ПЕРШЫ ТЫДЗЕНЬ:
7 ДЗЁН КАБ ПАЗНАЦЬ САМОГА СЯБЕ
* прайсці гэты этап з пакорай,
супакоем сэрца,
жаданнем убачыць праўду;
* галоўнае не ў тым, каб я ўбачыў сам сябе, а дазволіць,
каб Езус і Марыя з
любоўю паглядзелі на мяне.
ПЕРШЫ ДЗЕНЬ:
ахрышчаныя ў Хрыста.
Малітва да Святога Духа
Прыйдзі, Стварыцель
Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.
Названы Суцяшыцелем,
Ты — найвышэйшы Бога дар,
Жыцця крыніца і любоў,
І узмацненне нашых душ.
Ты спасылаеш сем дароў,
Бо маеш сілу ад Айца.
Праз Сына абяцаны нам,
Ты мноствам моваў прамаўляў.
Сваёю ласкай асвяці
Сэрцы і розум нашыя,
І целы нам аздараві,
І нашы цноты узмацняй.
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі
І прабачэнне грэшным дай.
Дай праз Цябе Айца пазнаць
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Богу Айцу хвала заўжды
І Сыну уваскрэсламу.
Суцяшыцелю, Табе
Хвала на вечныя вякі. Амэн.
Біблійнае чытанне: Рым 6, 3-11
Ключавыя словы і фразы для разважання
* «Ахрышчаныя
ў Езуса Хрыста»
* «У
смерць Ягоную ахрысціліся»
* «Былы наш чалавек укрыжаваны з Ім»
* «Павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення»
* «Так і вы лічыце сябе
мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе»
3 Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? 4 Дык вось, мы пахаваныя разам з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці. 5 Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення, 6 ведаючы, што былы наш чалавек укрыжаваны з Ім для таго, каб было знішчана грэшнае цела, каб нам не быць ужо нявольнікамі граху; 7 бо той, хто памёр, вызваліўся ад граху. 8 Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, 9 ведаючы, што Хрыстус, які ўстаў з мёртвых, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады. 10 Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве для Бога. 11 Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе.
Чытанне святога Людвіка дэ Манфора: Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы 127
Ключавыя словы і фразы для разважання:
Не
забываемся пра абяцанні святога хросту:
* «вырачыся сатаны»
* «вырачыся яго пыхі»
* «вырачыся яго справаў, не
рабіць зла, як ён»
[127] Людзі, кажа святы Тамаш, падчас хросту абяцаюць вырачыся д’ябла і яго пыхі: «In baptismo vovent homines abrensuntiare diabolo et pompis ejus». І гэтае абяцанне, кажа святы Аўгустын, самае вялікае і неабходнае: «Votum maximum nostrum quo vovimus nos in Christo esse mansuros» (Epis. 59 ad Paulin). Тое самае кажуць канонікі: «Proecipuum votum est quod in baptismate facimus». Аднак хто трымае гэтае вялікае абяцанне? Хто застаецца верны абяцанням Святога Хросту? Ці не амаль усе хрысціяне не захоўваюць вернасці таму, што яны абяцалі Езусу Хрысту падчас хросту? Адкуль бярэцца гэтая агульная маральная распуста, як не адтуль, што мы жывем, не памятаючы абяцанняў і абавязкаў Святога Хросту? І амаль ніхто самастойна не замацоўвае дамовы з Богам, учыненай праз хросных бацькоў!