Акт прысвячэння

Прысвячэнне сябе самога
Езусу Хрысту, Уцелаўлёнай Мудрасці,
праз рукі Марыі

 

   О Спрадвечная і Ўцелаўлёная Мудрасць! О любы і годны пакланення Езу, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, адзіны Сын Спрадвечнага Айца і Марыі, заўсёды Дзевы! Аддаю Табе глыбокую пашану ва ўлонні і глыбіні Твайго Айца, у вечнасці, і ў дзявоцкім улонні Марыі, Тваёй годнай Маці, у хвіліну Твайго ўцелаўлення.

   Дзякую Табе за тое, што Ты прынізіў Сябе і прыняў постаць нявольніка, каб вызваліць мяне з жудаснага нявольніцтва дэмана.

   Праслаўляю Цябе і ўсхваляю за тое, што Ты пажадаў ува ўсім быць паслухмяным Марыі, Тваёй святой Маці, каб праз Яе ўчыніць мяне Сваім верным нявольнікам. На жаль, я быў няўдзячным і нясталым, а таму не захаваў вернасці абяцанням, якія ўрачыста склаў падчас Святога Хросту. Я не выканаў сваіх абавязкаў і таму не заслугоўваю таго, каб называцца Тваім дзіцём і Тваім нявольнікам. І, паколькі ўсё ўва мне заслугоўвае Твайго гневу, я не асмельваюся больш сам наблізіцца да Тваёй святой велічы.

   Таму я прашу заступніцтва і міласэрнасці ў Тваёй Святой Маці, якую Ты даў мне як Пасрэдніцу перад Тваім Абліччам. Менавіта праз Яе я спадзяюся атрымаць ад Цябе ласку скрухі сэрца і прабачэння маіх грахоў, ласку атрымаць і захаваць Мудрасць.

  Таму вітаю Цябе, о Беззаганная Марыя, жывы Табернакль Боскасці, дзе схаваная Спрадвечная Мудрасць жадае быць ушанаваная анёламі і людзьмі.

   Вітаю Цябе, Каралева Неба і зямлі, Табе падпарадкоўваецца ўсё, акрамя Бога.

   Вітаю Цябе, надзейны прытулак грэшнікаў, Твая міласэрнасць ахоплівае ўсіх. Выслухай маю просьбу, поўную жадання мець Боскую Мудрасць, і прымі дзеля гэтага абяцанні і ахвяры, якія Табе прыносіць мая мізэрнасць.

   Я, (Імя), няверны грэшнік, аднаўляю сёння і складаю ў Твае рукі мае абяцанні, якія я прынёс падчас Святога Хросту. Я навечна выракаюся шатана, яго пыхі і яго справаў і цалкам аддаюся Езусу Хрысту, уцелаўлёнай Мудрасці, каб несці свой крыж кожны дзень свайго жыцця, каб быць больш верным Яму, чым дагэтуль.

   Я абіраю Цябе сёння, у прысутнасці ўсяго нябеснага двара, за сваю Маці і Гаспадыню. Аддаю Табе і прысвячаю ў якасці нявольніка маё цела і маю душу, мае даброты ўнутраныя і знешнія і нават вартасць маіх добрых учынкаў мінулых, сённяшніх і будучых. Пакідаю табе поўнае права распараджацца мной і ўсім, што мне належыць, без выключэння, як Ты гэтага пажадаеш, дзеля большай хвалы Божай цяпер і на вякі.

   Прымі, о дабразычлівая Дзева, гэтую маленькую ахвяру майго нявольніцтва ў знак пашаны і еднасці Твайго Мацярынства са Спрадвечнай Мудрасцю. Прымі гэта як ушанаванне Вашай супольнай улады над гэтай маленькім чарвяком і нягодным грэшнікам, якім я з’яўляюся, а таксама як падзяку за прывілеі, якімі Цябе абдаравала Святая Тройца.

   Я заяўляю, што з гэтага моманту як Твой сапраўдны нявольнік я жадаю шукаць толькі Тваёй хвалы і ўва ўсім быць паслухмяным.

   O цудоўная Маці! Прадстаў мяне Твайму Сыну як вечнага нявольніка, каб, адкупіўшы мяне праз Цябе, Ён таксама прыняў мяне праз Цябе.

   O Маці міласэрнасці! Удзялі мне ласку атрымаць сапраўдную мудрасць Божую і быць у ліку тых, каго Ты любіш, навучаеш, кіруеш, насычаеш і абараняеш як Сваіх дзяцей і нявольнікаў.

   O Дзева верная, зрабі мяне дасканалым вучнем ува ўсім, паслядоўнікам і вучнем уцелаўлёнай Мудрасці, Езуса Хрыста, Твайго Сына, каб праз Тваё заступніцтва і па Тваім прыкладзе я дасягнуў поўні Яго веку на зямлі і Яго хвалы ў небе. Амэн.

 

 ***************

 Калі жадаеш, можаш перапісаць гэты Акт або раздрукаваць і пазначыць дату і месца, каб памятаць пра гэты ўрачысты дзень

Можаш таксама напісаць да ТАВАРЫСТВА МАРЫІ КАРАЛЕВЫ СЭРЦАЎ, Манфартанскага Марыйнага Брацтва, каб паведаміць, што ты прысвяціў сябе Езусу праз Марыю паводле святога Людвіка дэ Манфора. Калі адчуваеш, што гатовы далучыцца да Брацтва, можаш напісаць да айцоў манфартанцаў у Польшчы: svecenikmf@gmail.com
Каб даведацца больш: legionmaryi@gmail.com