Малітва да Святога Духа
Прыйдзі, Стварыцель
Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Біблійнае чытанне: Лк 12, 16-21
Ключавыя словы і фразы для разважання
* «Неразумны! Гэтай
жа ноччу забяруць
душу тваю ў цябе»
* «Ці маеш вялікае багацце?»
* «Адпачываць, есці, піць і
весяліцца!»
16 І расказаў ім прыпавесць: «У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле. 17 І ён разважаў сам-насам: “Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой”. 18 І сказаў: “Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. 19 І скажу душы маёй: душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся”. 20 Але Бог сказаў яму: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?” 21 Так бывае з тым, хто збірае сабе скарбы, а не багацее перад Богам».
Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы 97-98
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* Прыгожае імя хрысціяніна
* Кантраляваць свае жаданні і схільнасці
* Мудрасць
мае чатыры грані:
- кантраляваць
свой язык і не зашмат гаварыць
- кантраляваць
свае вочы і не ўсё бачыць
- кантраляваць свае вушы і не
ўсё чуць
- кантраляваць свае
сэксуальныя прагненні
* Гэта ключ да сапраўднага
шчасця!!!
[97] Саманадзейныя ўшанавальнікі — гэта грэшнікі — нявольнікі сваіх дрэнных схільнасцяў або
вялікія аматары гэтага свету, якія пад прыгожым імем хрысціянаў і адданых
Святой Дзеве хаваюць пыху або хцівасць, нячыстасць або п’янства, гнеў або лаянку,
праклён або несправядлівасць і гэтак далей. Яны спакойна спяць у сваіх дрэнных
звычках, надта не намагаючыся іх выправіць, тлумачачы гэта тым, што яны
ўшаноўваюць Святую Дзеву. А гэта значыць, што дзякуючы гэтаму Бог іх прабачыць,
яны не памруць без споведзі і не будуць асуджаныя. А яшчэ таму, што яны моляцца
на ружанцы, захоўваюць пост у суботу і запісаныя ў брацтва Святога Ружанца, або
Шкаплера, або іншае брацтва Святой Дзевы, яны носяць маленькі кавалачак тканіны
або маленькі ланцужок у гонар Святой Дзевы і гэтак далей.
Калі ім кажуць, што іх пабожнасць
— гэта толькі ілюзія д’ябла і небяспечная саманадзейнасць, здольная іх
загубіць, яны не хочуць гэтаму верыць. Яны кажуць, што Бог добры і міласэрны і
стварыў нас не дзеля таго, каб нас загубіць. Тым больш няма ніводнага чалавека,
які б не грашыў, і яны не памруць без споведзі, і досыць аднаго жалю за грахі
ў хвіліну смерці, тым больш яны
ўшаноўваюць Святую Дзеву і носяць шкаплер, кожны дзень добра моляцца сем “Ойча
наш” і “Вітай, Марыя” ў Яе гонар і нават час ад часу моляцца ружанец і гадзінкі
да Святой Дзевы, посцяць і гэтак далей. Каб падмацаваць сказанае і яшчэ больш
увесці ў аблуду, яны распавядаюць некалькі выпадкаў, пачутых ці прачытаных у
кнігах, сапраўдных ці не, не важна, але
каб іншыя паверылі, што асобы, памерлыя ў смяротным граху, без споведзі, але
дзякуючы таму, што за жыццё яны памаліліся некалькі малітваў і адправілі
некалькі набажэнстваў да Маці Божай, уваскрэслі, каб паспавядацца, або іх душа
цудоўным чынам заставалася ў целе да хвіліны споведзі, або праз міласэрнасць
Святой Дзевы пасля смерці яны атрымалі ласку скрухі і прабачэнне грахоў, а
потым былі збаўленыя. Такім чынам, гэтыя саманадзейныя асобы спадзяюцца на тое
ж самае.
[98] Няма нічога больш годнага асуджэння ў хрысціянстве за гэтую д’ябальскую саманадзейнасць. Ці можна сказаць, што мы сапраўды любім і ўшаноўваем Святую Дзеву, а ў той жа час сваімі грахамі зраньваем, абражаем і неміласэрна крыжуем Езуса Хрыста, Яе Сына? Калі б Марыя пажадала ратаваць праз Сваю Міласэрнасць такіх людзей, Яна б узаконіла злачынства і дапамагала б абражаць і крыжаваць Свайго Сына. Ці можна асмеліцца думаць такое?
Пытанне: ці ёсць у тваім жыцці грэх або недахоп, з якім ты не змагаешся? Чаму ты згаджаешся не змагацца з ім?