Другі дзень: патрэба малітвы.

     Mалітва: 

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, наведай вернікаў сваіх,

Напоўні ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой.

Названы Суцяшыцелем, Ты — найвышэйшы Бога дар,

Жыцця крыніца і любоў, і узмацненне нашых душ.

Ты спасылаеш сем дароў, бо маеш сілу ад Айца.

Праз Сына абяцаны нам, Ты мноствам моваў прамаўляў.

Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум нашыя,

І сэрцы нам аздараві, і нашы цноты узмацняй.

Ты злога духа адгані і супакоем адары,

Заўсёды за сабой вядзі і прабачэнне грэшным дай.

Дай праз Цябе Айца пазнаць і шлях да Сына пакажы.

Ты — Дух любові іх дваіх, верым Табе ва ўсе часы.

Богу Айцу хвала заўжды і Сыну ўваскрэсламу.

Суцяшыцелю, Табе хвала на вечныя вякі. Амэн.

a) "Плач і малітва аднолькава бессэнсоўныя" – скажа няверучы чалавек. Засяроджанасць для многіх з’яўляецца толькі бездапаможнасцю, а малітва слабасцю і пасіўнасцю. Бог? Навошта Яго прасіць?! Чалавек досыць моцны. Няхай абапіраецца на самога сябе. Навошта шукаць дапамогі ў Бога?

b) Хрыстос, Той, Які прыйшоў адкупіць увесь свет, 30 гадоў жыцця правёў у цішыні і маўчанні. Калі Ён выступаў з публічнай дзейнасцю, доўгія гадзіны, дні і ночы, Ён прысвячаў малітве, a перад кожным сваім цудам маліўся да Айца.

c) A што я думаю пра малітву? Ці стараюся кожнага дня знайсці хвіліну, каб сардэчна паразмаўляць з Богам? Як часта на працягу дня я ўзношу свае думкі да Бога? Ці шукаю з Ім кантакту ў глыбіні майго сэрца – Яго жывой святыні?

d) Марыя, цалкам з’яднаная з Богам, навучы мяне даверлівай і глыбокай размове з Богам, каб я мог размаўляць з Богам, дзякаваць Яму, перапрашаць, прасіць, праслаўляць. 

 

Чытанне:

Мк 1, 35: “На досвітку, устаўшы вельмі рана, Ён выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся”.

 

Т. Кэмпійскі “Следам за Хрыстом: кн. III, раздз. IX “Усё трэба дастасоўваць да Бога як да апошняй мэты”:

1. Сыне, Я павінен быць апошняю і найвялікшаю мэтаю Тваёю, калі сапраўды хочаш быць шчаслівым. Такое імкненне ачысціць сэрца тваё, што так часта ды блага нахіляецца да самога сябе і да стварэнняў. Бо, калі сябе толькі ў нечым пачнеш шукаць – адразу знядужэеш ды засохнеш самому сабе. Дык усё дастасоўвай да Мяне, бо ж Я гэта ўсё табе даю. Уважай, што ўсякае паасобнае дабро плыве з дабра агульнага і найвышэйшага, і вось таму ўсё трэба дастасоўваць да Мяне, як да першае крыніцы.

2. З Мяне, як з жывое крыніцы, бяруць ваду жыцця вечнага: і маленькі і вялікі, бедны і багаты, а тыя, што ахвотна і ўсім сэрцам мне служаць, атрымаюць дабро за дабро. Хто ж шукаў бы дзе апроч Мяне сваёй славы, ці свайго вяселля – ня знойдзе сапраўднай і трывалкай радасці, сэрца яго ніколі не напоўніцца шчасцем і ўсцяж будзе чэрпаць і мучыцца. Дык не прызнавайся да нічога добрага, што яно ад цябе, ані зноў прыпісвай каму-небудзь цноту якую – а ўсё кіруй да Бога, без якога нічога чалавек ня мае. Я ўсё даў табе, Я ўсяго цябе мець хачу і з вялікаю сцісласцю вымагаю падзякі.

3. Вось праўда, якая разганяе ўсю марнату славы. А калі прыйдзе ў сэрца ласка нябесная ды любоў сапраўдная, ня будзе ўжо ў ім ані зайздрасці, ані сумавання, ані самалюбства. Бо любоў Бога перамагае ўсё, яна ўсе сілы душы расшырае і ўзмацняе. Калі ты сапраўды разумны – ува Мне толькі будзеш весяліцца, на мяне толькі спадзявацца, бо ж “няма нікога добрага апроч Бога аднаго” (Лк 18, 19); Ён няхай мае хвальбу вялікшую за ўсё ды няхай усе Яго багаславяць.