Малітва св. Аўгустына:
Езу
Хрысце...
Мудрасць мая, Прастата мая, Супакой мой… Чаму я любіў і
прагнуў нечага па-за Табой? Чаму думкамі я не быў заўсёды з Табой? Досыць ужо
гэтага чакання. Няхай з гэтай хвіліны кожнае маё прагненне імкнецца да Цябе,
няхае спяшаецца, няхай рупліва шукае і знаходзіць Цябе. Найсаладзейшы Езу,
будзь любоўю, раскошай і захапленнем кожнага чалавека, прысвечанага Тваёй
хвале. Будзь усім для майго сэрца. Няхай маё сэрца будзе алтаром, на якім
гарыць жывы агонь Тваёй любові. Спальвай мяне няспынна і бяз рэшты, каб у
хвіліну смерці не было ўва мне нічога апрача любові. Амэн.
a) “Як
Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові” (Ян
15, 9). “Калі хто любіць Мяне, той
захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім
жыллё ў яго” (Ян
14, 23).
b) Ойча
наш, Ойча мой, які ёсць у Небе, Ты любіш мяне той самай любоўю, якой любіш
Свайго ўмілаванага Сына, Святога cвятых.
Ты, Езу, любіш мяне той самай любоўю, якую атрымліваеш ад Айца. Так, гэта магчыма і праўдзіва, таму што Ты ёсць Любоў і для мяне пайшоў на
ўчынак шаленства любові. Тваё ўцелаўленне – гэта шаленства любові. Прыніжэнне і
боль пакуты – гэта шаленства любові. Даванне Сябе Самога ў Эўхарыстыі – гэта
шаленства любові. Аддане Тваёй Маці Касцёлу – гэта шаленства любові. Твая
прысутнасць у Касцёле, у кожным супольніку Твайго Містычнага Цела – гэта
шаленства любові да мяне. Ты любіш такім чынам кожнага з нас. Ты кажаш: “Дзеці Мае, Я ўжо не называю вас слугамі, але сябрамі. Нават, калі б маці
забылася пра сваіх дзяцей, Я пра вас ніколі не забудуся” (пар. Ян
15, 15; Іс 49, 15).
c) Твая
любоў не скончылася разам з Тваім жыццём на зямлі. Яна агарняе мяне і прасяквае. Ты чыніш цуд і праз Сваю любоў Ты ўвесь час прабываеш ува мне. Я з’яўляюся
святыняй Найсвяцейшай Тройцы, санктуарыем Божага жыцця. Ці ўсведамляю я гэты
цуд? Ці спрабаваў памятаць пра Яго на працягу дня, штодзённа? Ці трэба, каб я
абуджаў у іншых людзей удзячнасць Езусу за цуд Яго прысутнасці ў кожным з нас?
d) Езу,
няхай прыйдзе Тваё Валадарства Любові. Няхай яно будзе ў маім сэрцы і ў сэрцах
усіх людзей. Ахвярую сябе Тваёй Маці, каб Яе любоў дапоўніла маю
бездапаможнасць і адсутнасць дабра. Дай
мне, прашу Цябе, праз Яе, любоў да Цябе і прагненне запальваць іншых Тваёй
любоўю. Я хачу жыць у Яе Матчынай няволі любові: любові да Цябе, да Касцёла, да
кожнага чалавека.
Чытанне:
Ян 3,
11-21: “Сапраўды, сапраўды кажу табе: мы гаворым пра тое, што ведаем, і сведчым пра
тое, што ўбачылі, а сведчання
нашага не прымаеце. Калі Я сказаў вам пра зямное, і вы не верыце, то як
паверыце, калі скажу вам пра нябеснае? Ніхто не ўзышоў на неба, акрамя таго,
хто з неба сышоў, — Сын Чалавечы. І як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен
быць узняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае». Бо
так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто
верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў
свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго,
не бывае асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя
Адзінароднага Сына Божага. А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі
больш палюбілі цемру, чым святло, таму што ўчынкі іхнія былі ліхія. Бо кожны,
хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не выявіліся яго
ліхія ўчынкі. А хто чыніць праўду, ідзе
да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу».
Т. Кэмпійскі “Следам за Хрыстом”: кн. III, раздз.
