Малітва:
Вітай, Зорка мора, Маці Хрыста-Бога,
Панна найчысцейша, верным
дапамога.
Ты, што прывітана словам Габрыэля,
Умацуй нас ў веры, усім спашлі надзею.
Вызваль з путаў грэху,
аддалі нядолю
I напоўні сэрцы нашы супакоем.
I прасі,
о Панна, Ты за нас Езуса,
Каб
мы захаваны былі ад спакусаў.
Маці ласкі Божай, будзь
для нас узорам -
Вызваленым з грэху, дай
жыць у пакоры.
Памажы, Марыя, нам знайсці дарогу,
Што вядзе да Неба, да яднання з Богам.
a) Ці
ёсць у мяне радасць начнога вандроўніка, які бачыць як на ўсходзе чырванее неба?
b) Я
таксама вандроўнік і часта сярод цёмнай ночы са смуткам клічу: "Ранішняя зорка, прыгожая Заранка..."
c) Маці
Божая! Ты адзіная з людзей паказала нам Боскае сонца любові і мудрасці – Езуса
Хрыста. Ты адзіная была з Ім у самай сціслай еднасці. Ты пазнала Яго самыя
глыбокія думкі, Яго ўпадабанні і прагненні, Яго бязмежную любоў да людзей. Хто
ж лепш за Цябе можа мяне весці ў жыцці, даваць мне парады, выхоўваць паводле
найпрыгажэйшага ўзору Твайго Сына?
d) Маці
Добрай Рады, Ты маё жывое Евангелле, якое вучыць мяне жыццю Езуса. Аддаюся
Твайму ўплыву. Падпарадкоўваюся Тваім матчыным парадам. Сталіца Мудрасці, аддаю
Табе маю добрую волю, каб быць Табе паслухмяным бяз рэшты. Аддаю Табе мой розум, каб Ты вучыла мяне сапраўднай мудрасці.
Чытанне:
Лк 1,
39-45: "Сабраўшыся,
Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. Яна ўвайшла ў дом
Захарыі і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі,
узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. Яна
ўсклікнула моцным голасам і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і
благаслаўлёны плод улоння Твайго. Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла
да мяне? Бо калі голас прывітання
Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім. І
шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам».”
Св. Л. дэ Манфор “Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай
Дзевы Марыі” 22-25:
[22] Дзеянне трох Асобаў
Найсвяцейшай Тройцы падчас Уцелаўлення і першага прыйсця Езуса Хрыста надалей працягваецца
нябачным чынам у Святым Касцёле, і так будзе працягвацца да канца свету, да
апошнаяга прыйсця Езуса Хрыста.
[23] Бог Айцец стварыў
сховішча, куды сабраў усе воды, і назваў гэта морам; Ён стварыў судзіну, куды
змясціў усе свае ласкі, і назваў Марыяй. Гэты вялікі Бог мае скарб ці вельмі
багатую скарбніцу, дзе Ён схаваў усё, што ў Яго ёсць прыгожага, адметнага, рэдкага
і каштоўнага, нават Свайго ўласнага
Сына; і гэтым вялікім скарбам з’яўляецца ніхто іншы, як Марыя, якую святыя
называюць скарбам Бога, поўняй якога ўзбагачаюцца людзі.
[24] Бог Сын абдараваў Сваю
Маці ўсім тым, што Ён заслужыў праз сваё жыццё і сваю смерць, свае бясконцыя
заслугі і дзівосныя цноты. Ён зрабіў Яе скарбніцай усяго таго, што Яго Айцец
даў Яму ў спадчыну. Менавіта праз Яе Ён абдорвае Сваімі заслугамі Свае часткі,
надзяляе іх сваімі цнотамі і дорыць свае ласкі. Марыя — гэта Яго таямнічы канал,
мост, праз які лагодна і шчодра цячэ Яго міласэрнасць.
[25] Бог Дух Святы надзяліў
Марыю, Сваю верную Сужонку, Сваімі невыказнымі дарамі і абраў Яе за
размеркавальніцу усяго, што Ён мае. Такім чынам, Яна размяркоўвае так, як Яна
хоча, колькі Яна хоча, як Яна хоча і калі хоча ўсе Яго дары і ласкі, і не
даецца чалавеку ніводнага нябеснага дару, які б не прайшоў праз дзявочыя рукі
Марыі. Бо такая воля Бога, які жадае, каб мы ўсё атрымоўвалі праз Марыю; бо
такім чынам будзе ўзбагачаная, узвышаная і ўшанаваная Найвышэйшым Тая, што ўсё
жыццё была ўбогая, упакораная і схаваная да самай глыбіні свёй мізэрнасці. Так
кажа Касцёл і Святыя Айцы.