Сёмы дзень: Крыж будзе маім шляхам.

Малітва да Святога Духа

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы, 
Наведай вернікаў сваіх,
 
Напоўні ласкай з вышыні
 
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
 
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
 
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў, 
Бо маеш сілу ад Айца. 
Праз Сына абяцаны нам, 
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці 
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві, 
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані 
І супакоем адары, 
Заўсёды за сабой вядзі 
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць 
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх, 
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу. 
Суцяшыцелю, Табе 
Хвала на вечныя вякі. Амэн. 

Біблійнае чытанне: Mк 8, 34-37  

Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Калі хто хоча ісці за Мною… »
* «Няхай возьме крыж свой» 

34 І, паклікаўшы натоўп разам са сваімі вучнямі,  сказаў ім: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. 35 Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго. 36 Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць свайму жыццю? 37 Бо што дасць чалавек узамен за сваё жыццё?

Чытанне святога людвіка дэ Манфора: Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы 81 

Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Трэба кожны дзень паміраць дзеля саміх сябе»
* «Глядзець так, як быццам нічога не бачучы»
* «Слухаць так, як быццам нічога не чуючы»
* «Кантраляваць свае словы»
* «Кантраляваць свае памкненні, усё гэта сапраўдная мудрасць…» 

[81] Па-другое, каб вызваліцца ад асабістага “я”, трэба кожны дзень паміраць дзеля саміх сябе. Гэта азначае, што трэба вырачыся памкненняў душы і пачуццяў цела. Трэба глядзець так, як быццам нічога не бачучы, слухаць так, як быццам нічога не чуючы, ужываць рэчы гэтага свету так, як быццам не ўжываючы. Усё гэта святы Павел называе “паміраць кожны дзень” : Quotidie morior! Калі гарчычнае зерне, што ўпадзе ў зямлю, не памрэ, то не прынясе добрага плоду: Nisi  granum  frumenti  cadens  in  terram mortuum fuerit, ipsum solum manet (пар. 1 Кар 15, 21). Калі мы не паміраем дзеля сябе і калі нашыя самыя святыя пабожныя практыкаванні не вядуць нас да гэтага патрэбнага і плённага памірання, яны будуць непатрэбнымі, і нашая справядлівасць стане забруджанай самалюбствам і нашай асабістай воляй. І тады Богу будуць агіднымі ўсе нашыя нават самыя вялікія ахвяры і ўчынкі. А ў гадзіну нашай смерці нашыя рукі будуць пустымі, без цнотаў і заслугаў, і ў нас не будзе нават іскаркі чыстай любові, якая даецца толькі душам, што памерлі дзеля саміх сябе і чыё жыццё схаванае ў Богу з Езусам Хрыстом. 

  Пытанне: нам трэба прызнаць, што некаторыя з нашых памкненняў павінны быць ачышчаныя. Гэтага нельга зрабіць без Крыжа. Калі, у якіх сітуацыях свайго жыцця ты сустракаўся з Крыжам? Ты яго прыняў ці адкінуў?

   На заканчэнне: малітва святога ружанца.