ТРЭЦІ ТЫДЗЕНЬ: 7 ДЗЁН,
КАБ ПАЗНАЦЬ ЕЗУСА
ХРЫСТА.
* пазнаць і палюбіць Езуса Хрыста,
Уцелаўлёную Мудрасць
ПЕРШЫ ДЗЕНЬ:
Езус – Альфа і
Амега, Пачатак і Канец.
Малітва да Святога Духа
Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Біблійнае чытанне: Ян 15, 1-5
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Я —
вінаградная лаза, вы
— галіны»
*
«Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён»
1 Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой —
вінаградар. 2 Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і
кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. 3 Вы ўжо
чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. 4 Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як
галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай
лазе, так і вы, калі не будзеце ўва
Мне. 5 Я —
вінаградная лаза, вы
— галіны. Хто застаецца ўва Мне,
а Я ў ім, той прыносіць багаты плён,
бо без Мяне
нічога не можаце зрабіць.
Або іншае чытанне: Навука Папы Францішка 20.05.2013
Нядзеля Святой Тройцы. Святло Пасхальнага перыяду і новай Пяцідзесятніцы кожны год аднаўляе ў нас радасць і подзіў веры: трэба прызнаць, што Бог не з’яўляецца нечым недакладным, не з’яўляецца “аэразолем”, Ён вельмі канкрэтны, гэта не абстракцыя, у Яго ёсць імя: "Бог ёсць любоў”. Гэта не чуллівая, эмацыйная любоў, але любоў Айца, які з’яўляецца пачаткам кожнага жыцця; любоў Сына, якая памірае на крыжы і ўваскрасае; любоў Духа, які аднаўляе чалавека і свет. Думка пра тое, што Бог ёсць любоў, прыносіць нам вялікую радасць, таму што Ён вучыць нас любіць, вучыць нас даваць сябе адзін аднаму, як Езус аддаўся нам і цяпер крочыць разам з намі па дарозе жыцця.
Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы 61-62
Ключавыя словы і фразы для разважання:
* «Езус
– Альфа і Амега, Пачатак і Канец»
* «Калі
б ушанаванне Святой Дзевы аддаляла ад Езуса Хрыста, яго трэба было б адкінуць
як падман д’ябла»
* «Езус
з’яўляецца нашым адзіным Збаўцам»
* «Езус
з’яўляецца нашым адзіным Настаўнікам… »
[6l] Першая праўда. Езус Хрыстус, наш Госпад, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, павінен быць канчатковай мэтай усіх нашых пабожных практыкаванняў. У іншым выпадку яны б былі несапраўднымі і памылковымі. Езус Хрыстус — гэта Альфа і Амега, пачатак і канец кожнай рэчы. Мы дзейнічаем, кажа Апостал, толькі дзеля таго, каб кожнага чалавека зрабіць дасканалым у Езусе Хрысце, таму што толькі ў Ім жыве ўся поўня Боскасці і ласкі, цноты і дасканаласці. Таму што толькі ў Ім мы атрымалі духоўнае блаславенства. Таму што Ён — наш адзіны Настаўнік, які павінен нас навучыць, наш адзіны Госпад, ад якога мы павінны залежаць, наш адзіны Гаспадар, з якім мы павінны быць з’яднаныя, наш адзіны ўзор, на які мы павінны быць падобнымі, наш адзіны лекар, які павінен нас лячыць, наш адзіны пастыр, які павінен нас карміць, наш адзіны шлях, па якім мы павінны ісці, нашая адзіная праўда, у якую мы павінны верыць, нашае адзінае жыццё, якое павінна нас ажыўляць, і нашае адзінае ўсё ў кожнай рэчы, якой нам павінна быць дастаткова. І не дадзена пад небам іншага імя, акрамя імя Езуса, якім мы павінны быць збаўленыя. Бог даў нам толькі адзіны падмурак нашага збаўлення, дасканаласці і хвалы — гэта Езус Хрыстус. Кожны будынак, які не стаіць на моцным падмурку, пабудаваны на сыпучым пяску, і безумоўна раней ці пазней упадзе. Кожны вернік, што не з’яднаны з Хрыстом, як вінаградная лаза, упадзе, высахне і будзе прыдатны толькі на тое, каб яго выкінулі ў агонь. Калі мы ў Езусе Хрысце, а Ён у нас, нам не трэба баяцца асуджэння. Ані анёлы ў небе, ані людзі на зямлі, ані дэманы ў пекле, ані іншае стварэнне не можа нам пашкодзіць, бо нішто не можа нас адлучыць ад любові Божай у Езусе Хрысце. Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце мы можам усё: аддаць пашану і хвалу Айцу ў еднасці з Духам Святым, стацца святымі і быць для нашых бліжніх водарам вечнага жыцця.
[62] Калі мы будзем па-сапраўднаму ўшаноўваць Найсвяцейшую Дзеву, то гэта толькі дзеля таго, каб больш дасканала ушаноўваць Езуса Хрыста. Гэта толькі дзеля таго, каб даць лёгкі і пэўны спосаб знайсці Езуса Хрыста. Калі б ушанаванне Святой Дзевы аддаляла ад Езуса Хрыста, яго трэба было б адкінуць як падман д’ябла. Але ўсё наадварот, як я ўжо паказаў і яшчэ пакажу пазней, гэтая форму ўшанавання патрэбная нам, каб дасканалым чынам знайсці Езуса і пяшчотна Яго любіць і верна Яму служыць.
Пытанне: ці верны ты сваёй пастанове штодня быць з’яўднаным з Езусам? Калі не, што аддаляе цябе ад Яго?
На заканчэнне: малітва святога ружанца.