ДРУГІ
ТЫДЗЕНЬ: 7 ДЗЁН,
КАБ
ПАЗНАЦЬ МАРЫЮ.
* Імкнуцца прыняць Марыю так, як Яе прыняў Бог.
ПЕРШЫ ДЗЕНЬ:
Марыя, поўная ласкі.
Малітва да Святога Духа
Прыйдзі, Стварыцель
Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Біблійнае чытанне: Лк 1, 26-33 і 38
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Марыя,
поўная ласкі»
*
«Fiat, «так» Марыі»
* «Вітай,
поўная ласкі»
* «Вось
я, слуга Пана»
26 У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, 27 да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. 28 Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою». 29 Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. 30 І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. 31 Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. 32 Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда,бацькі Ягонага, 33 і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца». […] 38 Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл.
Або іншае чытанне: Ян Павел ІІ, Ліст да манфартанскай сям’і ў 50-ую гадавіну кананізацыі св. Людвіка дэ Манфора (21.06.1997)
3. Асоба Езуса Хрыста з’яўляецца галоўнай у думцы Грыньёна дэ Манфора: «Езус, наш Збаўца, сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек, павінен быць канчатковай мэтай усіх інышых пабожных практыкаванняў» (СУ 61). Уцелаўленне Слова з’яўляецца для яго абсалютна галоўнай рэчаіснасцю: «Спрадвечная і ўцелаўлёная Мудрасць... Я праслаўляю Цябе... у велічы Твайго Спрадвечнага Айца і ў дзявочым улонні Марыі, Тваёй годнай Маці, у хвіліну Твайго ўцелаўлення.» Гарачае ўсхваленне асобы ўцелаўлёнага Сына Божага, якое гучыць у кожным навучанні айца Манфора, і сёння мае сваю вялікую вартасць, таму прадстаўляе раўнаважны погляд з дактрынальнага пункту гледжання і вядзе да еднасці з Тым, хто адкрывае чалавецтву яго сапраўднае пакліканне. Калі б толькі вернікі маглі зразумець гэты заклік: «Езус Хрыстус (спрадвечная Мудрасць) – гэта ўсё, што вы можаце і павінны жадаць. Жадайце Яго, шукайце Яго,... менавіта Ён - гэта тая каштоўная і адзіная перліна.» (ЛСМ 223).
Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы 44
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Марыя
знайшла ласку ў Бога»
* «Яна
поўная ласкі»
* «Яна
можа прывесці на прамы шлях да неба тых, каго Яна захоча, («малы шлях» неба)
* «Яна
можа правесці праз “вузкія дзверы жыцця” тога, каго Яна захоча («малы шлях» жыцця)»
[44] Толькі Марыя знайшла ласку ў Бога без дапамогі іншага стварэння. І ўсе іншыя знайшлі і знойдуць ласку ў Бога толькі праз Яе. Яна была поўная ласкі, калі Яе прывітаў Арханёл Габрыэль. Яна была перапоўненая ласкай Духа Святога, калі Ён ахінуў Яе Сваім ценем. Яна штодзённа кожную хвіліну настолькі памнaжала гэтую падвойную поўню, што дасягнула вяршыні найвялікшай і неспасцігальнай ласкі. Такім чынам Найвышэйшы зрабіў Яе адзінай скарбніцай і размеркавальніцай сваіх ласкаў, каб Яна магла ўшляхетніць, узвысіць і ўзбагаціць, прывесці на прамы шлях да неба тых, каго Яна захоча, каб Яна магла, нягледзячы ні на што, правесці праз вузкія дзверы жыцця тога, каго Яна захоча, і даць яму пасад, тарчу і царскі вянок. Езус заўсёды і паўсюль – плод і Сын Марыі, а Марыя – паўсюль сапраўднае дрэва, што прыносіць плод жыцця, і сапраўдная Маці, што Яго нараджае.
Пытанне: ці адчуваеш ты ў сваім жыцці патрэбу Божай ласкі?