Дваццаць трэці дзень: дасканалы шлях.

   Малітва:

Вітай, Зорка мора, Маці Хрыста-Бога,
Панна найчысцейша, верным дапамога.
     Ты, што прывітана словам Габрыэля,
     Умацуй нас ў веры, усім спашлі надзею.
Вызваль з путаў грэху, аддалі нядолю
I напоўні сэрцы нашы супакоем.
     I прасі, о Панна, Ты за нас Езуса,
     Каб мы захаваны былі ад спакусаў.
Маці ласкі Божай, будзь для нас узорам -
Вызваленым з грэху, дай жыць у пакоры.
     Памажы, Марыя, нам знайсці дарогу,
     Што вядзе да Неба, да яднання з Богам. 

a) Кожны з нас з’яўляецца вандроўнікам, які вяртаецца да Айчыны, да Дому Айца.  

b) Кожны шукае самага лепшага і самага надзейнашага шляху.

c) Ты, Маці Божая, вядзеш мяне самым простым шляхам. Я іду, трымаючы Цябе за руку. Дарога цяжкая і цвёрдая, але побач з Табой лягчэй пакінуць неўпарадкаваныя жаданні, дрэнныя схільнасці і любоў да сябе. Побач з Табой, якая так шмат пакутвала, цярпенне не такое горкае. Дарога доўгая, але разам з Табой крочыцца хутчэй і спакуса не так адцягвае, бо Ты асцерагаеш ад пастак і небяспекаў. Твая любоў асалоджвае абцяжарваючую штодзённасць.

d) Маці Божая, што б Ты зрабіла цяпер, тут, на маім месцы? Як бы Ты Сябе паводзіла? Якая была б Твая рэакцыя на гэтыя цяжкасці, гэтыя спакусы? Як бы Ты малілася, працавала, цярпела? Увайдзі,  Маці, у маё жыццё, каб Ты ім кіравала так, як Сваім уласным жыццём.  

 

Чытанне:

Лк 8, 19-21: "Прыйшлі да Яго Маці  Ягоная  і  браты  Ягоныя.  І не маглі наблізіцца да Яго з-за натоўпу. Тады паведамілі Яму: «Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы ўбачыць Цябе».  Ён  сказаў ім у адказ: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго».

 

Св. Л. дэ Манфор “Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы Марыі” 152. 155. 157. 164-165:

[152] Гэта шлях, які Езус Хрыстус праклаў, прыйшоўшы да нас. На гэтым шляху няма ніякіх перашкодаў, каб ісці да Яго. Канешне, можна ісці да еднасці з Богам і іншымі шляхамі, але гэта будзе крочанне праз вялікія крыжы, цяжкія ўтаймаванні плоці і шматлікія іншыя перашкоды, якія нельга так лёгка перамагчы. Трэба будзе прайсці праз цёмныя ночы, праз цяжкую барацьбу, стромыя горы, вострыя церні і жудасныя пустэльні. А шляхам Марыі ідуць мякка і спакойна.

[155] Гэтае ўшанаванне Найсвяцейшай Дзевы з’ўляецца кароткім шляхам, каб знайсці Езуса Хрыста, таму што на гэтым шляху нельга заблукаць і таму, што, як я ўжо сказаў, па ім крочыцца з радасцю і лёгкасцю, а таму шмат хутчэй. У адданасці і залежнасці ад Марыі ідзеш шмат хутчэй, чым жывучы доўгія гады, абапіраючыся на ўласную волю і на сябе самога. Таму што чалавек, паслухмяны і падданы боскай Марыі, будзе выхваляць перамогу над усімі ворагамі. Праўда, тыя захочуць перашкодзіць яму ісці наперад, або прымусіць павярнуць назад, або пхнуць, каб ён упаў. Але з дапамогай і кіраўніцтвам Марыі яны не ўпадуць, не павернуць назад і нават не спозняцца, а вялікімі крокамі будуць ісці да Езуса Хрыста тым самым шляхам, якім, як напісана, Езус прыйшоў да нас вялікімі крокамі і ў кароткі час.

[157] Гэтае практыкаванне ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы з’яўляецца дасканалым шляхам, каб ісці і з’яднацца з Езусам Хрыстом, таму што боская Марыя — самае дасканалае і святое з усіх чыстых стварэнняў, а Езус Хрыстус, які прыйшоў да нас самым дасканалым шляхам, не абраў іншага дзеля свайго вялікага і цудоўнага вандравання.

[164] Гэтае практыкаванне ўшанавання Найсвяцейшай Дзевы з’яўляецца дасканалым шляхам, каб ісці і з’яднацца з Езусам Хрыстом, таму што боская Марыя — самае дасканалае і святое з усіх чыстых стварэнняў, а Езус Хрыстус, які прыйшоў да нас самым дасканалым шляхам, не абраў іншага дзеля свайго вялікага і цудоўнага вандравання.

  [165] Таму можаце быць упэўненыя: чым больш вы будзеце ўглядацца ў Марыю ў сваіх малітвах, кантэмпляцыі, дзейнасці і пакутах, хоць і не зусім ясна і выразна, але агульна і незаўважна, тым лягчэй вы знойдзеце Езуса Хрыста, які заўсёды з Марыяй, вялікі, магутны, дзейсны і неспасцігальны. Ён у Ёй больш, чым у небе ці іншым стварэнні сусвету. Таму Марыя, цалкам пагружаная ў Бога, не можа стаць перашкодай, каб імкнуцца да еднасці з Богам. І ніколі не было і не будзе больш дасканалага стварэння, якое б найлепш дапамагала нам у гэтым вялікім імкненні. І Марыя надзяляе дзеля гэтага сваімі ласкамі. І, як кажа святы, ніхто не быў напоўнены думкамі Божымі, як толькі праз Марыю: «Nemo cogitatione Dei repletur nisi per te». З іншага боку, Яна абараняе нас ад ілюзіяў і падману злога духа.