Дваццаць сёмы дзень: Бог-Чалавек.

 ЧАЦВЁРТЫ ПЕРЫЯД:
Хрыстос у маім жыцці.

 Ці можна любіць чалавека, якога не ведаеш або ведаеш вельмі мала. Мы не дастаткова любім Езуса, таму што амаль Яго не ведаем. Не цікавімся Ім. Амаль ніхто старанна не імкнецца, як кажа св. Павел, больш даведацца пра Яго. А ў той жа час веды пра Хрыста найбольш нам патрэбныя, карысныя і неабходныя. Навука пра Яго першая сярод усіх навук у свеце і дае нам найбольш унутранага задавальнення і радасці.  Яна першая, таму што яе прадметам з’яўляецца Любоў і Мудрасць, поўня Боства і Чалавечнасці. Яна напаўняе нас радасцю Айца, які пазнае Сына і любіць Яго ў Найсвяцейшай Тройцы. Яна вельмі нам патрэбная, таму што з’яўляецца сутнасцю жыцця, каб мы пазналі Бога і Яго Сына Езуса Хрыста. Калі мы ведаем усё апрача Езуса Хрыста, то мы нічога не ведаем, кажа св. Людвік. 


 

Малітва св. Аўгустына:

Езу Хрысце... Мудрасць мая, Прастата мая, Супакой мой… Чаму я любіў і прагнуў нечага па-за Табой? Чаму думкамі я не быў заўсёды з Табой? Досыць ужо гэтага чакання. Няхай з гэтай хвіліны кожнае маё прагненне імкнецца да Цябе, няхае спяшаецца, няхай рупліва шукае і знаходзіць Цябе. Найсаладзейшы Езу, будзь любоўю, раскошай і захапленнем кожнага чалавека, прысвечанага Тваёй хвале. Будзь усім для майго сэрца. Няхай маё сэрца будзе алтаром, на якім гарыць жывы агонь Тваёй любові. Спальвай мяне няспынна і бяз рэшты, каб у хвіліну смерці не было ўва мне нічога апрача любові. Амэн.

 

a) “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.” (Ян 1, 1).

b) Разам са святым Янам праслаўляем Спрадвечнае Слова Айца, Сына Марыі.  

c) Усемагутны Сыне, ва ўсім роўны Свайму Айцу, Ты стаўся Чалавекам. Ты спрадвечны, але падпарадкаваўся часу. Ты бясконцы, але вызначыў сабе межы. Ты Бязмежны, але стаўся маленькім. Ты – Слова Бога, але асудзіў Сябе на маўчанне. Гэтая незразумелая справа Божай Усемагутнасці, гэты цуд пакоры і любові, гэта менавіта Ты, Езу Хрысце. Святы Ян сказаў: “Тое, што было ад пачатку, што мы чулі пра Слова жыцця, што бачылі на свае  вочы,  на  што  глядзелі  і  да  чаго  дакраналіся  нашыя  рукі, — бо  жыццё аб’явілася, і мы бачылі, і сведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыццё, якое было ў Айца і аб’явілася нам” (1 Ян 1, 1-2). Яны бачылі Яго хвалу, дзівіліся Яго цудам. Яны бачылі, як Ён даслоўна выконваў усе прароцтвы. Яны слухалі Яго мудрую, чыстую і прыгожую навуку.  Ён прамаўляў, як той, хто мае ўладу. Ніхто дагэтуль не казаў так, як Ён. Апосталы запісалі Яго Боскую навуку. Ён хоча, каб мы ў Яго верылі; верылі ў Яго любоў. Ён хоча, каб мы падпарадкавалі Яму сваё ўласнае суджэнне, ўласнае меркаванне, каб мы Яго любілі і гэтую любоў ставілі вышэй за ўсе пачуцці, усе людзкія радасці. Ён хоча, каб мы разам з Ім аддавалі жыццё за сваіх братоў і сясцёр.

d) Езу, кажу Табе разам з Пятром: “Ты Хрыстос, Сын Бога Жывога” (Мц 16, 16). Ты мая Дарога, мая Праўда, маё Жыццё, маё Святло. У Цябе я шукаю сэнс жыцця. Да каго мне ісці? У Цябе слова вечнага жыцця (пар. Ян 6, 68). Ты мой Айцец, Праваднік, Сябра. Толькі Ты годны таго, каб ісці за Табой і вечна Цябе любіць. Дай мне Тваю Маці, каб кожную хвіліну, як Яна, я любіў Цябе і крочыў за Табой.

 

Чытанне:

Ян 1, 1-16: “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў  Бога  на  пачатку.  Усё  праз  Яго  сталася,  і  без  Яго  нічога  не  сталася  з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго. З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе  паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло. Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет. У свеце было Слова, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі. А  тым,  хто  прыняў  Яго,  дало  ўладу  стаць  Божымі  дзецьмі,  тым,  хто верыць у імя Ягонае, хто не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся. Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды. Ян  сведчыць  пра  Яго  і  ўсклікае,  кажучы: «Гэта  быў  той,  пра  каго  я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне».  Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі.”

 

Т. Кэмпійскі “Следам за Хрыстом”: кн. II, раздз. VII “Аб любові да Езуса над Усё”:

1. Багаслаўлёны, хто ведае, што такое любіць Езуса і пагарджаць самым сабой для Езуса. Дзеля гэтага Улюбенца трэба ўсё ўлюбёнае пакінуць, бо Езус хоча, каб мы Яго самога і больш за ўсё любілі. Любоў стварэнняў малапэўная і абманная, любоў Езуса верная і трывалая. Хто прывяжацца да стварэнняў, - згіне з імі, а хто прыхіліцца ўсім сэрцам да Езуса – узмоцніцца на векі. Таго любі і лічы сябе за прыяцеля, хто цябе не пакіне, калі ўсе адхінуцца ад цябе, і калі надыйдзе твой канец, ня дасць табе згінуць. Ці хочаш, ці ня хочаш – з усімі трэба будзе калісь развітацца.

2. Жывучы ці паміраючы, заўсёды трымайся Езуса і даручы сябе Яго вернасці, бо калі б усе адхінуліся ад цябе, Ён адзін табе дапаможа. Улюбенец твой такой натуры, што ня хоча нікога іншага, з кім трэба было б дзяліцца тваёю любоўю. Ён сам хоча валодаць тваім сэрцам і быццам кароль панаваць, седзячы на троне сваім. Калі б ты патрапіў вызваліцца ад усялякага стварэння, тады Езус ахвотна жыў бы з табою і ў табе. Бадай ўсё страціш, чаго толькі ад людзей, а не ад Езуса спадзявацца будзеш. Не абапірайся на трасціне, якая хістаецца ад ветру, бо ўсялякае цела, як трава вяне і ўсялякая слова яго, як цвет травы ападае (Іс 11, 6).

3. Хутка абманешся, калі толькі на павярхоўнасць людзкую зважаць будзеш. Бо, калі шукаеш у людзей пацехі і карысці – найхутчэй сустрэнеш расчараванне і шкоду. Калі ўсюды будзе шукаць Езуса, дык сапраўды знойдзеш Яго. Калі будзеш шукаць сябе самога, дык і знойдзеш сябе самога, сабе аднак на згубу. Бо чалавек больш шкодзіць сабе самому, калі Езуса не шукае, чымся ўвесь свет і ўсе ягоныя ворагі.