Малітва:
Прыйдзі,
Стварыцель Дух Святы, наведай вернікаў сваіх,
Напоўні
ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем, Ты — найвышэйшы
Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў, і узмацненне
нашых душ.
Ты
спасылаеш сем дароў, бо маеш сілу ад Айца.
Праз
Сына абяцаны нам, Ты мноствам моваў
прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум
нашыя,
І сэрцы нам аздараві, і нашы цноты
узмацняй.
Ты
злога духа адгані і супакоем адары,
Заўсёды
за сабой вядзі і прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць і шлях да Сына
пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх, верым Табе ва
ўсе часы.
Богу
Айцу хвала заўжды і Сыну ўваскрэсламу.
Суцяшыцелю,
Табе хвала на вечныя вякі. Амэн.
a) Калі я нясмелы і лагодны, тады я павінен стаць ціхамірнасцю і супакоем для
асяроддзя – “святлом",
каб свяціць усім, хто знаходзіцца разам са мной.
b) "Калі хочаш"
(Мц 19, 21) –
кажа мне Езус, можаш стаць падобным да Мяне, і будзеш праменяваць супакоем і
слодыччу майго Сэрца.
c) Ці я
перакананы ў тым, што магу мець вялікі ўплыў на маё асяроддзе? Дабрыня ўзмацняе
сэрцы. Ці стараюся я быць добрым для ўсіх? Ці стараюся праменяваць супакоем, суцішваць
нязгоду? Ці імкнуся да сапраўднай міласэрнасці, якая, з любові, прыбірае чужыя
недахопы духоўныя і матэрыяльныя? Ці імкнуся я да ціхамірнасці, якая ратуе
людзкія сэрцы і робіць здольным да дабра? Ці я
не драмлю ў выгадным, цёмным, пасрэдным задавальненні сабой, у "шчаслівым самапрызнанні”? Ці не станаўлюся эгаістычным цэнтрам майго
асяроддзя?
d) Наймілейшая
Маці, Ты была радасцю, святлом і супакоем для ўсіх, зрабі так, каб сваёй
дабрынёй я дапамагаў іншым пазнаваць дабрыню і любоў Бога.
Чытанне:
Лк
10, 38-42: " Калі былі ў дарозе, Ён зайшоў у адно
паселішча. Нейкая жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго. У яе была сястра імем
Марыя, якая села каля ног Пана і слухала Ягоныя словы. Марта ж, занятая многімі
паслугамі, падышоўшы, сказала: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула
мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне». Але Пан сказаў ёй у
адказ: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а
патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе».”
Т.
Кэмпійскі “Следам за Хрыстом: кн. III, раздз. III “Слоў Божых з пакораю трэба слухаць; шмат такіх, што ня ведаюць іх
вартасці”:
1.
Слухай, сыне, слоў Маіх, слоў найсалодшых, вялікшых за ўсю ўмеласць філосафаў і
мудрацоў гэтага свету. Словы мае – гэта дух і жыццё (Ян 6, 63) і ня можа
іх мерыць розум чалавека. Ня трэба імі карыстацца дзеля марнае ўспадобы, а
моўчкі ўслухацца і прымаць іх з вялікаю пакораю ды любоўю.
2. І
сказаў я: “Блаславёны, каторага Ты, Госпадзе, наставіш на дарогу і навучыш
яго закону Твайго і гэтым адвядзеш яго ад злога (Пс 93, 12-13) і ня будзе
пакінуты на зямлі.
3. Я – кажа Госпад – навучыў Прарокаў ад пачатку і аж дагэтуль не перастаю
гаварыць да ўсіх, але многа ёсць глухіх і нячуткіх на голас Мой. Многа ёсць
такіх, каторыя ахвотней слухаюць свет замест Бога і лягчэй ідуць за
пажадлівасцю свайго цела, а не за воляй Божай. Свет прыракае рэчы дробныя і
мінаючыя, а служаць яму з вялікай ахвотай; Я прыракаю рэчы бязмерныя і вечныя,
а сэрцы смяротных застаюцца незакранутыя. Хто ж служыць мне гэтак ахвотна ўва
ўсім і паслухмяна гэтак, як служаць свету ды паном яго? Засаромся, Сідон, бо
гаворыць мора (Іс 23, 4); калі хочаш прычыну ведаць – вось услухайся. Дзеля
марнае карысці чалавек увесь свет абойдзе, а дзеля вечнага жыцця часта і
пальцам не зварухне. Гоняцца за марнай заплатай; за адзін грош бясстыдна вядуць
спорку; дзеля бязвартаснае рэчы, дзеля малой надзеі – не палохаюцца працаваць у
дзень і ў ночы.
4.
Ах, сорам які! Дзеля дабра вечнатрывалага, дзеля ўзнагароды бясцэннае, дзеля
славы найвялікашае – лянуюцца ды палохаюцца найменшае працы. Дык чырваней,
лянівы і згрызотлівы, што іншыя ахвотней працуюць на сваю згубу, чымся ты
працуеш для вечнага жыцця, што іншыя больш радуюцца з марнаты, чымся ты з
праўды. Аднак так часта абманваюцца яны ў надзеях сваіх; маё ж абяцанне нікога
не ашукавае і не адойдзе з парожнымі рукамі той, хто паверыць мне. Што прырок –
тое дам; што сказаў – тое споўню, калі толькі хто да канца вытрывае верна ў
любові Маёй. Я шчодра ўзнагароджваю добрых і спробамі вялікімі ўзмацняю
пабожных.
5.
Запішы словы Мае ў сэрцы сваім і добра іх разваж, бо надта патрэбнымі табе яны
будуць у хвіліну спакусы. Чаго ня разумееш чытаючы, зразумееш тады, калі цябе
адведаю. Двайным спосабам адведаю я выбранцаў сваіх – гэта значыць: спакусаю і
пацехаю. І дзве навукі даю ім штодзень: адну ганячы іхнія праступкі, другую –
клічучы іх да штораз большых цнотаў. Хто мае словы мае ды іх адкідвае, той
мае суддзю, што ў апошні дзень асудзіць яго (Ян 12, 48).
Малітва,
каб выпрасіць сабе ласку пабожнасці
6.
Госпадзе Божа мой, Ты ўсё дабро маё! І хто ж я такі, каб смеў гаварыць з Табою?
Я найгоршы слуга Твой і ліхі чарвячок, больш годны пагарды, чымся я гэта ведаю
і смею выказаць. Памятай аднак, о Госпадзе, што я нішто, што нічога ня маю і
нічога ня здолею. Ты адзін добры, справядлівы і святы; Ты ўсё можаш, усюды маеш
вока, усё Сабою напаўняеш і толькі грэшнага пустым пакідаеш. Успомні
міласэрнасць Тваю (Пс 24, 6) і напоўні сэрца маё ласкаю Сваёю, Ты, каторы
ня хочаш, каб марнаваліся стварэнні Твае.