Дванаццаты дзень: быць праўдзівым і шчырым.

 Малітва да Святога Духа

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, 
Наведай вернікаў сваіх,
 
Напоўні ласкай з вышыні
 
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
 
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
 
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў, 
Бо маеш сілу ад Айца. 
Праз Сына абяцаны нам, 
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці 
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві, 
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані 
І супакоем адары, 
Заўсёды за сабой вядзі 
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць 
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх, 
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу. 
Суцяшыцелю, Табе 
Хвала на вечныя вякі. Амэн. 

Біблійнае чытанне: Ян 17, 14-19 

Ключавыя словы і фразы для разважання
* «Данае Слова»
* «Слова Тваё — гэта праўда»
* «Асвяці іх у праўдзе» 

14  Я даў ім слова Тваё, і свет зненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету. 15 Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, а каб захаваў іх ад злога.  16 Яны не са свету, як і Я не са свету.  17 Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда. 18 Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет.  19 І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвячаныя ў праўдзе. 

Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы 59 

Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Не ісці за навучаннем гэтага свету»
* «Ісці шляхамі ўбогасці і пакоры»
* «Навучаць прамым шляхам Божым» 

[59] Нарэшце, мы ведаем, што гэта будуць сапраўдныя вучні Езуса Хрыста, што, ідучы па слядах убогасці, пакоры, пагарды светам, любові, навучаючы шляхам Божым у чыстай праўдзе, згодна з Евангеллем, а не навукай гэтага свету, не стамляючыся і нікім не пагарджаючы, не шкадуючы сябе, не баючыся ніводнага смяротнага чалавека, нават самага моцнага. Іх вусны будуць вострым мечам Слова Божага. Яны будуць несці на сваіх плячах акрываўлены сцяг Крыжа, распяцце ў правай руцэ, ружанец у левай, святыя Імёны Езуса і Марыі ў сэрцах, сціпласць і ўтаймаванне плоці Езуса Хрыста ў сваіх паводзінах.

   Вось вялікія асобы, што прыйдуць і якіх Марыя падрыхтуе па загадзе Найвышэйшага, каб устанавіць Сваё Валадарства над валадарствам бязбожных, ідалапаклоннікаў і магаметанаў. Але калі і як гэта адбудзецца?.. Толькі Бог гэта ведае. А нам застаецца захоўваць цішыню, маліцца і чакаць. Exspectans exspectavi. 

Пытанне: Езус нам кажа, што мы не павінны быць няволькікамі гэтага свету. Як мы можам быць больш вольнымі, чым іншыя? «Не любіце гэтага свету… » (1 Ян 12, 15).

На заканчэнне: малітва святога ружанца.