Дваццаць восьмы дзень: ціхі і пакорнага Сэрца.

  Малітва св. Аўгустына:

Езу Хрысце... Мудрасць мая, Прастата мая, Супакой мой… Чаму я любіў і прагнуў нечага па-за Табой? Чаму думкамі я не быў заўсёды з Табой? Досыць ужо гэтага чакання. Няхай з гэтай хвіліны кожнае маё прагненне імкнецца да Цябе, няхае спяшаецца, няхай рупліва шукае і знаходзіць Цябе. Найсаладзейшы Езу, будзь любоўю, раскошай і захапленнем кожнага чалавека, прысвечанага Тваёй хвале. Будзь усім для майго сэрца. Няхай маё сэрца будзе алтаром, на якім гарыць жывы агонь Тваёй любові. Спальвай мяне няспынна і бяз рэшты, каб у хвіліну смерці не было ўва мне нічога апрача любові. Амэн. 

a) Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце  спакой  для  сваіх  душаў(Mц 11, 28-29).

b) “Прыйдзіце да Мяне… і Я вас супакою.” У гэтых словах ёсць бязмежная дабрыня. Якое ж гэта шчасце ісці да Таго, хто з’яўляецца сябрам і радасцю для нашых душаў. Ісці да Яго, калі стомлены, прыгнечаны, занепакоены і адпачыць. Хто можа выразіць далікатнасць Яго Сэрца?

c) Езу, якія цноты Табе найбольш да спадобы? Ты Сам нам сказаў: “Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам. Ты палюбіў гэтыя дзве, так незразумелыя для людзей цноты. Ты ціхі і лагодны. Ці прарок не сказаў пра Цябе: “Трысціны надламанай ня зломіць і лёну, які тлее, не атушыць” (Iс 42, 3)? Ты Баранак, які дазволіў прынесці Сябе ў ахвяру. Ты быў поўны слодычы, калі Цябе зневажалі і білі. (Пан Езус сказаў св. Гертрудзе, што падчас цярпенняў укаранавання, калі кроў залівала Яму вочы, Ён з цяжкасцю іх адкрываў, каб з чуласцю глядзець на сваіх катаў). Езу, Ты пакорны, Ты выбіраў Сабе ў сябры людзей бедных і грэшных. Ты не шукаў першага месца і хаваўся, калі натоўпы хацелі назваць Цябе каралём. Ты забараняў аздароўленым абвяшчаць Твае Імя, і прынізіў Сябе ажно да мыцця ног сваім вучням. А хто больш за Цябе быў пагарджаны і прыніжаны?

d) Езу, ціхі і пакорнага Сэрца, перамяні маё ганарлівае і цвёрдае сэрца. Зламай яго ўпартасць. Няхай я зразумею і прызнаю сваю бездапаможнасць, бо яна з’яўляецца повадам для Тваёй спачувальнай любові. Дай мне ласку аддаваць сябе Найпакорнейшаму Сэрцу Тваёй Маці, каб я палюбіў пакору і ціхасць.

 

Чытанне:

Ян 13, 1-17: Перад святам Пасхі Езус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх. І падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта, каб выдаць Яго, Езус, 3ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя і што Ён выйшаў ад Бога і да Бога ідзе, устаў  з-за  стала,  скінуў  верхнюю  вопратку  і,  узяўшы палатно, падперазаўся. Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням, і выціраць палатном, якім быў падперазаны. Падышоў да Сымона Пятра. Той сказаў Яму: «Пане, Ты хочаш абмыць мне ногі?» Езус адказаў яму: «Тое, што Я раблю, Ты цяпер не разумееш, але зразумееш пасля». Сказаў Яму Пётр: «Не, не абмыеш ніколі маіх ног!» Езус адказаў яму: «Калі не абмыю цябе, не будзеш мець  удзелу  са  Мною». Сымон Пётр кажа Яму: «Пане, не толькі ногі, але і рукі, і галаву!» Сказаў яму Езус: «Абмытаму трэба толькі ногі абмыць, бо ўвесь чысты. І вы чыстыя, але не ўсе».  Бо ведаў, хто  выдасць  Яго. Таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя». А калі абмыў ім ногі, апрануў вопратку сваю і зноў сеў за стол, і сказаў ім: «Ці разумееце, што Я зрабіў вам? Вы Мяне называеце Настаўнікам і Панам, і добра кажаце, бо Я ім ёсць. Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам. Сапраўды, сапраўды кажу вам: слуга не большы за свайго гаспадара, і пасланнік не большы за таго, хто паслаў яго. Калі гэта ведаеце і чыніце так, вы шчаслівыя. 


Т. Кэмпійскі “Следам за Хрыстом”: кн. III, раздз. XIII “Аб паслухмянасці пакорнага падуладнага паводле прыкладу Езуса Хрыста”:

1. Хто, Сыне, імкнецца ўцячы ад паслухмянасці, той сам праганяе ласку, а той, хто хоча карысці асабістае – той губляе карысць супольную. Хто неахвотна і недабравольна падпарадкоўваецца старэшым сваім – той паказвае, што цела ягонае ня ведае яшчэ дасканальнае паслухмянасці, што яно часта яшчэ бунтуецца і праціваіцца. Дык вучыся хуткай паслухмянасці загадам старэйшых, калі хочаш перамагчы цела сваё. Бо лягчэй перамагчы вонкавага ворага, калі чалавек унутраны сам з сабою ў згодзе. Няма горшага і страшнейшага ворага для душы тваёй, як ты сам, калі дух нязгодны з целам. Калі хочаш перамагчы цела і кроў сваю, абавязкова трэба пагардзіць сабою. Таму што маеш яшчэ грэшную любоў да сябе самога – палохаешся зрачыся сябе ды падпарадкавацца волі чужой.

2. Але што ж тут вялікае, што ты, пыл і нічогасць, дзеля Бога спакараешся загадам чалавека, калі Я Ўсемагутры і Найвышэйшы, які ўсё з нічога стварыў, паслухмяна спакарыся чалавеку дзеля цябе. Самым маленькім і пакорным зрабіўся Я, каб пакораю Маёю перамог ты пыху сваю. Вучыся ламаць свае хаценні ды быць гатовым да ўлегласці.

3. Вазміся за барацьбу з сабою ды ня стрывай, каб была ў табе пыха, будзь такім маленькім і пакорным, каб кожны па табе як бы хадзіць мог і таптаць, як вулічнае балота. І на што жы ты маеш наракаць, пусты чалавеча? І што ж ты, нягодны грэшнік, патрапіш адказаць тым, што будуць ганіць цябе, ты, што столькі раз Бога зняважыў, ды столькі разоў на пекла заслужыў? Аднак, прапусціла табе вока маё, бо цэнная душа твая перада Мною, каб спазнаў ты любоў Маю, ды каб быў заўсёды ўдзячны за дабрадзейнасць Маю. Каб заўсёды быў ты ў сапраўднай пакорнасці ды цярпліва зносіў усялякую пагарду.