Трыццаць першы дзень: Найміласэрнейшы.

  Малітва св. Аўгустына:

Езу Хрысце... Мудрасць мая, Прастата мая, Супакой мой… Чаму я любіў і прагнуў нечага па-за Табой? Чаму думкамі я не быў заўсёды з Табой? Досыць ужо гэтага чакання. Няхай з гэтай хвіліны кожнае маё прагненне імкнецца да Цябе, няхае спяшаецца, няхай рупліва шукае і знаходзіць Цябе. Найсаладзейшы Езу, будзь любоўю, раскошай і захапленнем кожнага чалавека, прысвечанага Тваёй хвале. Будзь усім для майго сэрца. Няхай маё сэрца будзе алтаром, на якім гарыць жывы агонь Тваёй любові. Спальвай мяне няспынна і бяз рэшты, каб у хвіліну смерці не было ўва мне нічога апрача любові. Амэн.

 

a) Св. Геранім падчас Божага Нараджэння кантэмпляваў Дзіцятка ў яслях. “Гераніме, адазвалася Дзіцятка, дай Мне што-небудзь.” “Пане, вазьмі маё сэрца.” “Дай Мне што-небудзь, Гераніме.” “Пане, ці хочаш маё жыццё?” “Не, дай Мне што-небудзь іншае.” “Але я цалкам Табе належу. Што хочаш, каб я Табе даў?” “Гераніме, дай Мне твае грахі, каб Я іх адпусціў.” 

b) Выбавіць нас, вызваліць ад усялякага цяжару нашых грахоў, вось чаго хоча Хрыстос. Ён адзіны да канца ведае нашую слабасць і бездапаможнасць, толькі мы да канца ў гэта не верым. Мы не разумеем прыпавесці пра марнатраўнага сына. Кожны з нас з’яўляецца няверным сынам, а Езус з’яўляецца тым Айцом, які, бачучы жалеючага за свае грахі чалавека, пра ўсё забываецца. Ці мы разумеем Яго Міласэрнасць адносна жанчыны, якую злавілі на чужаложстве? “Ніхто не асудзіў цябе?” Яна адказала: “Ніхто, Пане!” Езус сказаў ёй: “I Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы” (Ян 8, 10-11). Ці мы разумеем Яго дабрыню, калі Ён адчыняе неба добраму злачынцу? І які боль Яму прычыняе недавер і роспач Юды?

c)  Каб мне прабачыць, Езу, Ты прагнеш, каб я давяраў Тваёй любові. Які мой першы крок пасля ўчыненага граху, ці кідаюся з цалкавітай пакорай і даверам у абдымкі Езуса? Ці я магу пакорна прызнаць сваю віну, як св. Пётр, перамагаючы ўласную любоў? Ці магу я, як св. Пётр, прасіць прабачэння за свае грахі? Ці можа ў маім звяртанні да Хрыста ёсць пэўная заклапочанасць, якая выражае недавер у Яго прабачэнне? Ці я цалкам перакананы ў тым, што не столькі грэх раніць Яго Сэрца, колькі мой недавер? Ці я ведаю, што Бог не памятае маіх грахоў і адзіная рэч, якой Ён для мяне прагне, гэта шчасце і з’яднанне з Ім.   

d) Маці Міласэрнасці, дапамажы мне ніколі не сумнявацца ў бязмежнай дабрыні Твайго Сына. Чым больш я слабы, тым большы дай мне давер, каб адразу, без аглядкі, я бег да Яго Найсаладзейшага Сэрца.  

 

Чытанне:

Ян 8, 1-11: “Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў прыйшоў у святыню, і ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх. Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну,  якую  злавілі  на  чужаложстве  і,  паставіўшы  яе  пасярэдзіне, сказалі Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужаложстве. У Законе ж Майсей наказаў  нам  каменаваць  такіх.  А  Ты  што  скажаш?»  Яны  казалі  гэта,  бо выпрабоўвалі  Яго,  каб  мець  у  чым  абвінаваціць  Яго.  Але  Езус,  схіліўшыся, пісаў пальцам на зямлі. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень». І зноў, схіліўшыся, пісаў на зямлі. Яны ж, калі пачулі гэта, адыходзілі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся толькі Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне. Езус выпрастаўся  і  сказаў  ёй: «Жанчына,  дзе  яны?  Ніхто  не  асудзіў  цябе?»  Яна адказала: «Ніхто, Пане». Езус сказаў ёй: «I Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы».

