Трыццаць трэці дзень: Езус наша адзіная мэта і самы вялікі скарб.

  Малітва св. Аўгустына:

Езу Хрысце... Мудрасць мая, Прастата мая, Супакой мой… Чаму я любіў і прагнуў нечага па-за Табой? Чаму думкамі я не быў заўсёды з Табой? Досыць ужо гэтага чакання. Няхай з гэтай хвіліны кожнае маё прагненне імкнецца да Цябе, няхае спяшаецца, няхай рупліва шукае і знаходзіць Цябе. Найсаладзейшы Езу, будзь любоўю, раскошай і захапленнем кожнага чалавека, прысвечанага Тваёй хвале. Будзь усім для майго сэрца. Няхай маё сэрца будзе алтаром, на якім гарыць жывы агонь Тваёй любові. Спальвай мяне няспынна і бяз рэшты, каб у хвіліну смерці не было ўва мне нічога апрача любові. Амэн.

 

a) “Таму я схіляю калені мае перад Айцом, ад якога бярэ сваю назву кожны род  на  нябёсах  і  на  зямлі, каб  Ён  даў  вам,  паводле  багацця  славы  сваёй, умацаваць  сілы  Духам  Ягоным  дзеля  духоўнага  чалавека, каб  праз  веру Хрыстус  пасяліўся  ў  сэрцах  вашых,  каб  вы,  укараніўшыся  і  ўмацаваўшыся  ў любові,  змаглі  зразумець  з  усімі  святымі,  чым  ёсць  шырыня  і  даўжыня,  і вышыня,  і  глыбіня, і  спазнаць  любоў  Хрыста,  якая  перавышае  ўсялякае разуменне, каб вы напоўніліся ўсёй паўнатою Божай” (Эф 3, 14-19).

b) “Але што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай. Ды  і  ўсё  лічу  стратаю  дзеля  перавагі  пазнання  Хрыста  Езуса,  майго Пана. Дзеля Яго я ўсё страціў і лічу смеццем, каб набыць Хрыста і апынуцца ў Ім не са сваёю справядлівасцю, якая паходзіць з Закону, але з тою, якая паходзіць з веры ў Хрыста, са справядлівасцю ад Бога, заснаванай на веры, каб пазнаць Яго  і  моц  Ягонага  ўваскрасення” (Флп 3, 7-11). Ці Хрыстос сапраўды з’яўляецца дзеля мяне скарбам? Адзіным, найвышэйшым, найкаштоўнейшым, дзяля якога я гатовы ўсё страціць, каб Яго атрымаць?

c) Езу, Ты палюбіў мяне самай вялікай любоўю, так, што нават аддаў на Крыжы Сваё жыццё за мяне, дзеля адкуплення маіх грахоў. А я ўсё яшчэ баюся Цябе любіць. Любіць самай моцнай ахвярнай любоўю. Баюся цалкам аддаць Табе сваё жыццё. Дапамажы мне Езу. Улі ў маё сэрца Сваю любоў. Дапамажы мне аддаць сябе Табе і крочыць Тваім шляхам без боязі ў сэрцы.

d) Марыя, Ты любіла Езуса па-над усё. Ён быў для Цябе самым каштоўным скарбам Твайго Сэрца. Ты жыла дзеля Яго. Дай мне Тваю любоў да Езуса. Дапамажы мне любіць Твайго Сына, каб я не баяўся ўсё страціць дзеля Яго і ахвяраваць Яму сваё жыццё.

 

Чытанне:

Св. Людвік дэ Манфор “Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы Марыі” 61-62:

