказвалі  ім  пастухі.  19 А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.

Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы  157 

Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Марыя самая дасканалая» 
* «Марыя самая святая з усіх стварэнняў» 

[157] 3. Гэтае практыкаванне ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы з’яўляецца пэўным шляхам, каб ісці і з’яднацца з Езусам Хрыстом, таму што боская Марыя — самае дасканалае і святое з усіх чыстых стварэнняў, а Езус Хрыстус, які прыйшоў да нас самым дасканалым шляхам, не абраў іншага дзеля свайго вялікага і цудоўнага вандравання. Найвышэйшы, незразумелы і недасягальны, Той, Хто ёсць, пажадаў прыйсці да нас, маленькіх зямных чарвякоў, якія з’яўляюцца нічым. Як гэта магло здарыцца? Найвышэйшы дасканалым і боскім чынам зышоў да нас праз пакорную Марыю, нічога не згубіўшы са сваёй боскасці і святасці. І цяпер менавіта праз Марыю гэтыя маленькія павінны дасканалым і боскім чынам уздымацца да Найвышэйшага, нічога не баючыся. Нязмернасць дазволіла сябе пазнаць маленькай Марыі і нічога не згубіла са сваёй велічы. Таксама і мы павінны дазволіць цалкам напоўніць сябе і праводзіць да канца.
   Недасяжны наблізіўся, беспасрэдна, дасканала і нават прыватна з’яднаўся з нашай чалавечай натурай праз Марыю, нічога не губляючы са Сваёй велічы. Таксама і мы павінны праз Марыю наблізіцца да Бога і з’яднацца з Ёю дасканала і беспасрэдна, не баючыся быць адкінутымі.
  Нарэшце, Той, Хто ёсць, пажадаў прыйсці да тых, якія «ня ёсць»[1], і зрабіць так, каб тое, што «ня ёсць», сталася Богам[2], або «Тым, Хто ёсць». Ён зрабіў гэта дасканалым чынам, аддаючыся і цалкам падпарадкоўваючыся маладой Дзеве Марыі, не перастаючы ў той самы час быць Тым, Хто Ёсць, праз усю Вечнасць. Так сама і мы праз Марыю, хоць нічога самі па сабе ня вартыя, можам стаць падобнымі да Бога праз ласку і хвалу, аддаючыся Ёй настолькі дасканала і бяз рэшты, каб мы былі нічым у сабе, а ўсім перад Ёй, не баючыся памыліцца. 

Практыкаванне: прасіць у малітве аб вялікім даверы і вялікай падпарадкаванасці Марыі.

На заканчэнне: малітва святога ружанца.



[1] Гэта значыць, да нас — людзей.

[2] Глядзі Пс 82, 6. Створаныя на вобраз Божы (Быц 1, 27) і абдораныя ласкай назвацца Яго дзецьмі (Рым 8, 15), мы ўсе пакліканыя быць “багамі” праз удзел у натуры Самога Бога (гл. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла 460).