Пяты дзень: Марыя з’яўляецца нашым скарбам.

 Малітва да Святога Духа

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, 
Наведай вернікаў сваіх,
 
Напоўні ласкай з вышыні
 
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
 
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
 
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў, 
Бо маеш сілу ад Айца. 
Праз Сына абяцаны нам, 
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці 
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві, 
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані 
І супакоем адары, 
Заўсёды за сабой вядзі 
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць 
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх, 
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу. 
Суцяшыцелю, Табе 
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
 

Біблійнае чытанне: Мц 6, 19-21  

Ключавыя словы і фразы для разважання
* «Дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё»
* «Ці Марыя з’яўляецца нашым скарбам?» 

19 Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць. 20 Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць. 21 Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.  

Або іншае чытанне: Ліст Яна Паўла II да манфартанскіх сямей (160-ая гадавіна “Трактату”, 2002 год, № 2) 

 2. Святы Людвік-Марыя вельмі пераканана заахвочвае з любоўю кантэмпляваць таямніцу Ўцелаўлення. Сапраўднае ўшанаванне Марыі з’яўляецца хрыстацэнтрычным. Сапраўды, як нагадаў Другі Ватыканскі Сабор, "пабожна разважаючы і прыглядаючыся да Яе ў святле Слова, якое стала чалавекам, Касцёл з пашанай глыбей пранікае ў таямніцу Ўцелаўлення" (Канстытуцыя Lumen Gentium, 65). 

Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы 178 

Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Каму даверыць гэты скарб?»
* «Складзіце ў Сэрцы Марыі ўсе вашыя скарбы, ласкі і цноты» 

[178] Хоць вы добра мяне разумееце, душы прызначаныя, я буду казаць яшчэ больш адкрыта. Не хавайце золата вашай міласэрнасці, ані срэбра вашай чысціні, ані водаў нябесных ласкаў, ані віна вашых заслугаў і цнотаў у дзіравай торбе, у разбітым і старым куфры, у сапсаванай судзіне, якімі вы з’яўляецеся, бо тады вы будзеце абкрадзеныя злачынцамі, гэта значыць, дэманамі, што шукаюць і сноўдаюць удзень і ўначы, каб гэта зрабіць. Вы можаце забрудзіць дрэнным пахам самалюбства, сваволля і спадзявання на саміх сябе ўсё самае чыстае, што вам дае Бог. Складзіце ў Сэрцы Марыі ўсе вашыя скарбы, ласкі і цноты, бо Яна — Святыня духоўная, Святыня годная, Святыня пабожнасці («Vas  spirituale, vas honorabile, vas  insigne devotionis»). Як толькі сам Бог схаваўся ў гэтай Святыні з усёй сваёй дасканаласцю, Яна Сама сталася цалкам духоўнай і ператварылася ў духоўны прытулак самых адухаўлёных душаў, Яна сталася годным Пасадам самых вялікіх князёў вечнасці, Святыняй пабожнасці і Прытулкам душаў, што найбольш ззяюць лагоднасцю, ласкамі і цнотамі. Нарэшце, Яна сталася багатай, як залаты дом, моцнай, як вежа Давідава, і чыстай, як слановая косць. 

Пытанне: якія твае найлепшыя рысы? Ці ты настолькі давяраеш Марыі, каб даверыць іх Ёй?

На заканчэнне: малітва святога ружанца