Малітвы, прапанаваныя Манфорам

 Ускліканне да Святога Духа

 О Дух Святы, будзь Гаспадаром
Майго сэрца, якое Цябе любіць.
Майго духа, які жадае Цябе пазнаць,
Майго языка, каб заваёўваць для Цябе душы,
Маіх пачуццяў і маіх ведаў.
Выкарыстай дзеля Сваёй хвалы
Мае ўчынкі і мае цярпенні,
А таксама мае даброты і мой боль.
Усё, што ў мяне ёсць,
Я аддаю, каб Табе служыць,
Зрабі святыняй маё сэрца,  
А маю мову Тваёй прыладай.
Езу і Марыя, валадарце ўва мне ўсёй сваёй моцай.
Я хачу Цябе вечна праслаўляць,
Мой Божа, мой Адзіны. Амэн. 
(св. Людвік- Марыя дэ Манфор) 

Малітва да Спрадвечнай Мудрасці
(паводле прыгожай малітвы Саламона) 

Божа маіх Продкаў і Госпад міласэрнасці,
Сваім Словам Ты стварыў сусвет.
Дай мне Мудрасць, якая сядзіць на Троне побач з Табой.  
Сваёй Мудрасцю, Ты ўфармаваў Чалавека,
Каб ён кіраваў усімі стварэннямі.  
Дай мне Мудрасць, якая сядзіць на Троне побач з Табой.
Таму што Мудрасць разам з Табой.
Яна была побач, калі Ты ствараў сусвет.
Яна ведае, што падабаецца Тваім вачам,  
Таму што Яна ўсё ведае, усё разумее.
Спашлі мне Яе з Трону Тваёй хвалы.
Дай мне Мудрасць, якая сядзіць на Троне побач з Табой.
Божая Мудрасць – гэта Езус, Твой Сын.
Няхай Ён пашле мне Твайго Духа Святога,
Духа мудрасці, разважлівасці і парады.
Прашу Цябе праз Марыю, Каралеву Мудрасці,
Тваю і маю Маці. Амэн. 

 Езу, які жывеш у Марыі
(ранішняя малітва) 

О Езу, які жывеш у Марыі, прыйдзі і жыві ў сваіх слугах, у Тваім духу святасці, у поўні Тваіх дароў, у дасканаласці Тваіх шляхоў, у праўдзе Тваіх цнотаў, у еднасці Тваіх таямніцаў. Пануй над усімі варожымі моцамі, над светам, над дэманам і над плоццю, у Тваім Духу і на хвалу Твайго Айца. Амэн. 

Sub tuum praesidium (Тваёй абароне)
(на вечар, самая старажытная малітва да Марыі) 

Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца, у нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. І ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, Панна хвалебная і бласлаўлёная. О Пані наша, Апякунка наша, Суцяшальніца наша, Ты Заступніца наша, з Сынам сваім нас паяднай, Сыну свайму нас даручай, Сыну свайму нас аддавай. 

Малітва св. Бернарда 

 Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што ніколі не здаралася, каб пакінула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу кліча, Тваёй апекі просіць. Гэтым даверам натхнёны, да Цябе, о Панна над Паннамі і Маці наша, імкнуся, да Цябе прыходжу, парад Табою, грэшны, плачучы, стаю. О Маці Слова, не пагарджай словамі маімі, але пачуй іх ласкава і выслухай. Амэн.