Сёмы дзень: нянавісць і помста.

Малітва:

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, наведай вернікаў сваіх,

Напоўні ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой.

Названы Суцяшыцелем, Ты — найвышэйшы Бога дар,

Жыцця крыніца і любоў, і узмацненне нашых душ.

Ты спасылаеш сем дароў, бо маеш сілу ад Айца.

Праз Сына абяцаны нам, Ты мноствам моваў прамаўляў.

Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум нашыя,

І сэрцы нам аздараві, і нашы цноты узмацняй.

Ты злога духа адгані і супакоем адары,

Заўсёды за сабой вядзі і прабачэнне грэшным дай.

Дай праз Цябе Айца пазнаць і шлях да Сына пакажы.

Ты — Дух любові іх дваіх, верым Табе ва ўсе часы.

Богу Айцу хвала заўжды і Сыну ўваскрэсламу.

Суцяшыцелю, Табе хвала на вечныя вякі. Амэн.

 

a) Некаторыя асобы жывуць па прынцыпе: "вока за вока, зуб за зуб". Такі чалавек не прабачыць ніводнай крыўды. За ўсё помсціць і нічым не пагардзіць, каб гэта зрабіць: кпіны, паклёп, хлусня.

b) Пан Езус, Праслаўлёная Любоў, вучыць нас прабачаць правіны іншых. Ён хоча, каб мы маліліся за самых вялікіх непрыяцеляў. Ён Сам памёр для збаўлення чалавека, які праз свой грэх стаў ворагам Бога. Ён прасіў Айца аб літасці да сваіх катаў: "Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць" (Лк 23,34).

c) Можа і я маю асабістых ворагаў або антыпатыю да каго-небудзь? Якія ў мяне пачуцці да асобаў, якія мяне пакрыўдзілі? Ці прабачаю ім у глыбіні сэрца? Ці стрымліваю, ці забываюся, ці прынамсі імкнуся забыцца пра ўсе крыўды, якія яны мне ўчынілі? Ці стараюся апраўдаць іх паводзіны? Ці задумваўся над тым, што і ім ёсць, што мне прабачыць? Ці пазбягаю таго, каб іх абгаворваць, калі не маю адвагі ўкрыць іх памылкі? Ці спрабую добра гаварыць пра іх? Ці гатовы я зрабіць ім якую-небудзь паслугу?

d) Маці Божая, Твая любоў прабачыла людзям, якія ненавідзелі Твайго Сына і апраўдвала труслівасць Апосталаў. Дапамажы мне любіць і разумець кожнага брата. Навучы мяне казаць усім сэрцам: "Адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым".

 

Чытанне:

Мц 7, 1-12: "Не судзіце, каб вас не судзілі. Бо якім судом вы судзіце, такім і вас асудзяць, і якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана. Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? Або, як скажаш брату свайму: “Дазволь мне выняць шчэпку з вока твайго”, калі ў тваім воку бервяно? Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата. Не давайце сабакам таго, што святое, і не кідайце пярлінаў вашых перад свіннямі, каб яны не патапталі іх сваімі нагамі ды, вярнуўшыся, не разарвалі вас. Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена. Ці ёсць сярод вас чалавек, які, калі сын ягоны папросіць у яго хлеба, дасць яму камень? Або калі папросіць у яго рыбы, дасць яму змяю? Калі ж вы, будучы благімі, ведаеце, як даваць дзецям вашым добрыя дары, тым больш Айцец ваш, які ў нябёсах, дасць добрае тым, хто просіць у Яго. Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце, бо ў гэтым Закон і Прарокі."

 

Т. Кэмпійскі “Следам за Хрыстом: кн. I, раздз. 14 "Аб асцярозе да хуткага суду":

1. Звярні на сябе самога свае вочы і сцеражыся судзіць чужыя справы. Судзячы іншых, зусім дарма чалавек трудзіцца, часта памыляецца і цяжка грашыць; судзячы ж і разважаючы аб сабе, заўсёды карысна працуе. Часта аб нечым судзім паводле таго, як падыходзіць гэта нашаму сэрцу, бо дзякуючы свайму самалюбству згубілі мы дёгка праўдзівае суджэнне. Калі б Бог быў заўсёды адзінаю мэтаю нашых імкненняў, не злавалі б мы так хутка, сустракаючы супраціўленне нашай думцы.

2. Але часта нешта або ў нас крыецца, або прыходзіць звонку, што кліча да сябе. Шмат ёсць такіх, каторыя, што толькі робяць, сябе самых шукаюць, аб гэтым жа нават і ня ведаюць. Звонку выглядае, што быццам усё ў іх добра, калі ўсё робіцца паводле іх волі і думкі; але няхай робіцца насупроць таго, чаго хочуць – хутка пераменяцца ды засумуюць. Дзеля рознаякасці поглядаў і думак даволі часта бывае звадка між прыяцелямі, між грамадзянамі, між людзьмі пабожнымі, а нават і законнікамі.

3. Цяжка кінуць старыя прывычкі і ніхто не хоча ісці далей за свае думкі. Калі будзеш спадзявацца больш на свой розум ды кемкасць, чымся апірацца на цноце падлегласці Езусу Хрысту, тады ня хутка і мала калі будзеш асвечаным, затым, што Бог хоча, каб мы зусім перад ім спакарыліся, а гарачаю любоўю ўзняліся вышэй за ўсякі розум.

Раздз. 16 "Аб патрэбе цярпець нястачы чужыя":

1. Тое, чаго чалавек у сабе ці ў іншых паправіць ня здолее, няхай цярпілва зносіць аж пакуль Бог таго не пераменіць. Думай, што мо гэтак лепш дзеля спробы тваёй цярплівасці, без якое зусім малыя нашыя заслугі. Трэба, аднак, пры такіх перашкодах прасіць Бога, каб дапамог Ён табе лёгка вытрываць іх.

2. Калі хто, напамінаны раз або другі, не выпраўляецца, – не сварыся з ім і ўсё паручы Богу, няхай будзе хвала і воля Яго ўва ўсіх слугах Ягоных. Бог ведае, як зло на дабро абярнуць. Вучыся цярпліва зносіць заганы інышх ды ўсялякія іх нядужасці, таму што і ты шмат іх маеш, якія трэба зносіць інышм. Калі ты не патрапіш такім быць, якім хацеў бы, дык якім чынам здолаеш іншага бачыць паводле тваёй думкі? Хацелі б мы надта іншых бачыць дасканалымі, а сваіх недахопаў не спраўляем.

3. Хацелі б мы, каб іншыя строга напаміналі, а каб нас напаміналі – не хочам. Не ў спадобу нам шырокая самаволя іншых, а ня хочам, каб нам адмовілі таго, да чаго імкнёмся. Хочам, каб іншыя спаўнялі законы, а самі іх спаўняць ня хочам. З гэтуль відаць, што мала калі аднолькавай меркай мерым самых сябе і людзей іншых. Каб усе былі дасканалымі, дык што ж мелі б мы цярпець ад іх дзеля любові Бога?!

4. Але цяпер аднак так жадае Бог, каб вучыліся мы: адзін другому несці цяжар (Гал. 6, 2), бо нікога няма без заганы, без граху, нікога няма, каму самога сябе было б даволі, нікога няма так мудрага, каб у ва ўсім даў сабе рады, дык трэба, каб узаемна мы адны адных цешылі, зносілі, дапамагалі, вучылі ды напаміналі. Як вялікую хто мае цноту, найлепш можна гэта бачыць у супраціўнасцях. Нагода ня робіць чалавека слабым, а толькі паказвае, які ён сапраўды.