ДРУГІ ПЕРЫЯД:
Пазнанне сябе самога.
Самавыхаваўчая
праца наступных сямі дзён заключаецца ў пазнанні саміх сябе. Штодзённа робім
пакорны рахунак сумлення, просім у Маці Божай святла, каб пазнаць сябе, і ў
канцы паўтараем: “Сам па сабе я здольны да ўсялякага зла, але ўсяго чакаю ад Тваёй
дабрыні, Маці мая”.
Трынаццаты дзень: неабходнасць пазнаць сябе.
Малітва:
Прыйдзі,
Стварыцель Дух Святы, наведай вернікаў сваіх,
Напоўні
ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем, Ты — найвышэйшы
Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў, і узмацненне
нашых душ.
Ты
спасылаеш сем дароў, бо маеш сілу ад Айца.
Праз
Сына абяцаны нам, Ты мноствам моваў
прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум
нашыя,
І сэрцы нам аздараві, і нашы цноты
узмацняй.
Ты
злога духа адгані і супакоем адары,
Заўсёды
за сабой вядзі і прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць і шлях да Сына
пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх, верым Табе ва
ўсе часы.
Богу
Айцу хвала заўжды і Сыну ўваскрэсламу.
Суцяшыцелю,
Табе хвала на вечныя вякі. Амэн.
a) Каб пазнаць
сваё жыццёвае пакліканне, гэта значыць заданне, якое Бог мне прызначыў, дарогу,
якой мне трэба крочыць да Яго, трэба перш за ўсё пазнаць самога сябе, свой
тэмперамент, характар, свае фізічныя, інтэлектуальныя і духоўныя магчымасці.
Калі я іх не пазнаю, то магу змарнаваць каштоўнасці, які даў мне Бог.
b) Езус і Марыя з’яўляюцца для
нас як бы люстэркам. Прыглядаючыся да Іх, мы пазнаем сябе. Каб нам дапамагчы ў
пазнанні сябе і ў прыцы над сабой, Езус устанавіў Сакрамэнт Паяднання, у якім
святар ад Яго Імя становіцца нашым айцом, сябрам і дарадчыкам.
c) Ці я
перакананы ў патрэбнасці пазнання сябе такім, які я ёсць, з маімі добрымі і
дрэннымі схільнасцямі? Ці спрабаваў зрабіць сабе ідэал, да якога хачу імкнуцца?
Ці адпавядае ён маім магчымасцям? Ці ў працы над яго асягненнем я выкарыстаю
нават слабы бок майго характару? Ці спрабую зразумець прычыны, інтэнцыі маіх
добрых або дрэнных учынкаў, упадабанняў, страхаў? Ці магу адразу заўважыць сваю
рэакцыю, каб зразумець сапраўдную глебу майго характару? Ці для гэтага з
удзячнасцю выкарыстоўваю заўвагі майго асяроддзя? Нават высмейванні? Ці ведаю я
прычыны сваіх дасягненняў – чаму мне ўдалася тое ці іншае? Ці ўмею аб’ектыўна
ацаніць: ці маю я рацыю, ці не?
d) Марыя,
навучы мяне мастацтву пазнання самога сябе. Я б
хацеў умець Тваімі вачыма глядзець і ацэньваць сябе, а таксама заўсёды ісці за
Тваімі матчынымі парадамі.
Чытанне:
Лк
14, 28-32:
"Бо хто з
вас, калі захоча
пабудаваць вежу, спачатку
не сядзе і не
падлічыць выдаткаў, ці мае на завяршэнне будовы. Калі ж закладзе падмурак і не
зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: “Гэты чалавек
пачаў будаваць і не змог скончыць”. Або які кароль, ідучы на вайну супраць
іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з
дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? Калі не,
то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру.
Т.
Кэмпійскі “Следам за Хрыстом: кн. II, раздз. V “Аб разважанні самога сябе”:
1. Ня
можам мы самі сабе занадта верыць, бо часта і ласкі нам не хапае і веды
патрэбнае. Мала ў нас святла – і тое губляем хутка праз сваю нядбаласць. Часта
і ня бачым, наколькі мы сляпыя ў душы сваёй. Часта блага робім і горш яшчэ
апраўдваемся. Бывае падчас, што благая пачуццёвасць намі валодае, а мы думаем,
што жарлівасць. Іншых за дробязі ганім, а сабе большыя правіны выбачаем. Адразу
чуем і ацаняем тое, што церпім ад іншых, а сколькі ад нас церпяць – на гэта не
зважаем. Той, хто сцісла і безстаронна сябе асудзіў бы – спазнаў бы, што ня мае
ён права сурова судзіць іншых.
2.
Унутраны чалавек насамперш сябе сцеражэ і на сябе зважае, а хто ўважліва
сцеражэ самога сябе – лёгка вучыцца аб іншых маўчаць. Ніколі не будзеш
унутраным і пабожным, калі ня будзеш маўчаць аб іншых і глядзець прадусім на
сябе. Калі будзеш мець на думцы Бога і сябе, - мала закрануць цябе вонкавыя
справы. Дзе ж ты, калі ў самым сябе няма цябе? А калі ты ўсё перабег думкай –
што табе з гэтага, калі самога сябе ты апусціў? Калі ты хочаш быць спакойным і
сапраўды злучыцца з Богам, трэба табе ўсё кінуць і звярнуцца да самога сябе.
3. Шмат
скарыстаеш, калі будзеш свабодным ад усіх дачасных клопатаў. Шмат абманешся,
калі будзеш зважаць на нешта дачаснае. Няхай нішто ня будзе табе вялікім, нішто
высокім, нішто ўдзячным, нішто мілым, нішто пажаданым – апрача Бога і таго, што
ў Бога ёсць. Уважай за марную ўсякую пацеху, якая б табе ад якога-небудзь
стварэння прыйсці мела. Той, хто любіць Бога, ня дбае аб нічым на свеце і,
апрача Бога, пагарджае ўсім. Толькі Бог ёсць вечны, бязмерны і ўсё напаўняючы,
пацеха душы і сапраўдная радасць сэрца.