Дваццаць другі дзень: любоў.

 Малітва:

Вітай, Зорка мора, Маці Хрыста-Бога,
Панна найчысцейша, верным дапамога.
     Ты, што прывітана словам Габрыэля,
     Умацуй нас ў веры, усім спашлі надзею.
Вызваль з путаў грэху, аддалі нядолю
I напоўні сэрцы нашы супакоем.
     I прасі, о Панна, Ты за нас Езуса,
     Каб мы захаваны былі ад спакусаў.
Маці ласкі Божай, будзь для нас узорам -
Вызваленым з грэху, дай жыць у пакоры.
     Памажы, Марыя, нам знайсці дарогу,
     Што вядзе да Неба, да яднання з Богам. 

a) Сёння я ўваходжу ў Бетлеемскую гроту. Станаўлюся на калені перад дзіцяткам, маім Богам. Гляджу на Яго з любоўю. Бачу Яго на руках Яго Маці, якая таксама і мая Маці.  

b) Ці можна было калі-небудзь спадзявацца на такое шчасце? Любоў да Езуса так перапаўняе Твае Сэрца, Марыя, што ахоплівае таксама і мяне, беднага слабога чалавека, забруджанага грахамі.

c) Маці Божая, Ты нарадзіла Езуса. Ты дала нам самы вялікі Скарб. Якая ж была Твая радасць, Марыя. Праз Цябе ўцелавілася і прыйшла ў свет Спрадвечная Мудрасць. Бог даверыў Табе Свайго Адзінароднага Сына. Які ж вялікі давер меў да Цябе Ўсемагутны Бог. Якая ж вялікая была любоў Бога да Цябе. Ці я гэта ўсведамляю? Ці я маю хоць крышачку той любові і даверу да Цябе? Ці гатовыя я таксама цалкам даверыцца Табе?

d) Найлепшая Маці, мне так патрэбна Твая любоў. Прытулі мяне да Сябе. Асвяці мяне, каб я зразумеў, што я за ўсё павінен Табе дзякаваць. Я хачу вельмі моцна Цябе любіць, бо ўсё, што Бог мне дае, Ён дае праз Цябе.

 

Чытанне:

Лк 2, 1-20: "У тыя дні выйшаў загад ад цэзара Аўгуста зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэта быў першы перапіс падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад.  Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць. І нарадзіла Сына свайго першароднага. І спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе. У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. І з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях». Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі». Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан». І пайшлі яны, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях. А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця. Усе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі. А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім. І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.


Св. Л. дэ Манфор “Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы Марыі” 139-140:

[139] Другі матыў, які паказвае нам, што вельмі патрэбна і карысна для хрысціяніна цалкам прысвяціць сябе Найсвяцейшай Дзеве, каб больш дасканала належаць Езусу Хрысту.

Гэты добры Настаўнік не пасаромеўся замкнуцца ва ўлонні Святой Дзевы як вязень і нявольнік любові і быць Ёй паслухмяным і падданым трыццаць гадоў. І тут, паўтараю, чалавечы розум губляецца, калі пачынае сур’ёзна разважаць над гэтымі паводзінамі Уцелаўлёнай Мудрасці, якая не пажадала аддацца людзям адразу, але толькі праз Найсвяцейшую Дзеву, і не пажадала прыйсці ў свет дарослым незалежным чалавекам, але бедным маленькім дзіцяткам, залежным ад Сваёй святой Маці. Гэтая бясконцая Мудрасць, якая нязмерна жадала праславіць Бога — Свайго Айца і ўратаваць людзей, не знайшла найлепшага і найпрасцейшага сродку гэта зрабіць, як ува ўсім падпарадкавацца Найсвяцейшай Дзеве, і не толькі на працягу першых васьмі, дзесяці ці адзінаццаці гадоў свайго жыцця, як іншыя дзеці, але трыццаці. І сваім трыццацігадовым падпарадкаваннем і залежнасцю ад Найсвяцейшай Девы Яна праславіла Бога — Свайго Айца больш, чым калі б Яна выкарыстала гэты час на цуды, абвяшчэнне Добрай Навіны па ўсёй зямлі, навяртанне грэшнікаў. Калі б так, то Яна б гэта зрабіла. O! Праслаўляйце велічна Бога, падпарадкоўваючыся Марыі па прыкладзе Езуса!

Маючы перад сваімі вачыма такі выразны і вядомы прыклад, ці можам мы быць настолькі неразважлівымі, каб шукаць больш дасканалы  сродак і больш кароткі  шлях, каб праславіць Бога, замест таго, каб падпарадкавацца Марыі па прыкладзе Яе Сына?

[140] Каб даказаць неабходнасць нашай залежнасці ад Найсвяцейшай Дзевы, трэба нагадаць сабе ўсё тое, што я сказаў раней, спасылаючыся на прыклад Айца, Сына і Духа Святога ў залежнасці, якую мы павінны мець ад Найсвяцейшай Дзевы. Айцец даў і дае нам Сына толькі праз Яе, фармуе сабе дзяцей толькі праз Яе і надзяляе Сваімі ласкамі толькі праз Яе. Бог Сын прыняў людское цела дзеля ўсяго свету толькі праз Яе, кожны дзень Ён фармуецца і робіцца прысутным толькі праз Яе ў еднасці з Духам Святым і надзяляе сваімі цнотамі і заслугамі толькі праз Яе. Бог Дух Святы ўфармаваў Езуса толькі праз Марыю, толькі ў Ёй фармуе часткі Яго Містычнага Цела і размяркоўвае Свае дары і ласкі толькі праз Яе. Пасля столькіх прыгожых прыкладаў Святой Тройцы ці можам мы, калі толькі мы не зусім сляпыя, абысціся без Марыі і не прысвяціць сябе Ёй, каб належаць Ёй і праз Яе ісці да Бога і ахвяраваць сябе Яму?