 [61] Езус Хрыстус, наш Госпад, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, павінен быць канчатковай мэтай усіх нашых пабожных практыкаванняў. У іншым выпадку яны б былі несапраўднымі і аблуднымі. Езус Хрыстус — гэта Альфа і Амега, пачатак і канец кожнай рэчы. Мы дзейнічаем, кажа Апостал, толькі дзеля таго, каб кожнага чалавека зрабіць дасканалым у Езусе Хрысце, таму што толькі ў Ім жыве ўся поўня Боскасці і ласкі, цноты і дасканаласці. Таму што толькі ў Ім мы атрымалі духоўнае блаславенства. Таму што Ён — наш адзіны Настаўнік, які павінен нас навучыць, наш адзіны Госпад, ад якога мы павінны залежаць, наш адзіны Гаспадар, з якім мы павінны быць з’яднаныя, наш адзіны ўзор, на які мы павінны быць падобнымі, наш адзіны лекар, які павінен нас лячыць, наш адзіны пастыр, які павінен нас карміць, наш адзіны шлях, па якім мы павінны ісці, нашая адзіная праўда, у якую мы павінны верыць, нашае адзінае жыццё, якое павінна нас ажыўляць, і нашае адзінае ўсё ў кожнай рэчы, якой нам павінна быць дастаткова. І не дадзена пад небам іншага імя, акрамя імя Езуса, якім мы павінны быць збаўленыя. Бог даў нам толькі адзіны падмурак нашага збаўлення, дасканаласці і хвалы — гэта Езус Хрыстус. Кожны будынак, які не стаіць на моцным падмурку, пабудаваны на сыпучым пяску, і безумоўна раней ці пазней упадзе. Кожны вернік, што не з’яднаны з Хрыстом, як вінаградная лаза, упадзе, высахне і будзе прыдатны толькі на тое, каб яго выкінулі ў агонь. Калі мы ў Езусе Хрысце, а Ён у нас, нам не трэба баяцца асуджэння. Ані анёлы ў небе, ані людзі на зямлі, ані дэманы ў пекле, ані іншае стварэнне не можа нам пашкодзіць, бо нішто не можа нас адлучыць ад любові Божай у Езусе Хрысце. Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце мы можам усё: аддаць пашану і хвалу Айцу ў еднасці з Духам Святым, стацца святымі і быць для нашых бліжніх водарам вечнага жыцця.

[62]  Калі мы будзем па-сапраўднаму ушаноўваць Найсвяцейшую Дзеву, то гэта толькі дзеля таго, каб больш дасканала ушаноўваць Езуса Хрыста. Гэта толькі дзеля таго, каб даць лёгкі і пэўны спосаб знайсці Езуса Хрыста. Калі б ушанаванне Святой Дзевы аддаляла ад Езуса Хрыста, яго трэба было б адкінуць як падман д’ябла. Але ўсё наадварот, як я ўжо паказаў і яшчэ пакажу пазней: гэтая форма ўшанавання патрэбная нам, каб дасканалым чынам знайсці Езуса і пяшчотна Яго любіць і верна Яму служыць. 

 

Т. Кэмпійскі “Следам за Хрыстом”: кн. II, раздз. VII “Аб любові да Езуса над Усё”:

1. Багаслаўлёны, хто ведае, што такое любіць Езуса і пагарджаць самым сабой для Езуса. Дзеля гэтага Улюбенца трэба ўсё ўлюбёнае пакінуць, бо Езус хоча, каб мы Яго самога і больш за ўсё любілі. Любоў стварэнняў малапэўная і абманная, любоў Езуса верная і трывалая. Хто прывяжацца да стварэнняў, - згіне з імі, а хто прыхіліцца ўсім сэрцам да Езуса – узмоцніцца на векі. Таго любі і лічы сабе за прыяцеля, хто цябе не пакіне, калі ўсе адхінуцца ад цябе, і калі надыйдзе твой канец, ня дасць табе згінуць. Ці хочаш, ці ня хочаш – з усімі трэба будзе калісь развітацца.

2. Жывучы ці паміраючы, заўсёды трымайся Езуса і даручы сябе Яго вернасці, бо калі б усе адхінуліся ад цябе, Ён адзін табе дапаможа. Улюбенец твой такой натуры, што ня хоча нікога іншага, з кім трэба было б дзяліцца тваёю любоўю. Ён сам хоча валодаць тваім сэрцам і быццам кароль панаваць, седзячы на троне сваім. Калі б ты патрапіў вызваліцца ад усялякага стварэння, тады Езус ахвотна жыў бы з табою і ў табе. Бадай ўсё страціш, чаго толькі ад людзей, а не ад Езуса спадзявацца будзеш. Не абапірайся на трасціне, якая хістаецца ад ветру, бо ўсялякае цела, як трава вяне і ўсялякая слова яго, як цвет травы ападае (Іс 11, 6).

3. Хутка абманешся, калі толькі на павярхоўнасць людзкую зважаць будзеш. Бо, калі шукаеш у людзей пацехі і карысці – найхутчэй сустрэнеш расчараванне і шкоду. Калі ўсюды будзе шукаць Езуса, дык сапраўды знойдзеш Яго. Калі будзеш шукаць сябе самога, дык і знойдзеш сябе самога, сабе аднак на згубу. Бо чалавек больш шкодзіць сабе самому, калі Езуса не шукае, чымся ўвесь свет і ўсе ягоныя ворагі.