Другі дзень: імкнуцца пазбягаць ганарлівасці і ўзвялічвання сябе.

Малітва да Святога Духа

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, 
Наведай вернікаў сваіх,
 
Напоўні ласкай з вышыні
 
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
 
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
 
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў, 
Бо маеш сілу ад Айца. 
Праз Сына абяцаны нам, 
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці 
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві, 
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані 
І супакоем адары, 
Заўсёды за сабой вядзі 
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць 
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх, 
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу. 
Суцяшыцелю, Табе 
Хвала на вечныя вякі. Амэн.

Біблійнае чытанне: Мц 5,48; 6, 1-6

Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Не шукаць пахвалы з боку людзей»
* «Не імкнуцца да таго, каб мяне заўважылі, не выстаўляць сябе напаказ»

5,48. Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.  6, 1. Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш не  атрымаеце  ўзнагароды  ад  Айца  вашага, які ў нябёсах. 2. Калі  даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць  крывадушнікі  ў  сінагогах  і  на вуліцах,  каб  людзі  хвалілі  іх.  Сапраўды  кажу  вам:  яны  атрымліваюць  сваю ўзнагароду. 3. Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, 4. каб міласціна твая была патаемнай. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе. 5. І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. 6. Ты, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго, які  ў таемнасці. А твой Айцец,  які бачыць патаемнае, аддасць табе. 

Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Таямніца Марыі 4 

Ключавыя словы і фразы для разважання:
* пакорнае сэрца 
* няспынная малітва
* цалкавітае ўтаймаванне
* адданне сябе Божаму Провіду 

[4] Душа, што ты зробіш? Якія сродкі ты абярэш, каб узняцца да Бога, які цябе кліча? Усім вядомыя сродкі збаўлення і святасці, занатаваныя ў Евангеллі, растлумачаныя настаўнікамі духоўнага жыцця, практыкуюцца святымі і неабходныя ўсім тым, хто хоча збавіцца і дасягнуць дасканаласці; імі з'яўляюцца пакора сэрца, няспынная малітва, поўнае прыніжэнне, адданне Божаму Провіду, паслухмянасць Божай Волі. 

Пытанне:  колькі часу ты хочаш прысвяціць кожнага дня асабістай малітве? Якую важную пастанову ты можаш зрабіць ужо сёння?

На заканчэнне: малітва святога ружанца.