 

Т. Кэмпійскі “Следам за Хрыстом”: кн. III, раздз. XXX “Трэба прасіць дапамогі ў Бога і чакаць з вераю вяртання ласкі”:

1. Сыне, Я Бог, што падтрымлівае ў дні турботаў (Нам 1, 7). Прыходзь да Мяне, калі табе будзе нядобра. Найбольш аддаляе нябесную пацеху гэта тое, што занадта позна звяртаешся да малітвы. Бо перш чым, пачнеш прасіць мяне, шукаеш рознага суцяшэня і палёгкі ў рэчах вонкавых. Дзеля таго ўсё гэта мала табе дапамагае, пакуль не пераканаешся, што Я ёсць той, каторы выбаўляе, маючых ува мне надзею (Пс 16, 7) і што апрача мяне няма ані належнай дапамогі, ані карыснай рады, ані трывалых лекаў. Але пасля буры, прыйшоўшы да прытомнасці, узмагай свае сілы да яснасці Маёй міласэрнасці, бо блізка Я знаходжуся, каб усё ізноў направіць ня толькі так, як было, але яшчэ лепш і шчадрэй.

2. Ці ж ёсць што труднае, або ці ж я такі, як той, што прыракае і не спаўняе? Дзе ж вера твая? Будзь сталым і вытрывалым. Будзь цярплівым і мужным; пацеха прыйдзе ў сваім часе. Чакай мяне, чакай: прыйду і аздараўлю цябе (Мц 8, 7). Тое, што цябе так мучае, ёсць толькі спакусай, а тое, што цябе так трывожыць, ёсць толькі пустым страхам. Нашто маеш турбавацца тым, што трапіцца з табою ў будучыне? Хіба ня тое, каб павялічваць сумаванні свае за сумаваннямі. На кожны дзень хопіць бяды свае (Мц 6, 34). Марна ды бескарысна турбавацца ці весяліцца з таго, што маніцца трапіцца ў будучыне, а магчыма надта, што і ніколі не трапіцца.

3. Такімі ўявамі жыць – прыкмета гэта людзкой слабасці, а такая лёгкасць на падшэпты ворага сведчыць аб нядужасці духа. Бо ж не глядзіць вораг ці праўдзівымі ці фальшывымі рэчамі падмануць цябе: ці каханнем рэчаў дачасных, ці сполахам будучыні паваліць чалавека. Няхай не турбуецца сэрца Тваё, ані палохаецца (Ян 14, 1). Вер Мне ды на міласэрнасць маю спадзявайся. Калі ты думаеш, што Я надта далёка, - Я часта зусім блізка цябе. Калі ты думаеш, што ўсё ўжо прапала – тады прыходзіць хвіліна большае заслугі ды ўзнагароды. Ня ўсё яшчэ прапала, калі абставіны складаюцца неяк насупроць цябе. Ня трэба судзіць паводле таго, што цяпер табе здаецца, ды палохацца кожнаю бядою гэтак, быццам уся надзея палёгкі прапала.

4. Ня думай, што пакінуў Я цябе зусім, калі пашлю табе якую туроботу, або забяру жаданую пацеху – бо толькі гэткі шлях вядзе да неба. І без сумневу, лепш табе і ўсім слугам Маім, калі выпрабую вас супраціўнасцямі, чымся калі б усё было паводле думак вашых. Я ведаю патаемныя думкі твае і ведаю, што надта карысна дзеля збаўлення твайго, каб быў ты часта бяз унутранай радасці, а гэта таму, каб не зашмат ты пышыўся поступам сваім у дабры, ды каб сам ты сябе ня лічыў такім, якім ты ня ёсць. Што Я даў – магу адабраць і зноў вярнуць, калі гэтак пажадаю.

5. Калі што даю – Маё яно, калі адбіраю – тваё не бяру: бо ж Маё ўсё дабро і ўсякі дар дасканальны. Калі пашлю на цябе бяду, або нейкую супраціўнасць – не наракай ды не сумуй у сэрцы сваім: Я ж хутка магу даць палёгку табе, а ўсялякае сумаванне ў вяселле пераменіцца. І сапраўды, справядлівы Я і годны хвалы, калі гэтак раблю.

  6. Калі сапраўды ты разумны, ды ўсё размяркоўваеш добра, ніколі табе ня трэба сумаваць маладушна ў супраціўнасцях, а хутчэй цешыцца ды дзякаваць за іх. Ды нават яшчэ няхай будзе табе вяселлем, што пасылаю на цябе болі, не мінаю цябе (Ёў 6, 10). Як Айцец узлюбіў мяне, гэтак і вас я ўзлюбіў (Ян 15, 9), сказаў я ўлюбёным вучням сваім, якіх сапраўды паслаў я не на радасці дачасныя, але на змаганне вялікае; не на гонары, але на здзек і пагарду, не на гультайства, але на бязупынную працу, не на адпачынак, але на тое, каб прыносілі плод вялікі ў цярплівасці. Памятай, мой сыне, на гэтыя словы!