XXII “Аб разважанні розных дабрадзействаў Божых”:
1. Адчыні, Пане сэрца маё праву Твайму ды навучы мяне хадзіць шляхам
загадаў Тваіх. Дай мне сцяміць волю Тваю і з вялікаю пашанаю ды старанлівасцю
дабрадзейнасці Твае разважаць, як усе цаліком, так і кожнае асобна, каб здолеў
за іх я належна быць удзячным. Ведаю аднак добра і прызнаюся, што нават за
найменшае дабро, якое Ты мне зробіш, не змагу я, як трэба падзякаваць Табе.
Шмат меншы за ўсе дары, якія даў Ты мне і калі разважаю вялікадушнасць Тваю,
спыняецца дух мой перад яе велічынёю.
2. Усё, што ў душы маем ды ў целе, усё, чым валодаем: ці звонку, ці знутры,
прыродна ці надпрыродна – усё гэта Твае дары, якія ўсцяж наводзяць нам на
памяць, што Ты дабрадзейны, міласэрны, добры і што ад Цябе атрымалі мы ўсё. А
калі адзін крыху больш, іншы менш дастаў, усё аднак Тваім дабром ёсць: без Цябе
і найменшай часткі ня меў бы. Той, што больш атрымаў, хай ня хваліцца заслугамі
сваімі, хай ня думае, што лепшы ён за іншых, ды хай не смяецца з тых, што менш
атрымалі, бо ж той вялікшы ды лепшы, хто менш прыпісвае сабе, а ў сваёй
удзячнасці яшчэ больш пакорны і пабожны. А той, хто глядзіць на сябе быццам на
самага найгоршага і самага недастойнага – той найбольш здатны атрымаць вялікшыя
дары.
3. Той зноў, што менш атрымаў, хай ня сумуе і ня будзе незадаволеным ды не
зайздросціць тым, што больш атрымалі, а хай тады звернецца да Цябе ды дабрату
Тваю найбольш выхваляе за тое, што так шмат, так ахвотна ды незаслужана, не
мінаючы нікога, сваімі дарамі надзяляеш. Усё ад Цябе, таму трэба ўва ўсім Цябе
выхваляць. Ты ведаеш, каму што трэба даць і чаму дадзена таму менш, а таму
больш; ня нам, а Табе гэта размеркаваць канчаткова, якія хто паасобку мае
заслугі.
4. Таму, Пане Божа, за ўсялякую дабрадзейнасць лічу я мала што мець з усяго
вонкавага, што выклікае гэтулькі гонару і славы між людзьмі; дык вось той, што
ўбачыць сваю беднасць ды мізэрнасць, хай надта не палохаецца ды ня сумуе і
сэрцам не падае – а хутчэй няхай весяліцца і цешыцца, бо ж Бог бедных і
пакорных і тых, якімі пагарджаюць на гэтым свеце выбраў сабе за блізкіх і за
хатніх сваіх. Сведчаць гэта самыя Апосталы Твае, якіх князямі паставіў Ты
над усенькай зямлёю (Пс 44, 17). Жылі яны на свеце не наракаючы, такія
пакорныя і простыя, без ніякае хітрасці ды злосці, што нават радаваліся,
калі ім здаралася цярпець дзеля Імя Твайго (Дз 5, 41), ды ахвотна прымалі
тое, чаго свет ненавідзіць.
5. І дзеля гэтага хай нічым гэтак не весяліцца той, хто Цябе любіць ды
ведае ўсе дабрадзейнасці Твае, як свядомасцю, што спаўняецца ў ім воля Твая ды
спадобай у ім вечных загадаў Тваіх. І якімі няхай так цешыцца, ды няхай такую
мае радасць, каб ахвотна хацеў быць найменшым, як іншы хоча быць найвялікым.
Няхай аднолькава супакойным ды здаволеным будзе на апошнім месцы, як і на
першым; аднолькава няхай яму будзе ці ў пагардзе і ўсімі адкінутым, ня маючы ў
людзей значэння і славы, ці ў пашане ў іншым і ў славе. Бо воля Твая і любоў
славы Тваёй трэба, каб была вышэйшая за ўсё і каб больш цешыла яго і больш яму
падабалася, чымся ўсе дабрадзействы Твае, якімі яго надарыў ці надорыш.