Малітва:
Прыйдзі,
Стварыцель Дух Святы, наведай вернікаў сваіх,
Напоўні
ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем, Ты — найвышэйшы
Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў, і узмацненне
нашых душ.
Ты
спасылаеш сем дароў, бо маеш сілу ад Айца.
Праз
Сына абяцаны нам, Ты мноствам моваў
прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум
нашыя,
І сэрцы нам аздараві, і нашы цноты
узмацняй.
Ты
злога духа адгані і супакоем адары,
Заўсёды
за сабой вядзі і прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць і шлях да Сына
пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх, верым Табе ва
ўсе часы.
Богу
Айцу хвала заўжды і Сыну ўваскрэсламу.
Суцяшыцелю,
Табе хвала на вечныя вякі. Амэн.
a) Альпіністы,
паслухмяныя свайму правадніку, прывязваюць сябе да канату і паспяхова
праходзяць цяжкі ўздым. Самаўпэўнены турыст, які нікога не слухае, вырушае сам,
без страхавальнага канату, каб ён не абмяжоўваў яго свабоду, і
падвяргае сябе небяспецы. Ёсць шмат супраціўнікаў усялякага прымусу. Праз
няправільнае разуменне незалежнасці яны пхаюць саміх сябе ў бездань
змарнаванага жыцця.
b) Як Бог Езус меў
найвышэйшую свабоду і незалежнасць, але ўсё жыццё на зямлі Ён
дабраахвотна быў залежным ад людзей. Быў паслухмяным Сваёй Маці і сваім катам.
Ён сказаў: "Ежа Мая ў тым, каб выконваць волю таго, хто паслаў Мяне, і завяршыць
Яго справу" (Ян 4, 34).
c) Якая мая паслухмянасць?
Ці я разумею, што такое паслухмянасць хрысціяніна? Ці настолькі люблю сваю
свабоду, што стараюся вызваліцца ад усіх загадаў, ад усялага закону? Ці хачу з
любові падпарадкавацца волі Божай? Ці задумваюся над тым, што Хрыстос больш
цэніць паслухмянасць, чым ахвяру, Ён прыйшоў у свет не дзеля таго, каб аддаваць
загады, але каб служыць? Ці я лічу самадзейнасць сваё
уласнай волі найвялікшым дабрабытам?
d) Марыя, Хрыстос больш за
ўсё любіў Цябе за тое, што Ты была падданая Божай волі. Праз Тваю паслухмянасць
вучы мяне ўва ўсім быць паслухмяным Яго волі.
Чытанне:
Мц
26, 37-44:
"І, узяўшы з сабою Пятра і абодвух сыноў Зэбэдэевых, пачаў тужыць і адчуваць
трывогу. Тады сказаў ім: «Засмучана душа Мая аж да смерці; застаньцеся тут і
чувайце разам са Мною». І, адышоўшы крыху ўперад, упаў на твар, маліўся і
казаў: «Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як
Я хачу, але як Ты». Калі вярнуўся да вучняў і знайшоў іх спячымі, сказаў Пятру:
«Чаму вы не маглі адну гадзіну чуваць са Мною?
Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела
слабое». І зноў, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: «Ойча Мой, калі не можа
келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне не піць яго, няхай станецца воля Твая». І, вярнуўшыся, зноў знайшоў іх спячымі, бо
вочы ў іх былі стомленыя. Тады пакінуў іх і адышоўся зноў, і маліўся трэці раз,
паўтараючы тыя самыя словы. "
Т.
Кэмпійскі “Следам за Хрыстом: кн. III, раздз. XV "Як трэба трымацца ды
гаварыць пры жаданні кожнае рэчы":
1. Так гавары ў кожнай
справе: Госпадзе, калі Табе да спадобы, няхай будзе так. Госпадзе, калі гэта на
хвалу Табе, няхай будзе гэта ў Імя Тваё. Госпадзе, калі бачыш патрэбнасць мне ў
гэтым, або карыстнасць – дык дай жа карыстацца на хвалу Табе. Калі аднак будзеш
бачыць, што шкоднае гэта для мяне, або мала вартае дзеля збаўлення душы –
забяры тады ад мяне такое жаданне. Бо ж ня ўсякае жаданне ад Духа Святога, хоць
яно здаецца чалавеку і добрым, і праўдзівым. Цяжка папраўдзе рассудзіць, ці
добры дух, ці благі – нагартвае на цябе жаданне тае або іншае рэчы, ці можа
ўласны твой дух да таго цябе падганяе. Шмат такіх, што падмануліся ўрэшце, калі
спачатку думалі, што ахінуў іх добры дух.
2. І дзеля таго, калі
хочам нечага, дык заўсёды з баязню Бога і пакораю ў сэрцы трэба нам хацець і
прасіць і таму трэба вырачыся зусім сябе, аддаць усё Мне ды казаць: "О
Госпадзе, Ты ведаеш, што лепш дык няхай будзе так ці інакш паводле волі Тваёй.
Дай, што хочаш і колькі хочаш, і калі хочаш. Зрабі са мною, што ведаеш і што
найбольш Табе да спадобы, і чаго вымагае вялікшая слава Твая. Пастаў мяне, дзе
хочаш, і цалкам рабі паводле волі Свае. Я ў руках Тваіх – нахіляй мяне і
паварочвай на ўсе бакі. Вось я слуга Твой – гатовы на ўсё, бо не для сябе, а
для Цябе жыць хачу – о, каб толькі годна і дасканала!"
Малітва
дзеля ўпрашэння ласкі паступаць паводле волі Бога
3. Дай мне, найласкавейшы
Езу, ласку сваю, каб са мною была, са
мною працавала (Мдр 9, 10) і са мною датрывала аж да канчатку. Дай мне, каб
я заўсёды хацеў і да таго імкнуўся, што Табе мілей і больш да спадобы. Воля
Твая няхай будзе маёю воляю, мая ж няхай заўсёды будзе аднолькава з Табой
хацець і не хацець: каб ня мог я хацець – чаго Ты не хочаш, або не хацець –
чаго Ты хочаш.
4. Дай мне памерці для
ўсяго, што ёсць на свеце і любіць дзеля Цябе, быць пагарджданым ды нікому
невядомым на свеце. Дай мне над усімі жаданнямі супачыць у Табе і сэрца маё ў
Табе супакоіць. Ты – праўдзівы супакой сэрца, Та – адзіны адпачынак; усё апрача
Цябе – цяжар і неспакой. У гэтым супакой,
гэта ёсць у Табе, які адзінае найважнейшае і вечнае дабро – няхай засну я і адпачну (Пс 4, 10).
Амэн.