Трэці дзень: хто можа быць збаўлены?

Малітва да Святога Духа

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, 
Наведай вернікаў сваіх,
 
Напоўні ласкай з вышыні
 
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
 
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
 
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў, 
Бо маеш сілу ад Айца. 
Праз Сына абяцаны нам, 
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці 
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві, 
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані 
І супакоем адары, 
Заўсёды за сабой вядзі 
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць 
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх, 
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу. 
Суцяшыцелю, Табе 
Хвала на вечныя вякі. Амэн.

Біблійнае чытанне: Мк 10,24-30 

Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Хто ж можа збавіцца
* «У Бога ўсё магчыма!»
* «Той, хто ўсё пакінуў дзеля Мяне атрымае ў сто разоў больш» 

24 Вучні  дзівіліся  з  Ягоных  слоў.  Але Езус зноў сказаў ім у адказ: «Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. 25 Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае». 26 А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: «Хто ж можа збавіцца?»  27 Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма». 28 І  пачаў  Пётр  казаць  Яму:  «Вось  мы  пакінулі  ўсё  і  пайшлі  за  Табою». 29 Езус  адказаў:  «Сапраўды  кажу  вам,  няма  нікога,  хто  б  пакінуў  дом  свой,  ці братоў,  ці  сясцёр,  ці  маці,  ці  бацьку,  ці  дзяцей,  ці  поле  дзеля  Мяне  і  дзеля Евангелля,  30 і  не  атрымаў  бы  ў  сто  разоў  больш  цяпер,  у  гэты  час,  дамоў, братоў,  сясцёр,  маці,  дзяцей  і  палёў  сярод  пераследу,  а  ў  будучым  веку  — жыццё вечнае.

  Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Любоў Спрадвечнай Мудрасці 194 

Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Мудрасць цела варожая Богу»
* «Тыя, што ідуць за Хрыстом, нясуць свой крыж кожнага дня»
* «Трэба практыкаваць утаймаванне цела, вырачэнне свету і самога сябе» 

[194] «Мудрасць, кажа Святы Дух, нельга знайсці сярод тых, што жывуць у раскошы, якія знаходзяцца ў палоне сваіх пажадлівасцяў і дрэнных звычак. Таму што тыя, што жывуць паводле плоці не могуць падабацца Богу; і мудрасць цела варожая Богу (пар. Рым 8). Мой Дух не будзе заўсёды жыць у чалавеку, таму што ён з’яўляецца целам… » (пар. Ёў 28).

Тыя, што належаць Езусу Хрысту, Уцелаўлёнай Мудрасці, укрыжавалі свае целы разам з заганамі і пажадлівасцю, яны носяць цяпер умярцвенне Езуса ў сваіх целах, увесь час сябе ўтаймоўваюць, нясуць свой крыж кожнага дня, і нарэшце, яны памерлі і нават былі пахаваныя ў Езусе Хрысце. Гэта словы Святога Духа, якія вельмі ясна паказваюць, што, каб мець Мудрасць, Езуса Хрыста, трэба практыкаваць утаймаванне цела, вырачэнне свету і самога сябе. 

Пытанне: ці я верны штодзённай малітве і штонядзельнай святой Імшы?

На заканчэнне: малітва святога ружанца.