Малітва:
Прыйдзі,
Стварыцель Дух Святы, наведай вернікаў сваіх,
Напоўні
ласкай з вышыні сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем, Ты — найвышэйшы
Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў, і узмацненне
нашых душ.
Ты
спасылаеш сем дароў, бо маеш сілу ад Айца.
Праз
Сына абяцаны нам, Ты мноствам моваў
прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці сэрцы і розум
нашыя,
І сэрцы нам аздараві, і нашы цноты
узмацняй.
Ты
злога духа адгані і супакоем адары,
Заўсёды
за сабой вядзі і прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць і шлях да Сына
пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх, верым Табе ва
ўсе часы.
Богу
Айцу хвала заўжды і Сыну ўваскрэсламу.
Суцяшыцелю,
Табе хвала на вечныя вякі. Амэн.
a) Шмат людзей нядбала
выконвае кожную працу, каб хутчэй скончыць і пайсці адпачываць і бавіцца. Іх
дэвіз: здабыць як мага больш грошай з найменшым намаганнем. Яны не клапоцяцца
пра добрае выконванне абавязку.
b) Пра Хрыста можна
сказаць, што Ён усё жыццё імкнуўся ўсё рабіць добра. "Вось іду выконваць
Тваю волю" (Габр 10, 9). Ён выканаў ажно да апошняй кроплі крыві свой
абавязак Адкупіцеля. Ён палюбіў нас да канца самым дасканалым чынам.
c) Як я ўглядаюся ў свае
штодзённыя заняткі? Ці я не лічу іх прыгнётам, ад якога трэба як мага хутчэй
пазбавіцца ўсялякім спосабам? Ці з'яўляюцца яны для мяне выражэннем Божай волі?
Ці я думаю пра тое, каб іх выканаць як мага лепш, найбольш сумленна? Ці злучаю
я сваю працу з працай Езуса і Марыі? Ці думаю пра тое, што мая праца,
ахвяраваная Богу, з'яўляецца супрацоўніцтвам у Яго справе збаўлення, утрымання
свету і адкуплення людзей? Ці я складаю Богу ў ахвяры сваю працу і перамяняю яе
такім чынам у малітоўны акт праслаўлення Бога? Ці цяжкасці, звязаныя з працай,
я прымаю ў духу ўмярцвення і пакуты? Паважна, але без фанатызму, падыходзячы да
сваіх заняткаў, ці пакідаю сабе столькі свабоды духа, каб час ад часу ўзнесці
сэрца да Бога?
d) Маці, якая ўсё добра выконвала,
таму што рабіла гэта з найвялікшай любоўю да Твайго Сына і людзей, дай мне
ласку працаваць з Табой, каб я ўсё рабіў разам з Табой, каб усё чыніў як мага
лепш на хвалу Твайго Боскага Сына.
Чытанне:
Ян
19, 28-30:
"Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася
Пісанне, кажа: «Прагну». Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на ісоп
губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў. Калі Езус пакаштаваў
воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І схіліўшы галаву, аддаў духа."
Мк
7, 31-37:
"І зноў выйшаў Езус з межаў Тыра і прайшоў праз Сідон да Галілейскага
мора, пасярод зямель Дэкаполіса. І прывялі да Яго глуханямога, і прасілі, каб
усклаў на яго руку. 33Адвёўшы яго далей ад натоўпу, Езус паклаў у яго вушы свае
пальцы і, паслініўшы, дакрануўся да ягонага языка. Паглядзеўшы на неба,
уздыхнуў і сказаў яму: «Эффата», што значыць: «Адкрыйся». І адразу адкрыліся
вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна. Тады
Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны апавядалі
яшчэ больш. Будучы надзвычай здзіўленымі, яны казалі: «Ён зрабіў ўсё добра:
учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць!»"
Т. Кэмпійскі
“Следам за Хрыстом: кн. I, раздз. XV "Аб чынах з любові":
1. Ані дзеля якой рэчы,
ані дзеля кахання да якога чалавека – ня можна рабіць нічога благога; калі
аднак чыё дабро вымагае, добры ўчынак можна спыніць іншым добрым учынкам, або
замяніць яго на лепшы. Бо гэткім спосабам добрае не марнуецца, нават робіцца
лепшым. Вонкавая работа бяз любові зусім бескарысная: усё, што было б з любові
– хоць бы надта маленькае ды мізэрнае, робіцца надта карысным. Бо ж сапраўды,
Бог зважае больш на думку таго, хто робіць, чымся на тое, што ён робіць.
2. Многа робіць, хто многа
любіць. Многа робіць, хто тое, што робіць, добра робіць. Часта тое, што
выглядае за маласць, сапраўды ёсць толькі пачуццёвасць; бо прыродны нахіл,
уласная воля, надзея на ўдзячнасць, ды імкненне да выгады мала калі нас
пакідаюць.
3. Хто мае сапраўдную
дасканалую любоў, той нідзе ня будзе аглядацца на сябе, а толькі будзе
лятуцець, каб усюды здзяйснялася хвала Бога. Нікому так жа не зайздросціць, бо
ня любіць ніякае ўласнае радасці; ня цешыцца ў самым сабе, лятуціць ад шчасця
ў Богу, які вышэй за ўсялякае дабро. Нікому не
прыпісвае дабра, але цалкам адносіць яго да Бога, які ёсць крыніцай усялякага
дабра і ў якім канчаткова ўсе святыя радасна супакойваюцца. О, каб ты меў хоць
іскарку сапраўднае любові, дык лёгка пачуў бы, што ўсё зямное толькі марнасць!