Малітва да Святога Духа
Прыйдзі, Стварыцель Дух
Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Чытанне: Ліст Яна Паўла II да манфартанскіх сямей (160-ая гадавіна “Трактату”, 2002 год, № 4)
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Марыя
нараджае нас наноў»
* «Яна
хоча фармаваць у нас Свайго Сына»
* «Яе
цела дала форму Езусу»
* «Цела
Езуса выйшла з Марыі»
У Хрысце, адзіным Сыне, мы сапраўды з’яўляемся дзецьмі Айца і адначасова дзецьмі Марыі і Касцёла. Можна сказаць, што, ў нейкім сэнсе, у дзявочым нараджэнні Езуса адраджаецца ўсё чалавецтва. Да Маці Божай з большай верагоднасцю, чым да св. Паўла, можна суаднесці наступныя словы: “Дзеці мае, я зноў нараджаю вас у пакутах, пакуль вобраз Хрыста не сфармуецца ў вас!” (Гa 4.19). “Я кожны дзень нараджаю дзяцей Божых, пакуль Езус Хрыстус, мой Сын, не будзе ўфармаваны ў іх ажно да поўні свайго ўзросту" (Трактат, 33). Гэтая дактрына найбольш прыгожа выражаецца ў наступнай малітве: "O, Духу Святы, Дай мне вялікае прагненне ўшанавання і вялікую прыхільнасць да Тваёй боскай Абранніцы, вялікую апору на Яе матчынае ўлонне і няспынную надзею на Яе міласэрнасць, каб у Ёй Ты фармаваў ува мне сапраўднага Езуса Хрыста" (Таямніца Марыі, 67).
Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы 219
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Святыя,
адлітыя ў Марыі»
* «Марыя
з’яўляецца формай Бога (Дачка Айца)»
* «Марыя з’яўляецца формай Езуса (Маці Сына)»
[219] Заўваж, калі ласка, што я кажу: адлітыя ў Марыі. Ёсць вялікая розніца паміж стварэннем рэльефнай скульптуры з дапамогай малатка і нажніц і праз адліванне ў форме. У першым выпадку скульптары шмат працуюць, робячы фігуры, і гэта займае ў іх шмат часу. А ў другім яны працуюць вельмі мала і ўсё робяць за кароткі час. Святы Аўгустын называе Святую Дзеву forma Dei — формай Бога. Si formam Dei te appellem, digna existis. Гэта значыць, формай, якая можа фармаваць і адліваць багоў. Той, хто знаходзіцца ў гэтай боскай форме, вельмі хутка ператвараецца ў Езуса Хрыста, а Езус Хрыстус — у яго. З найменшымі намаганнямі і за кароткі час ён станецца абагаўлёны, таму што быў у той Форме, што ўфармавала Бога.
Пытанне: ці я сапраўды жадаю дасведчыць гэтага дару адданя сябе Хрысту? Ці гэта пужае мяне? Ці гэты шлях да святасці падабаецца мне ці наадварот?